20 красавiка 2024, Субота, 12:19
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Алег Гарбуз: Пасля паказу французы казалі, што «цяпер мы ведаем пра Беларусь»

7
Алег Гарбуз: Пасля паказу французы казалі, што «цяпер мы ведаем пра Беларусь»
Алег Гарбуз

Спектакль пра беларускіх палітвязняў сабраў поўныя залы ў Францыі.

З 7 да 18 лютага ў Францыі адбыўся паказ спектакля «1,8 метра» рэжысёра Івана Вырыпаева. Спектакль дакументальны, заснаваны на сказаным беларускімі палітвязнямі ў судзе, іх сведчаннях, інтэрв'ю, сведчаннях і лістах родных.

Са сцэны гучаць і лісты загінулага палітвязня Вітольда Ашурка. Імёны герояў, акрамя Вітольда, змененыя. Прэм'ера спектакля ў 2021-м годзе прайшла ў варшаўскім «Новым Тэатры».

Адзін з удзельнікаў «1,8 метра», вядомы беларускі актор, «купалавец» Алег Гарбуз распавёў сайту Charter97.org пра спектакль і гастролі ў Францыі.

- Раскажыце, як з'явілася пастаноўка?

- Паставілі мы «1,8 м» у канцы 2021-га года ў Варшаве. Датуль у Польшчы сабралася вялікая колькасць актораў-беларусаў. Стварэнне спектакля было пастановай мэнэджаркі праекту - Марыны Дашук, якая сабрала актораў. Запрасілі рэжысёра Івана Вырыпаева. Пляцоўку для спектакля прадставіў варшаўскі «Новы Тэатр».

З аднаго боку, праект закліканы расказваць аб тым, што адбывалася і адбываецца ў Беларусі. Тэма нікуды не сышла, засталася з намі. Як бы нехта не хацеў перавярнуць старонку, але яна не пераварочваецца і не павінна быць перавернутая. У тым ліку спектакль і пра гэта.

З іншага боку, гэта праект і для таго, каб нашы беларускія акторы заставаліся ў прафесіі, што немалаважны факт. У выніку ў нас атрымаўся стыльны і патрэбны прадукт добрай якасці. Іван вельмі адчувальны рэжысёр.

ФОТА: АЛЯКСАНДРА КАНОНЧАНКІ

- Раскажыце пра ўдзельнікаў спектакля. Хто ў ім грае?

- У асноўным граюць беларусы. Ёсць расейка Валянціна Сізоненка і ўдзельнічаюць яшчэ два акторы-палякі «Новага Тэатра» — Барташ Бяленя (выканаўца галоўнай ролі ў вядомым фільме «Цела Хрыстова» — заўв.) і Эвеліна Панкоўска.

У спектаклі выкарыстоўваюцца беларуская, расейская і польская мовы. Рэжысёр хацеў пазбегнуць тытраў, каб людзі не чыталі, а глядзелі актораў і слухалі. Пры паказах у Польшчы гэтую ролю выконваюць нашы польскія калегі. Яны фактычна перакладаюць тое, што мы гаворым. Дзякуючы гэтаму глядач мае магчымасць не чытаць, а менавіта сачыць за чалавекам.

- На мінулым тыдні вы вярнуліся з гастроляў у Францыі. У якіх гарадах выступілі са спектаклем?

- У Рэймсе ў правінцыі Шампань і ў Нантэры - горадзе-спадарожніку Парыжа. У Рэймсе мы два спектаклі адпрацавалі і пяць спектакляў у Нантэры.

- Якой была рэакцыя французаў? Ці разумеюць яны, што адбываецца ў Беларусі?

- Я быў здзіўлены, што публіка была менавіта французскай. Беларусаў, расейцаў былі лічаныя адзінкі. Спектакль насамрэч дастаткова просты. У ім няма шалёнай сцэнаграфіі, трукаў. Мы расказваем гісторыі людзей. Тым не менш, публіка адгукнулася, нам доўга пляскалі ў далоні.

Яшчэ ў Рэймсе, дзе мы два спектаклі адпрацавалі, работнікі тэатра сказалі нам, што, як правіла, на такія размовы пасля паказу застаецца чалавек 20, а ў нас засталося амаль 80. У Нантэры пасля апошняга спектакля таксама засталося чалавек 80.

Пры гэтым у нас былі поўныя залі. Толькі на адным спектаклі зала была запоўненая напалову, але праз страйк. Відаць, людзі не змаглі даехаць.

Пасля паказу французы казалі, што «цяпер мы ведаем пра Беларусь». Атрымліваецца, што мы нясём праўду аб тым, што ў нас адбывалася і якія мы насамрэч людзі. Яны са здзіўленнем канстатуюць, што мы - нацыя, якая вартая заняць сваё месца ў еўрапейскай сям'і.

ФОТА: АЛЯКСАНДРА КАНОНЧАНКІ

- Якія пытанні задавалі французскія гледачы падчас гутарак пасля спектакля?

- Пыталіся пра песні, якія ў нас гучаць. Было бачна, што людзі зацікаўленыя і хочуць зразумець, што за краіна такая - Беларусь. Мы ім расказалі, што ў нас краіна з даўнімі еўрапейскімі традыцыямі, што ў нас не было рабаўладальніцкай сістэмы. Была дзяржава, якая называлася Вялікае Княства Літоўскае і Рэч Паспалітая, а з канца 18-га стагоддзя мы знаходзімся пад расейскай акупацыяй. Мы даносім базавыя рэчы, расказваем пра сітуацыю, якая цяпер у Беларусі.

- Можа быць, нейкая гісторыя палітвязня гледачам асабліва адгукнулася?

- Гісторыі, якія гучаць, самі па сабе вельмі кранальныя. Французы цікавіліся, ці праўда гэта, ці рэальныя гэта людзі. Мы казалі, што так. Некаторых герояў мы нават сустракалі. Напрыклад, калі мы былі з гастролямі ў Празе, то дзяўчына-гераіня, гісторыю якой расказвае Паліна Дабравольская, прыходзіла на спектакль. Брат Вітольда Ашурка быў у нас на спектаклі ў Варшаве.

ФОТА: АЛЯКСАНДРА КАНОНЧАНКІ

- Раскажыце пра тэатр, з якім вы стварылі гэты спектакль.

- Гэта «Новы Тэатр», які знаходзіцца ў Варшаве. На гэты момант - гэта адзін з самых модных тэатраў у Польшчы. Ён нам даў базу, на якой мы гэта спектакль зрабілі.

Тэатр сам па сабе вельмі цікавы. Ён знаходзіцца на тэрыторыі былых гарадскіх аўтамайстэрняў. Там рамантавалі аўто і засталіся найбліжэйшыя плошчы, якія адаптавалі пад тэатр. Ён зроблены проста ідэальна.

Я проста рэкамендую схадзіць на спектаклі Кшыштафа Варлікоўскага, які ўзначальвае тэатр. Дзякуючы гэтаму чалавеку ён з'явіўся. Варлікоўскі - рэжысёр, які зрабіў сабе імя ў Еўропе і вярнуўся пасля таго, як Польшча выйшла з сацлагера і стварыў гэты тэатр. Там працуе каманда прафесіяналаў, як кажуць, з верхняй паліцы. Супрацоўнічаць з імі - вялікі гонар для нас.

- Ці плануеце вы гастролі ў яшчэ нейкіх краінах?

- У планах у кастрычніку паехаць яшчэ раз з гастрольным турам у Францыю. Цяпер акурат ідзе праца над складаннем графіка. Францыя - краіна з вельмі моцнымі тэатральнымі традыцыямі, там праходзіць шмат значных іміпрэзаў. Абмяркоўваем і варыянт гастроляў у Канадзе.

Напісаць каментар 7

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках