29 сакавiка 2024, Пятніца, 18:24
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Крэмль загадаў рыхтаваць бамбасховішчы па ўсёй Расеі

28
Крэмль загадаў рыхтаваць бамбасховішчы па ўсёй Расеі

Мадэрнізацыя бамбасховішчаў ідзе ўжо некалькі месяцаў.

Па ўсёй Расеі пачаліся праверкі і рамонт бамбасховішчаў у адпаведнасці з загадам Крамля мадэрнізаваць разваленую інфраструктуру часоў СССР. Пра гэта The Moscow Times расказалі некалькі дзейных і былых чыноўнікаў.

У Расеі тысячы бункераў, умацаваных скляпоў і іншых бяспечных хованак, многія з іх дзесяцігоддзямі былі закансерваваныя. Але ў той час як вайна ва Украіне задоўжылася, мясцовыя ўлады пачалі выдаткоўваць сотні мільёнаў рублёў, каб зноў зрабіць іх прыдатнымі для выкарыстання.

«Пастанова аб інспекцыі сеткі бамбасховішчаў была прынятая ўрадам яшчэ ўвесну, – сказаў адзін расейскі чыноўнік, спаслаўшыся на звесткі аб паседжаннях ураду ў гэтым пытанні. – Каманду пачаць маштабную праверку і навесці парадак атрымалі МНС, Мінабароны і [іншыя] цывільныя міністэрствы».

Хоць расейскія афіцыйныя асобы публічна не абвяшчалі пра нацыянальную кампанію мадэрнізацыі бамбасховішчаў, чыноўнікі кажуць, што яна ідзе ўжо некалькі месяцаў. The Moscow Times паразмаўляла з чатырма дзейнымі і былымі расейскімі чыноўнікамі, якія пацвердзілі, што мадэрнізацыя праводзіцца на загад з Масквы. Праверкі і рамонт пачаліся пасля ўварвання ва Украіну ў лютым 2022 года і будуць прадаўжацца ў 2023 годзе, расказаў дзейны чыноўнік, які пажадаў застацца невядомым.

Сярод іншага ўлады Краснадарскага краю выдаткуюць на рамонт бамбасховішчаў сёлета больш за 6 млн рублёў, Ніжняга Ноўгарада – 50 млн рублёў, Разані – 1 млн.

Улады Казані заявілі ў мінулым месяцы, што блізу 30% гарадскіх бамбасховішчаў непрыдатныя для размяшчэння людзей. Яны паабяцалі праверыць, ці магчыма выкарыстоўваць у якасці хованкі гарадское метро.

Існаванне дырэктывы ў мадэрнізацыі бамбасховішчаў з Масквы пацвердзіў The Moscow Times у тым ліку высокапастаўлены чыноўнік адміністрацыі аднаго з далёкаўсходніх рэгіёнаў Расеі, – больш чым за 7000 км ад лініі фронту. «З Масквы быў дадзены загад правесці гэтыя працы паўсюдна – агляд і рамонт», – сказаў ён.

Праблема ў тым, што большасць бамбасховішчаў краіны, якія паводле закону павінны абслугоўвацца мясцовымі ўладамі, апынуліся ў аварыйным стане або былі закінутыя пасля распаду Савецкага Саюза. «Яны [бамбасховішчы] пасля распаду Савецкага Саюза былі нікому не патрэбныя. Але цяпер, праз сітуацыю на перадавой, Крэмль загадаў ва ўсім разабрацца», – сказаў The Moscow Times чыноўнік у адным з заходніх рэгіёнаў Расеі.

«Пасля мабілізацыі [мадэрнізацыя бамбасховішчаў] выглядае вымушаным захадам і нават выразам клопату дзяржавы аб простых людзях», – кажа старэйшы аналітык грамадскай арганізацыі «Міжнародная крызісная група» Алег Ігнатаў.

Палітолаг Абас Галямаў дадае, што некаторыя спробы мадэрнізаваць бамбасховішчы былі ініцыяваныя мясцовымі ўладамі, якія імкнуцца зрабіць уражанне на сваё кіраўніцтва. «Кожны бюракрат спрабуе адпавядаць парадку дня, як ён яго бачыць, – сказаў ён The Moscow Times. – Гэта спосаб засцерагчы сябе ад магчымых прэтэнзій з боку вялікага кіраўніцтва: «Чаму ты не гатовы? Хіба ты не бачыш, што адбываецца?!»

На партале дзяржзакупак апублікаваныя сотні тэндараў на мадэрнізацыю бамбасховішчаў у рэгіёнах па ўсёй краіне. Кантракты ўключаюць рамонт вентыляцыі, гідраізаляцыю, замену дзвярэй, усталяванне паветранага фільтра і асвятлення. Напрыклад, у лістападзе быў абвешчаны тэндар на гідраізаляцыю бамбасховішча ў Самарскай вобласці на суму 3,8 млн рублёў.

Улады Петразаводска заявілі ў мінулым месяцы, што ў грамадскіх бамбасховішчах можа размясціцца толькі адна восьмая частка жыхароў горада.

Гэты дэфіцыт можа быць часткова звязаны з тым, што многія бамбасховішчы савецкай пабудовы былі прададзеныя ці здадзеныя ў арэнду на прыватным рынку.

Напрыклад, адрэстаўраваны бункер часоў халоднай вайны з ружовымі сценамі і вінтажнымі люстрамі быў выстаўлены на продаж у Петразаводску за 15 млн рублёў у канцы мінулага года. У некаторых выпадках такія ўгоды былі прызнаныя незаконнымі. Напрыклад, пермскі гарадскі суд на Урале мінулым летам пачаў крымінальную справу ў дачыненні да бізнэсмэна за тое, што ён выкарыстаў бамбасховішча ў якасці склада і не абсталяваў яго герметычнымі дзвярыма, паветранымі фільтрамі і запасам вады, паведамляюць мясцовыя СМІ.

Адзін з былых чыноўнікаў, які гутарыў з The Moscow Times, звязаў цікавасць дзяржавы да бамбасховішчаў з узмацненнем страху перад ядзернай вайной пасля загаду Пуціна прывесці расейскія ядзерныя сілы ў «высокую баявую гатоўнасць» у канцы лютага. «[Павышаная гатоўнасць] – гэта толькі верхавіна айсберга. Бамбасховішчы ды іншыя аб'екты грамадзянскай абароны – гэта яго падводная частка», – сказаў адстаўны чыноўнік.

У некаторых выпадках, відавочна імкнучыся прадухіліць паніку, мясцовыя ўлады імкнуліся пераменшыць значэнне рамонтных працаў у бамбасховішчах. Напрыклад, чыноўнікі ў Саратаўскай вобласці, за сотні міляў ад лініі фронту, у снежні пачалі называць бамбасховішчы «глыбокім жыллём». У той самы час у Ніжнім Тагіле, наадварот, адкрыта ўстанавілі паказальнікі дарогі да бункераў.

Напісаць каментар 28

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках