19 красавiка 2024, Пятніца, 9:41
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Афіцэр УСУ: Усё расейскае войска можа здзейсніць «жэст добрай волі»

11
Афіцэр УСУ: Усё расейскае войска можа здзейсніць «жэст добрай волі»
Аляксей Гецьман

Ёсць два сцэнары развіцця вайны ва Украіне.

На фоне таго, што ў Расеі няма відавочных поспехаў на фронце ва Украіне, Крэмль спрабуе разгайдаць Малдову. Якія планы могуць быць у Расеі ў гэтай краіне? На гэтае і іншыя пытанні сайту Charter97.org адказаў маёр запасу Узброеных сіл Украіны, ветэран расейска-ўкраінскай вайны Аляксей Гецьман.

- Яшчэ некалькі тыдняў таму з'явілася інфармацыя аб тым, што ў Малдове плануецца дзяржаўны пераварот. Для гэтага група «кадыраўцаў» збіралася прабрацца ў Кішынёў. Вось і на днях у сталіцы Малдовы былі антыўрадавыя мітынгі, інспіраваныя расейцамі.

Яны хочуць паглядзець, якой будзе рэакцыя міжнароднай супольнасці на тое, што адбываецца ў Малдове. Хочуць справакаваць Украіну, каб УСУ давялося ўмяшацца, калі ў суседняй краіне пачнуцца баявыя дзеянні. Цяпер мы сочым за развіццём сітуацыі ў Прыднястроўі. Відавочна, што тое, што адбываецца, там ідзе з падачы РФ, аплачанае ёй і кантралюецца Крамлём.

- Ці ўяўляюць небяспеку расейскія вайскоўцы, якія знаходзяцца ў Прыднястроўі?

- Аператыўная група вайскоўцаў Расеі, якая знаходзіцца ў Прыднястроўі пад вёскай Каўбаснай, невялікая. Гэта прыкладна дзве тысячы чалавек, якія могуць несці вайсковую службу, весці баявыя дзеянні. Ад 6 да 10 тысяч, паводле рознай інфармацыі, займаюцца абслугоўваннем — працай, не звязанай з вайсковай службай.

Гэта рэшткі 14-ай расейскай арміі, якая адтуль выйшла ў 1995-м годзе. Там знаходзяцца 150 гектараў складоў пад вёскай Каўбаснай. На гэтых складах - блізу 20 тысяч тон розных набояў, узбраенняў. Гэтая групоўка там знаходзіцца, каб ахоўваць склады. Наступаць, атакаваць, весці баявыя дзеянні з гэтай групоўкай практычна немагчыма.

Многія з тых, хто ў ёй служыць, нарадзіліся ў 1990-я, 2000-я гады. Фактычна, яны малдаване, якія там працуюць за заробак. Хоць і маюць расейскія пашпарты і вайсковыя білеты, але іх наўрад ці можна дакладна пазіцыянаваць, як расейцаў. Яны і блізка не будуць ваяваць за «расейскі свет», «расейскі дух». Яны проста зарабляюць грошы і калі пачнуцца баявыя дзеянні, то ўдзельнічаць у іх яны не будуць.

- Ці можа Расея паспрабаваць вывезці зброю і боепрыпасы з Прыднястроўя?

- Паспрабаваць можа, але вывезці - не. Гэтая тэрыторыя, можна сказаць, практычна анклаў. Вывезці праз Малдову ў іх дакладна не атрымаецца, праз Украіну - тым больш. Хутчэй за ўсё, жаданне ў іх ёсць, але тут дыстанцыя вялізнага памеру паміж жаданым і рэальнасцю.

- Доўгі час моцнай зброяй расейцаў былі масаваныя ўдары. Чаму іх няма цягам трох тыдняў?

- Расея рыхтуецца. У Чорнае мора выйшлі на баявое дзяжурства пяць караблёў, якія могуць несці крылатыя ракеты «Калібр». На розных аэрадромах яны разгрупавалі стратэгічную авіяцыю, асноўныя тры тыпы бамбавікоў. Расея гатовая да атакі. Цяпер тэстуюць нашу супрацьпаветраную абарону. Бо запас дальнабойных і высокадакладных ракет у іх ужо крытычна маленькі.

Людзей яны не берагуць, а зброю эканомяць. Расейскія маці жаўнераў нараджаць могуць, а зброю пакуль яшчэ нараджаць не навучыліся. Крэмль баіцца застацца ўвогуле без ракет.

Расейцы выдаткавалі да 90% некаторых вельмі дарагіх сваіх ракет на тое, каб падарваць энэргетычную інфраструктуру Украіны. Тым не менш, выніку яны не дабіліся. Энэргетыка наша жывая, а ракеты, у залежнасці ад класіфікацыі, каштуюць мільёны даляраў.

Вось страляюць яны такой ракетай па падстанцыі, прычыняць невялікую фінансавую шкоду, а мы рамантуем гэтыя станцыі менш чым за дзень. Ваеннай, эканамічнай логікі ў гэтым няма ніякай. Крэмль гэта робіць для таго, каб украінцам унутры краіны, як кажуць у Адэсе, папсаваць нервы.

- Цяпер у Кітаі знаходзіцца Лукашэнка, амерыканскі Інстытут вывучэння вайны звязвае яго візіт з тым, што беларускі дыктатар можа пачаць дапамагаць вазіць зброю з Кітая ў Расею. Наколькі магчымы такі сцэнар, што Пекін будзе дапамагаць Крамлю са зброяй?

- Так, так і будзе. Спачатку Пекін прапанаваў «мірны план» з 12-ці пунктаў, які, калі казаць не дыпламатычнай мовай, проста быў высмеяны. Гэта былі 12 пунктаў ні пра што. Тады яны перайменавалі яго ў «пазіцыю Кітая». Іх папярэдзілі нашыя сябры з ЗША, што калі Кітай пяройдзе «чырвоныя лініі», то сутыкнецца з пэўнымі цяжкасцямі, санкцыямі.

Зразумела, што для Кітая Расея - гэта прыкладна, не хачу пакрыўдзіць беларусаў, як Беларусь для РФ. Яны не бачаць у ёй нейкага сур'ёзнага канкурэнта ці партнёра. Расея расказвае ўнутры краіны, якая яна вялікая. Нават шмат людзей у Беларусі і Украіне чамусьці ў гэта вераць.

Але варта адкрыць тую ж «Вікіпедыю» і паглядзець валавы ўнутраны прадукт, які вырабляецца ў Расеі і параўнаць яго з ВУП іншых краін. Дык вось, расейскі ВУП - на ўзроўні Бразіліі, менш, чым у Брытаніі, Нямеччыне, Італіі. Калі параўноўваць з ЗША ці Кітаем, то РФ у 15-20 разоў вырабляе менш тавараў і паслуг. Яе эканоміка ў разы слабейшыя. Нават бюджэт Пентагона прыкладна ўтрая большы, чым бюджэт РФ.

Натуральна, што Кітай не хоча сварыцца з Амерыкай праз Расею. Паміж кіраўніцтвам Кітая і Амерыкі была ўкладзеная неафіцыйная дамова. Нядаўна лідары гэтых краін сустракаліся. Яны вызначылі, што свет стаў двухполюсным. На адным полюсе - Кітай, на іншым - ЗША. Такую выснову можна зрабіць з гэтых сустрэч. Далей яны будуць змагацца за лідарства, але ў гэтым двухполюсным свеце Расея ўвогуле не праглядаецца.

Лукашэнка прыехаў, каб дамовіцца з Кітаем пра пастаўкі зброі праз Беларусь у Расею. Для таго, каб Кітай мог абысці санкцыі, якія могуць быць на яго накладзены ў выніку супрацоўніцтва з РФ.

Не думаю, што нават пастаўляючы нейкую зброю ў Расею праз Беларусь, Кітай можа неяк істотна палепшыць сітуацыю для Крамля на фронце ва Украіне ці зарабіць грошай. Размова ідзе аб сумах у раёне хібнасці. Для Кітая гэта не прынцыпова.

Гэта прынцыпова для дыктатара Лукашэнкі. Кажучы простай ваеннай мовай, Лукашэнка захацеў проста падлабуніцца да Пуціна. Паказаць яму сваё хаўрусніцтва, дапамагчы.

Думаю, што Кітай не пойдзе на канфлікт з ЗША і ўсім цывілізаваным светам праз Расею. Для Кітая РФ гэтага не варта.

- Чаго нам чакаць ад ходу вайны найбліжэйшым часам?

- Ад Міністэрства абароны Украіны, кіраўнікоў Галоўнай управы выведкі ідзе супярэчлівая інфармацыя. Генералы мяркуюць, што вайна можа скончыцца нават да канца лета. Іншыя думаюць, што яна расцягнецца на некалькі гадоў. Маюць рацыю і тыя, і тыя, як бы гэта дзіўна не гучала.

Справа ў тым, што калі ідзе размова аб заканчэнні вайны да канца лета, то пра гэта кажа наша выведка - Кірыл Буданаў (начальнік Галоўнай управы выведкі Міністэрства абароны Украіны - заўв.). Ён гаворыць, што перамога будзе дасягнутая ваенна-палітычным чынам.

Вядома, што мы плануем сур'ёзныя контрнаступальныя дзеянні. Нашыя партнёры па NATO, Інстытут даследавання вайны, кажа пра тое, што мы павінныя вызваліць максімальную колькасць тэрыторыі. Тады расейцы пад ціскам УСУ, санкцыяў, выведуць свае войскі з Украіны.

Міністр абароны Вялікай Брытаніі казаў, што цяпер на лініі фронту засяроджана 97% баяздольнага расейскага войска. Гэта не толькі яго назіранне, але і іншых выведак. Гэта азначае, што вайскоўцы, якія цяпер ваююць, — гэта практычна ўсё расейскае войска. Гэта ўся расейская тэхніка: браня, артылерыйская. Ніякіх складоў, запасаў у іх больш няма. Яны выцягнулі ўвесь металалом, што ў іх быў.

Калі яны пойдуць у наступ, а мы пойдзем у контрнаступ, УСУ могуць проста разбіць усё расійскае войска. Пра якую вайну тады можна будзе гаварыць, калі не будзе з кім ваяваць. Расейскага войска проста не будзе.

Яны гэта разумеюць і калі іх наступ не прынясе вынікаў, то цалкам магчыма, што РФ проста выведзе свае войскі пасля нашага контрнаступу, як яны рабілі гэта каля Херсона. Яны называюць гэта «жэстамі добрай волі».

Калі яны гэтага не зробяць і застануцца весці абарончыя баі, то, зразумела, да канца года мы не зможам іх выціснуць з нашай тэрыторыі. Тады вайна можа расцягнуцца яшчэ на некалькі год. Гэта будзе ўжо больш пазіцыйная вайна.

Увогуле, абодва прагнозы пра тэрміны заканчэння вайны правільныя. Усё залежыць ад таго, як сябе павядзе Расея пасля контрнаступу УСУ.

Напісаць каментар 11

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках