29 сакавiка 2024, Пятніца, 17:48
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Нарвэгія стане адным з найбольшых донараў Украіны

1
Нарвэгія стане адным з найбольшых донараў Украіны

Осла можа выдаць Кіеву ў наступныя пяць гадоў $ 7,3 млрд.

Нарвэгія можа выдаць Украіне ў наступныя пяць гадоў 75 млрд крон ($ 7,3 млрд), а грошы на гэта ўзяць са свайго Пенсійнага фонду - найбольшага ў свеце суверэннага інвестыцыйнага фонду на суму $ 1,3 трлн.

У панядзелак прэм'ер-міністр краіны Ёнас Гар Сторэ абмеркаваў з парламенцкімі партыямі план выдаткавання па 15 млрд крон штогод на працягу пяці гадоў на дапамогу Украіне ў вайсковым ды іншых абсягах. Аб гэтым ён паведаміў агенцтву Bloomberg, дадаўшы, што Кіеў зможа скарыстацца грашыма на ўласнае меркаванне, у залежнасці ад патрэб.

Лідэры дзвюх партый, якія не ўваходзяць ва ўрад, сказалі, што станоўча ацэньваюць яго план.

Сторэ падкрэсліў важнасць доўгатэрміновых абавязанняў, якія бярэ на сябе Нарвэгія, "яны прадэманструюць украінцам нашу ахвоту падтрымліваць іх на працягу доўгага часу".

Нарвэжскі пакет дапамогі на $7,3 млрд стане адным з найбольшых у Еўропе і ў свеце. Галоўны донар Украіны - ЗША, у мінулым годзе яны накіравалі краіне 48 млрд еўраў ($ 51,4 млрд бягучым курсам) вайсковай, гуманітарнай і фінансавай дапамогі, паводле падлікаў Кільскага інстытута сусветнай эканомікі (звесткі на 20 лістапада). Пры гэтым прынятыя ў 2022 годзе законы прадугледжваюць выдаткаванне агулам $ 68 млрд, зазначае Цэнтр стратэгічных і міжнародных даследаванняў.

На другім месцы, паводле звестак Кільскага інстытута – Вялікая Брытанія з 7,05 млрд еўраў ($ 7,5 млрд). За ёй і будзе Нарвэгія са сваімі $7,3 млрд.

Нямеччына выдала 5,44 млрд еўраў ($5,8 млрд). Ужо ў студзені яна таксама пагадзілася паставіць Украіне БМП Marder і танкі Leopard.

Еўразвяз у цэлым надоечы ўхваліў выдачу 18 млрд еўраў на фінансаванне дэфіцыту ўкраінскага бюджэту.

Краіны ЕЗ заклікалі Нарвэгію падзяліцца з Украінай значнымі даходамі ад продажу нафты і газу, якія яна атрымала летась. І выступаючы ў парламенце ў мінулы чацвер Стор сказаў, што для дапамогі будуць «часова» скарыстаныя сродкі Пенсійнага фонду:

«Мы ўважаем гэта апраўданым, калі абвастрылася сітуацыя ў сфэры бяспекі. У нашых нацыянальных інтарэсах, каб Украіна не саступіла ў гэтай вайне, а мы маем свабоду манэўру дзякуючы незвычайнаму прыбытку ад нафтавага сэктара».

Фонд атрымлівае сродкі ад дзяржаўнай нафтавай кампаніі Equinor ды інвестуе іх у 70 краінах. У яго партфелі акцыі прыкладна 9000 кампаній, яму належыць блізу 1,4% усяго сусветнага фондавага рынку, а актывы дасягаюць $ 1,3 трлн.

За першыя тры кварталы 2022 года Equinor атрымала $20,9 млрд прыбытку (звесткі за IV квартал яшчэ не апублікаваныя), тады як за ўвесь 2021 год - $10 млрд.

Урад Нарвэгіі імкнецца абмежаваць выкарыстанне сродкаў Пенсійнага фонду для бюджэтных мэт на фоне самай высокай за апошнія 30 гадоў інфляцыі. Выдача ж грошай з фонду Украіне і нарвэжскую эканоміку не разагрэе, і інфляцыю не падштурхне, мяркуе Стор.

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках