20 красавiка 2024, Субота, 13:54
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Андрэй Ажароўскі: З БелАЭС можа адбыцца нешта нядобрае

15
Андрэй Ажароўскі: З БелАЭС можа адбыцца нешта нядобрае
Андрэй Ажароўскі

У станцыі ў Астраўцы ёсць шмат дэфектаў.

Паводле звестак літоўскай выведкі, у траўні 2022 года на АЭС у Астраўцы былі знойдзеныя трэшчыны ў зварных швах корпуса рэактара аднаго з блокаў. Таксама быў зменены хімічны склад вады ў першым цыркуляцыйным контуры, які ахалоджвае рэактар другога энэргаблока. Рэжым Лукашэнкі і карпарацыя «Расатам» утаілі інцыдэнты і дэфекты рэактарных сістэм БелАЭС.

Мінэнэрга Беларусі назвала інфармацыю Літвы аб БелАЭС «мэтанакіраванай акцыяй для дыскрэдытацыі праекта». Але пры гэтым ведамству давялося прызнаць, што з АЭС не ўсё ў парадку і яна мае патрэбу ў рамонтах.

Сайт Charter97.org папрасіў вядомага расейскага фізіка-ядзершчыка Андрэя Ажароўскага пракаментаваць гэтую інфармацыю:

- Трэба адзначыць, што дэфекты і інцыдэнты - гэта розныя рэчы. Калі мы гаворым пра інцыдэнты, то гэта выкід радыеактыўных рэчываў у навакольнае асяроддзе. Калі яны былі, то трэба разбірацца, адкуль і як іх вымераць. У дакументах, якія ў мяне ёсць, я не знайшоў інфармацыю аб інцыдэнтах. Дэфекты - тое, што можа прывесці да інцыдэнтаў, пра іх асобна трэба казаць.

Па-першае, нічога новага для «Расатама» і, прынамсі, беларускай атамнай станцыі, якую ён пабудаваў, у наяўнасці дэфектаў я не бачу. Калі глядзець ранейшыя справаздачы расейскага кантрольнага органа, Растэхнагляда, то там так і напісана «дэфекты вырабу з'яўляюцца адной з прычын парушэнняў у рабоце атамных станцый Расеі». Гэта не нешта дзіўнае, пра што нельга было падумаць. Тое, што «Расатам» будуе атамныя станцыі нізкай якасці, вядома ўсім, акрамя прапагандыстаў самога «Расатама» і яго агентаў, у тым ліку і ў Беларусі.

Ці маглі гэта ўтаіць? Вядома, маглі. Мы ведаем пра два сур'ёзныя парушэнні пры будаўніцтве БелАЭС, калі рэактар выпусцілі з вышыні чатырох метраў ці больш, а таксама калі пры транспартаванні ўдарылі аб чыгуначны слуп. Аб гэтым ні беларускія ўлады, не наглядныя органы, ні заказчык будаўніцтва станцыі, Міністэрства энэргетыкі Беларусі, не паведамлялі. Мы, актывісты «Беларускай антыядзернай кампаніі», даведаліся пра гэтыя сур'ёзныя здарэнні ад відавочцаў.

Гэта стандарт беларускіх атамшчыкаў, узяты ад расейскіх калегаў, нічога не паведамляць, запускаць рэжым сакрэтнасці. Таму я не магу пацвердзіць звесткі літоўскай выведкі, але выглядае ўсё дастаткова праўдападобна. У «Расатама» могуць быць дэфекты, а беларускія ўлады могуць уступіць у змову з расейскімі і ўтаіць як здарэнне, так і вось гэтыя самыя пашкоджанні дзейнага энэргаблока.

Ускосным сведчаннем гэтаму можа быць тое, што рэактар працуе горш, чым абяцалі. Працяглыя прастоі, частыя выключэнні, пазапланавыя прыпыненні, пазапланавыя рамонты могуць з'яўляцца паказчыкам таго, што атамшчыкі спрабуюць там нешта паправіць, наладзіць на ўжо запушчаным рэактары. Гэта вельмі дрэнна, бо такія дэфекты трэба выяўляць на стадыі будаўніцтва і не дапускаць уводу ў эксплуатацыю абсталявання, у якім існуюць дэфекты.

Я яшчэ нагадаю, што былі паведамленні беларускіх «кіберпартызан», якія змаглі знайсці дакументы пра турбінны будынак, не пра сам рэактар, а іншыя часткі атамнай станцыі, дзе колькасць недаробак і дэфектаў вылічалася дзясяткамі тысяч. Не ўсе яны былі сур'ёзнымі, былі выпадкі, калі не так былі ўкручаныя лямпачкі ці не там стаялі выключальнікі. Але былі і суцэль сур'ёзныя, напрыклад - працёкі атмасферных ападкаў у будынку паравой камеры, важнай для бяспекі. Так што дэфекты на Беларускай атамнай станцыі ёсць, я ўпэўнены ў гэтым.

- Што можна сказаць аб такім стаўленні да будаўніцтва падобнага аб'екта і якія могуць быць наступствы?

- Такое стаўленне дастаткова стандартнае, атамшчыкі імкнуцца вывесці сябе з-пад кантролю грамадства, бо ім няёмка, калі іх кантралююць. Да іх з боку грамадскасці выстаўляюцца падвышаныя патрабаванні па адным простым чынніку: аварыя на атамнай станцыі непараўнальна больш небяспечная, чым аварыя, напрыклад, на газавай станцыі такой жа магутнасці. Калі нешта пойдзе не так з газавым абсталяваннем, гэта будзе, вядома, дрэнна, пацярпяць супрацоўнікі. Калі нешта пойдзе не так на атамнай станцыі, памятаем па Чарнобылі, што сур'ёзныя наступствы могуць быць і ў сотнях кіламетраў.

«Расатам» знайшоў слабае звяно - гэта Беларусь, дзе няма сур'ёзнага кантролю з боку заказчыка. Ну які гэта замоўца? Я ж кажу - сядзяць агенты «Расатама» ў Мінэнэрга Беларусі і вераць ва ўсе гэтыя казкі і рэкламныя абяцанні. Яны будавалі так, як маглі. А такі інцыдэнт, як падзенне рэактара, ён таксама не ўнікальны. Пры будаўніцтве першага блока Ленінградскай станцыі выпусцілі не сам корпус рэактара, а ўнутрыкарпусныя прылады. Унутры рэактара павінна ўстанаўлівацца даволі сур'ёзнае цяжкавагавае абсталяванне, у якім ужо потым размяшчаецца ядзернае паліва. Гэтыя ўнутрыкарпусныя прылады былі разбітыя таксама пры спробе ўсталявання.

Для мяне ў гэтым як для чалавека, які назірае за дзейнасцю «Расатама» ўжо даўно, вялікага здзіўлення няма. Проста крыўдна, што ў Беларусі ім гэта ўсё ўдалося без сур'ёзнага кантролю як з боку беларускага рэгулятара, гэтак і з боку грамадскасці.

Больш за тое, для мяне было такім дрэнным сігналам, калі рэжым Лукашэнкі пачаў граміць экалагічны рух. Мы ведаем, што ў нейкія ганебныя спісы ўнеслі арганізацыю «Экадом», якая была адным з удзельнікаў «Беларускай антыядзернай кампаніі». І калі тыя, хто знаходзяцца ва ўладзе, пляжаць экалагічныя арганізацыі, значыць, ім сапраўды ёсць, што ўтойваць. Значыць, гэта такі непрыемны індыкатар таго, што можа нешта здарыцца. Бескантрольнасць ніколі не прыводзіла да нечага добрага.

Напісаць каментар 15

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках