20 красавiка 2024, Субота, 4:30
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Беларусь цягам сямі гадоў можа стаць сябрам Еўразвязу»

31
«Беларусь цягам сямі гадоў можа стаць сябрам Еўразвязу»

Мы нармальная еўрапейская краіна.

У Кіеве ў пятніцу, 3 лютага, закончыўся 24-ы саміт Еўрапейскі Звяз - Украіна. Кіраўнік Еўрапейскай рады Шарль Мішэль заявіў, што Украіна стане сябрам ЕЗ.

Як гэта паўплывае на наш рэгіён? Чаму будучыня Беларусі - у ЕЗ і NАТО? Як уступленне ў Еўразвяз зменіць жыццё простага беларуса?

Пра гэта і не толькі сайт Charter97.org пагаварыў з каардынатарам грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Змітром Бандарэнкам.

- Па-першае, неабходна адзначыць, што ў Кіеў падчас вайны прыехала практычна ўсё кіраўніцтва Еўразвязу. Таксама было некалькі еўракамісараў.

Такім чынам ЕЗ паказвае, наколькі важная для яго Украіна і робіць заяву аб поўнай сваёй падтрымцы ўкраінскага народа ў такі складаны перыяд.

Украіна атрымала запэўненне ў тым, што яе бачаць часткай Еўрапейскага Звязу. Аднак адначасова з гэтым кажуць, што гэта будзе пасля вайны і ў выпадку правядзення эканамічных рэформ урадам краіны, найперш — барацьбы з карупцыяй.

Мне здаецца, што ўваход Украіны ў ЕЗ можа адбыцца на працягу 5-7 гадоў. Перад уступленнем (пра гэта ішла размова на саміце ў Кіеве) Украіна можа атрымаць так званы прамысловы бязвіз - калі яе тавары будуць бязмытна або з мінімальнымі мытамі дапушчаныя на рынак ЕЗ. Цяпер гэта адбываецца падчас вайны і можа працягнуцца да ўступлення Украіны ў гэтае аб'яднанне і, безумоўна, гэта вельмі выгадна для ўкраінскай эканомікі.

- Вы прадстаўляеце грамадзянскую кампанію «Еўрапейская Беларусь», якая выступае за ўступленне нашай краіны ў ЕЗ і NАТО. Чаму вы думаеце, што Беларусь павінна ісці шляхам еўраінтэграцыі, а не быць, напрыклад, мостам паміж Захадам і Усходам?

- Нягледзячы на такую прыгожую метафару, напэўна, людзі не хочуць жыць ні на мосце, ні пад мостам, а хочуць жыць ва ўласных дамах ці ў вельмі добрых кватэрах, у якіх жыве большасць жыхароў краін Еўразвязу. У нас сёння няма іншага выйсця, як ісці ў ЕЗ і NАТО.

Мы ведаем, што Расея, якая не гарыць любоўю да краін Балтыі, асабліва да Эстоніі, не напала на іх (хоць заваяваць іх было б дастаткова проста) таму, што гэтыя краіны з'яўляюцца чальцамі NАТО. Напад на адну краіну азначае ўключэнне ў барацьбу ўсяго Альянсу. Менавіта ўступленне ў ЕЗ і NATO забяспечыць паступовае развіццё беларускай эканомікі, будзе гарантаваць яе бяспеку, у тым ліку - ядзерную, а таксама нясе перспектывы і дабрабыт для беларусаў, іх прававую абароненасць.

Яшчэ хачу дадаць, што нейкімі асаблівымі быць не трэба. Напраўду, мы такая сярэдняя еўрапейская краіна і важна разумець, што сёння Беларусь насельніцтвам — гэта 2% ад усяго насельніцтва ЕЗ і дзясятыя долі адсотка ад ВУП Еўразвязу. Нам трэба рухацца ў правільным кірунку менавіта для таго, каб беларусы мелі перспектывы добрага жыцця.

- Ці не атрымаецца так, што Беларусь ператворыцца ў адсталы рынак збыту для ЕЗ, улічваючы стан эканомікі і прамысловасці, які мы маем?

- Было б добра, калі б мы сталі такім рынкам збыту еўрапейскіх тавараў. Еўразвяз — гэта напраўду ўзаемавыгаднае прадпрыемства. Краіны ЕЗ атрымліваюць мільярды даляраў тэхнічнай дапамогі. Напрыклад, наша суседка Польшча атрымлівае на сем гадоў больш за 100 мільярдаў еўраў прамой тэхнічнай дапамогі.

Калі мы знаходзімся ў Літве, Польшчы, Балгарыі, Румыніі і іншых краінах, то бачым, што вось гэты мост пабудаваны на грошы ЕЗ, гэты музей быў рэканструяваны, дзякуючы дапамозе ЕЗ, гэтая дарога была пабудаваная на грошы Еўразвязу і гэтак далей.

Для таго, каб не быць якраз гэтым адсталым кутком Еўропы, якім мы сёння з'яўляемся (таму што ў беларусаў самыя нізкія заробкі ў Еўропе, не ўлічваючы сёння ваенную Украіну), нам трэба хутка даганяць. Калі Беларусь будзе часткай ЕЗ, то зможа атрымаць перадавыя нямецкія станкі, якія дазволяць нам хуткімі крокамі рухацца ў кірунку развіцця іншых еўрапейскіх краін.

- Вы ўжо згадвалі чыннік Расеі. Многія вам скажуць, што РФ ніколі не дазволіць, каб Беларусь увайшла ў Еўразвяз. Што б вы адказалі такім людзям?

- На шчасце, Расея не валодае правам вета для ўступлення краін у ЕЗ. Так, яе меркаванне могуць улічваць, але хачу сказаць, што ў 2004 годзе адбылося вялікае пашырэнне NATO, тады краіны Цэнтральнай і Усходняй Еўропы, а таксама нашы балтыйскія суседзі ўступілі ў NATO і ЕЗ. Аднак Пуцін актыўна не пратэставаў, хаця быў у той час прэзідэнтам Расеі.

Мы зможам увайсці ў натуральныя для нас звязы, калі Расея будзе слабая. Сёння яна сама пачала вайну, якая можа прывесці да яе распаду. Урэшце вызначаць будзе беларускі народ і тыя краіны звязаў, якія даюць дабро на пашырэнне блока NATO і ЕЗ.

- Сярод некаторых беларускіх палітыкаў патрыятычнага лагера ёсць меркаванне, што «ЕЗ - гэта новы СССР, дзе мы можам страціць сваю ідэнтычнасць» і альтэрнатывай з'яўляецца Балта-Чарнаморскі звяз. Ці маюць яны рацыю??

- Пакуль палітыкі з Беларусі і Украіны ў свой час гулялі і ў Балта-Чарнаморскі звяз, эліты Польшчы, Чэхіі, краін Балтыі ўзялі цвёрды курс на ўступленне ў вялікія еўрапейскія звязы. Ужо ў 1999 годзе Польшча, Чэхія і Вугоршчына сталі членамі NATO. Кіраўніком Польшчы тады быў прэзідэнт Аляксандр Квасьнеўскі, які ў свой час быў сябрам ЦК ПАПП (Польскай аб'яднанай працоўнай партыі).

Эліты Польшчы разумелі, наколькі выгадна і абавязкова для іх краіны стаць сябрам вось гэтых цывілізаваных звязаў. Бо тут узнікаюць пытанні: хто будзе плаціць за Балта-Чарнаморскі звяз? Адкуль ён будзе браць грошы, узбраенні? Хто будзе эканамічным маторам гэтага аб'яднання?

Калі мы станем часткай ЕЗ і NATO, то могуць быць рэгіянальныя ўтварэнні, напрыклад - Вышаградская група. З часам можа быць і Балта-Чарнаморскае аб'яднанне або шырэйшае аб'яднанне АБЧ - краіны Адрыятычнага, Балтыйскага і Чорнага мораў. Яны могуць мець нейкія рэгіянальныя адрозненні толькі ў складзе вялікага звязу.

Якраз неабходна быць звычайнымі еўрапейскімі краінамі. Не перамудрыць у гэтым пытанні, таму што куды мы дзенемся? Усе нашы суседзі - чальцы ЕЗ і NATO. І Украіна ім будзе. Дзе будзе Беларусь са сваім не такім вялікім эканамічным патэнцыялам? Нашае месца ў Еўропе.

- Давайце яшчэ пагаворым аб NATO. Растлумачце, навошта Беларусі ўступаць у Альянс? Хтосьці кажа аб «швайцарскай мадэлі» нейтральнай і пазаблокавай краіны. Гэта магчыма ці не?

- Зараз - не. Мы бачым, што краіны са шматсотгадовым досведам, як Швэцыя ці шматдзесяцігадовым досведам нейтральнасці, як Фінляндыя, ужо сёння з'яўляюцца чальцамі ЕЗ і заявілі аб неабходнасці хуткага ўступлення ў Паўночнаатлантычны Альянс. Там ёсць складанасці, Турцыя блакуе, але тым не менш яны свой выбар зрабілі.

Швайцарыя — гэта асаблівая краіна, хаця б таму, што з'яўляецца самай горнай дзяржавай прапарцыйна ў Еўропе. Краіна, дзе ёсць нямецкія, італьянскія, французскія кантоны. Гэта вельмі спецыфічныя ўтварэнні. Нейтральнасць Швайцарыі захоўваецца дзякуючы традыцыям і геаграфіі.

У нашай краіне - 90% беларусаў. Пры ўсёй разнастайнасці, мы амаль монанацыя і раўнінная тэрыторыя. Мы ведаем, што калі краіна адмовілася ад ядзернай зброі разам з Украінай, то паводле Будапешцкага мэмарандуму нам абяцалі пэўныя гарантыі бяспекі. Мы бачым, што гэта ніяк не выконваецца, таму, як я казаў спачатку, каб не стаць ахвярай нападу суседа з Усходу ці каб на нашу тэрыторыю не прыйшоў хаос, калі Расея будзе распадацца ці трансфармавацца, нам трэба мець трывалую абарону, у тым ліку - і ядзерную.

Большасць краін Еўропы невялікія. Мы таксама насельніцтвам і па плошчай, калі ўвойдзем у ЕЗ, то будзем 15-й краінай. Плошчай мы большыя, чым Бэльгія, Нідэрланды, Люксембург, Данія і Швайцарыя разам узятыя.

Гэтую тэрыторыю трэба абараняць і лепей бы дзейнічаць ва ўмовах Альянсу. Мы бачым, што Украіна пераходзіць на стандарты NATO. У нас ёсць абаронны патэнцыял, свой ваенна-прамысловы комплекс. Каб мы выраблялі тавары, прадукцыю, узбраенні паводле перадавых тэхналогій, стандартаў, мы павінны знаходзіцца ў NATO, якое, калі казаць простымі словамі, гарантуе бяспечнае жыццё для грамадзян Беларусі.

- Вы ўжо назвалі лічбу 5-7 гадоў для Украіны. Гледзячы на досвед еўрапейскай інтэграцыі іншых краін, наколькі мы можам хутка прайсці гэты шлях?

- Безумоўна, з моманту падзення рэжыму Лукашэнкі і вываду расейскіх акупацыйных войскаў з нашай тэрыторыі, з моманту аднаўлення дэмакратыі ў Беларусі - да 10 гадоў. Тут якраз знаходжанне побач Украіны нам можа паскорыць гэтым шлях. Украіна, канешне, раней пачала рух у бок Еўропы і NATO, але яе эканоміка значна пацярпела ад вайны. Мы меншыя па тэрыторыі, лепш арганізаваныя. Разам з Украінай мы можам прайсці гэты шлях хутчэй, чым калі б мы рухаліся самі.

Геаграфічная логіка патрабуе выраўноўвання межаў на Усходзе, каб яна была агульная. Таксама эканамічная будучыня Беларусі будзе залежаць, на мой погляд, ад рэалізацыі інфраструктурных транзітных праектаў, у тым ліку - па лініі Поўнач-Поўдзень, ад Скандынавіі да Чорнага і Адрыятычнага мораў. Інфраструктурныя праекты значна лягчэй будуць ісці, калі Беларусь будзе чальцом ЕЗ, як краіны Скандынавіі, Балтыі і Украіна.

Гэта будзе зразумела і для кіраўнікоў Еўропы, і для вядучых еўрапейскіх карпарацый, што важна, каб на гэтай тэрыторыі былі агульныя правы, законы, эканамічныя правілы, тэхналагічныя стандарты.

Мы мусім выкарыстоўваць гэтыя магчымасці, каб з усімі нашымі суседзямі знаходзіцца ў перадавым эканамічным саюзе.

- Мы казалі пра тое, што ЕЗ можа прапанаваць беларусам. Што Беларусь як краіна можа прапанаваць вялікай еўрапейскай сям'і?

- У першую чаргу Беларусь мае выгаднае геаграфічнае становішча. У нас скрыжаванне такіх дарог з Поўначы на Поўдзень і асабліва - з Захаду на Усход.

Беларусь не з'яўляецца нейкім абцяжарвальным чыннікам для ЕЗ. Такая сярэдняя нармальная еўрапейская краіна паводле плошчы. У нас высокаадукаваныя людзі. Цяпер вялікая колькасць беларусаў знаходзіцца ў еўрапейскіх краінах са зразумелых прычын. Гэтыя людзі атрымаюць адукацыю, еўрапейскі прадпрымальніцкі досвед. Таму інтэграцыя Беларусі ў ЕЗ будзе выгаднай для Еўрапейскага звязу, не будзе ўяўляць для яго ніякіх праблем.

Беларусь у ЕЗ абароніць усходні фланг мяжы. З іншага боку, гэта можа дапамагчы трансфармацыйным працэсам і ў Расеі. Не будзе ў іх жадання нападаць на Усход ЕЗ, калі Беларусь і Украіна будуць надзейна абароненыя. Гэта будзе ў інтарэсах усіх краін, у тым ліку - краін Еўразвязу і расейцаў.

Напраўду, уваходжанне Беларусі ў ЕЗ - гэта варыянт, які будзе выгадны ўсім. І беларусам, і ЕЗ, і Расеі, якая будзе займацца сваімі пытаннямі - абсталёўваць Урал, Сібір і гэтак далей, імкнуцца да дэмакратычных стандартаў.

У яе не застанецца ўжо спадзяванняў забраць тое, што дрэнна ляжыць. Гэта прывядзе да стабілізацыі сітуацыі ва ўсёй Еўразіі.

Напісаць каментар 31

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках