20 красавiка 2024, Субота, 15:32
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Абедаюць нават у гардэробе»: настаўнікі абураныя забаронай харчавацца ў сталовых

18
«Абедаюць нават у гардэробе»: настаўнікі абураныя забаронай харчавацца ў сталовых

Каб паесці, педагогі замыкаюцца ў кабінеце.

У рэдакцыю tochka.by звярнулася беларуская настаўніца з рэгіёна. Яна паскардзілася на праблему, якую ў яе школе не могуць развязаць больш за год.

- Са студзеня 2022-га настаўнікам забаранілі харчавацца ў школьнай сталоўцы. Нам сказалі: была праверка, якая ўказала, што нельга карміць педагогаў у сталовай тым жа коштам, што і дзяцей, бо вучні сілкуюцца ў тым ліку за кошт субсідаваных сродкаў, - адзначыла чытачка.

Паводле ейных слоў, у цану школьных абедаў для настаўнікаў хацелі ўключыць кампенсацыю некаторых затрат на прыгатаванне страў па тыпу кошту электраэнэргіі або часткі заробку кухараў.

- Нам сказалі, што кошт комплексаў пералічаць і мы зноў зможам есці ў сталовых, - успомніла словы адміністрацыі настаўніца.

Але дагэтуль гэтага не адбылося, указала педагог.

«Там настаўнікі гарбату п'юць»

Спачатку адміністрацыя школы дазволіла супрацоўнікам абедаць у вольным кабінеце, адзначыла чытачка.

- Там паставілі імбрычак, мікрахвалёўку. Але гэта ўсё, вядома, вельмі нязручна. Па-першае, таму што мы на перапынках па-ранейшаму адказныя за дзяцей і мусім заставацца з імі. Так, калі раней мы маглі харчавацца ў школьных сталовых, то падладжваліся пад абед класа. Вялі дзяцей у сталовую, садзіліся за суседні стол і елі. Адным вокам глядзелі ў талерку, а другім - на дзяцей, - падала прыклад настаўніца.

Па-другое, сказала яна, перамены маленькія, і за гэты час трэба паспець закіпяціць імбрычак, падагрэць ежу, паесці... А настаўнікаў жа ў школе даволі шмат.

- Спачатку нам сказалі так пацярпець да восені. Увосень - да снежня... Але дагэтуль нічога не разгледзілі, і мы ўсё яшчэ не можам знайсці кут, каб паабедаць: нідзе няма абсталяванага месца для прыёму ежы. Бо той кабінет, які нам выдалі раней, ужо задзейнічалі ў навучальным працэсе, - распавяла настаўніца.

У выніку педагогі змушаныя есці ў настаўніцкай або замкаць для гэтага навучальныя класы. Больш за тое, калегі нашай чытачкі расказваюць, што абедаць даводзіцца нават у гардэробе.

- Я часта дзяжуру ў школе і назіраю сітуацыі, калі дзеці стаяць ля закрытага кабінета. Пытаю: «Чаму вы тут стаіце», а яны мне: «Там настаўніцы гарбату п'юць». І гавораць пра гэта з усмешкай. Яно і зразумела: дзеці ж. А для настаўнікаў гэта неяк зневажальна», - адзначыла настаўніца.

Не ва ўсіх школах ёсць буфеты

Раней у сеціве распаўсюдзілі падобную гісторыю пра педагогаў з Баранавіч. Тады Мінадукацыі растлумачыла, што настаўнікі могуць атрымаць гарачае харчаванне ў школьных буфетах за грошы.

Аднак чытачка падкрэсліла: у яе рэгіёне ні ў адной школе буфета няма.

«У нашай школе яго закрылі некалькі гадоў таму - сказалі, што нерэнтабельны», - патлумачыла настаўніца.

Яна дадала, што педагогі не супраць плаціць за абед больш за бацькоў школьнікаў. Галоўнае для іх - захаваць магчымасць атрымаць гарачае харчаванне на працягу працоўнага дня.

«Але як гэта так: мы ў школе па восем гадзін і не можам нармальна паабедаць… У кагосьці ёсць устаноўленыя перапынкі ў рабоце для прыёму ежы, а ў нас такіх няма і што нам рабіць?», - пакінула вісець пытанне ў паветры настаўніца.

Паводле ейных слоў, праўладны прафсаюз у развязанні гэтага пытання таксама быў бяссільны.

- Нам адказваюць, што ўся краіна пра гэта ведае, але ніхто не бярэ на сябе адказнасць зрабіць разлікі, увесці, напрыклад, каэфіцыент да дзіцячага абеду, каб браць плату за харчаванне з настаўнікаў, - рэзюмавала настаўніца.

Напісаць каментар 18

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках