26 красавiка 2024, Пятніца, 2:26
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Стала вядома, як па эканоміцы Гомельскай вобласці ўдарыў год вайны

1
Стала вядома, як па эканоміцы Гомельскай вобласці ўдарыў год вайны

Тысячы чалавек страцілі працу.

Белстат апублікаваў афіцыйную выніковую статыстыку за 2022 год. «Флагшток» вывучыў глыбіню падзення эканомікі Гомельскай вобласці ў 2022 годзе, калі пачалося ўварванне з Беларусі.

Па выніках 2022 года падзенне эканомікі Гомельскай вобласці склала 3,2 адсотка. Гэта на 1,5 пункта менш, чым у цэлым па краіне, але горш, чым у кожным іншым рэгіёне Беларусі, за выключэннем Менска і Менскай вобласці.

Зніжэнне пачалося ў лютым, адразу следам за пачаткам уварвання расейскіх войскаў з тэрыторыі Беларусі ва Украіну.

Санкцыі ў дачыненні да беларускага рэжыму, які падтрымаў расейскую агрэсію, прывялі да падзення валавога рэгіянальнага прадукту да лета. Пасля гэтага сітуацыя стабілізавалася, але перадумоў для ажыўлення эканомікі не назіраецца. Звязана гэта з адсутнасцю «пункту росту». Падзенне паказчыкаў назіраецца нават у тых галінах, якія наўпрост не звязаныя з замежным гандлем.

З 10 асноўных паказчыкаў развіцця народнай гаспадаркі рост зафіксаваны толькі ў сферы грамадскага харчавання, якая пачала аднаўляцца пасля пандэміі COVID-19.

Прадукцыя прамысловасці, якая ўносіць найбольшы ўклад у ВРП, скарацілася на 2,5 адсотка. Прамысловыя прадпрыемствы рэгіёна пачалі працаваць на склад. За год складскія запасы прамысловых прадпрыемстваў павялічыліся ў паўтара раза.

Гомельская вобласць была адзіным беларускім рэгіёнам, дзе працягвалася скарачэнне прадукцыі сельскай гаспадаркі. У 2022 годзе зніжэнне склала 1,3 адсотка.

Эканамічны крызіс адбіўся і на дабрабыце грамадзян. Скарачэнне даходаў адбілася на раздробным тавараабарачэнні, які па выніках года скараціўся на 2,6 адсотка.

Падзенне эканомікі суправаджаецца скарачэннем колькасці занятага насельніцтва на 1,5%. За 11 месяцаў 2022 года колькасць звольненых перавысіла колькасць прынятых на працу на 8,2 тысячы чалавек.

Адсутнасць перспектыў развіцця эканомікі прывяла да падзення інвестыцый больш як на 20 адсоткаў. Прычым скарачэнне інвестыцый закранула найперш буйныя дзяржаўныя прадпрыемствы. Укладанні ў асноўны капітал з боку арганізацый, падпарадкаваных рэспубліканскім органам дзяржаўнага кіравання, за год зменшыліся на 31,1 адсотка.

Такім чынам, у наяўнасці ўсе прыкметы эканамічнага крызісу. Імклівае скарачэнне інвестыцый у параўнанні з іншымі паказчыкамі сведчыць аб тым, што зараз мы назіраем толькі яго пачатак. Скарачэнне фінансавых уліванняў у перспектыве будзе мець эфект снежнага кома. Знос і знішчэнне матэрыяльна-тэхнічнай базы будзе прыводзіць да новых праблем і ўсё большага адставання ад сусветнай эканомікі.

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках