29 сакавiка 2024, Пятніца, 16:01
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Збеглы камандзір «Вагнера» расказаў аб масавых расстрэлах на вачах у калег

12
Збеглы камандзір «Вагнера» расказаў аб масавых расстрэлах на вачах у калег
АНДРЭЙ МЯДЗВЕДЗЕЎ

Расстрэльвалі за адмову ваяваць ці выконваць загады.

Былы камандзір ПВК «Вагнер», які папрасіў палітычнага прытулку ў Нарвэгіі, распавёў The Moscow Times, што быў сведкам масавых пакаранняў смерцю наймітаў ПВК, якія адбываліся на вачах у аднапалчан.

26-гадовы Андрэй Мядзведзеў расказаў пра пакаранне смерцю адразу дваіх чалавек у вагнераўскім цэнтры, дзе трэніравалі зняволеных, завербаваных з расейскіх турмаў. «Быў выпадак, калі прывялі двух зняволеных, якія адмовіліся ваяваць, і расстралялі іх на вачах у іншых за адмову выконваць загады, - сказаў Мядзведзеў. - Такіх выпадкаў было шмат».

Мядзведзеў уцёк у Нарвэгію ў студзені 2023 года пасля таго, як чатыры месяцы ваяваў на ўсходзе Украіны ў складзе ПВК «Вагнер». У лістападзе Мядзведзеў дэзерціраваў і пешшу перасёк нарвэжскую мяжу, хаваючыся ад расейскіх памежнікаў. На тэрыторыі Нарвэгіі яго затрымаў патруль, але пасля допыту мясцовымі службамі бяспекі Мядзведзева адпусцілі да прыняцця пастановы аб ягоным хадайніцтве аб наданні палітычнага прытулку. Яму можа быць выстаўленае абвінавачанне ў нелегальным перасячэнні мяжы, але дэпартаваць былога найміта ў Расею ўлады Нарвэгіі не плануюць. «Я хачу пачаць мірнае жыццё», — сказаў Мядзведзеў The Moscow Times.

Паводле слоў Мядзведзева, з байцамі «Вагнера» ва Украіне «абыходзіліся як з жывёлай», іх «адпраўлялі на фронт як гарматнае мяса». «Я шкадую, што наогул быў там», - сказаў на заканчэнне ён.

Аднак Мядзведзеў адмовіўся ўдакладніць, ці быў ён сведкам злачынстваў, якія чынілі вагнераўцы ў баях вакол Бахмута, і ці аддаваў ён сам якія-небудзь злачынныя загады як вагнераўскі камандзір.

Мядзведзеў служыў камандзірам першай эскадрыллі 4-га ўзвода 7-га штурмавага атрада ПВК «Вагнер» і ваяваў пад Бахмутам, паведамляе расейская праваабарончая арганізацыя Gulagu.net. У ПВК «Вагнер» пацвярджалі, што Мядзведзеў быў адным з іх баевікоў-наймітаў, але The Moscow Times не змагла незалежна праверыць аповед Мядзведзева.

Мяркуецца, што ва Украіне знаходзіцца да 50 000 байцоў ПВК Вагнера, у тым ліку тысячы расейскіх зняволеных, якім абяцалі датэрміновае вызваленне з турмы ў абмен на падпісанне шасцімесячных кантрактаў. Дакладных лічбаў няма, але вядома, што «Вагнер» з пачатку вайны пацярпеў цяжкія страты, і ў Расеі былі створаны спецыяльныя «вагнераўскія могілкі».

Мядзведзеў, які вырас у дзіцячым доме ў Томскай вобласці Сібіры і неаднаразова судзімы за рабаванні, сказаў, што далучыўся да групы наймітаў у якасці добраахвотніка ў ліпені. Але ён надумаў дэзерціраваць пасля таго, як «убачыў, што адбываецца» ва Украіне.

Адным з 15 чалавек, якія, як мяркуецца, знаходзіліся пад камандаваннем Мядзведзева, быў асуджаны за забойства Яўген Нужын, які пасля здачы ў палон быў забіты кувалдай. Пакаранне смерцю была знятае на відэа і распаўсюджанае ў сацыяльных сетках у лістападзе. Нужын здаўся ўкраінскім вайскоўцам у мінулым годзе, неўзабаве пасля таго, як яго адправілі ва Украіну. Кіраўнік ПВК Прыгожын заявіў тады, што Нужын заслугоўвае «сабачай смерці», але пазней адмаўляў дачыненне групы да яго забойства.

«Гэта было чакана, іншых метадаў у Вагнера няма», – сказаў Мядзведзеў, адказваючы на пытанне аб расстрэле Нужына. Раней у студзені адвакат Мядзведзева паведаміў AFP, што ён «гатовы расказаць аб сваім досведзе працы ў групе «Вагнер» людзям, якія даследуюць ваенныя злачынствы».

Мядзведзеў сказаў, што ён занадта малады, каб асабіста размаўляць з Прыгожыным, але калі ён сустрэў Прыгожына ў навучальным цэнтры «Вагнера», той зрабіў «уражанне хворага чалавека». «Разважлівы чалавек не стаў бы рабіць тое, што ён робіць», — дадаў Мядзведзеў.

Напісаць каментар 12

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках