24 красавiка 2024, Серада, 7:12
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Генерал Бэн Ходжэс: Крым стане пасткай для акупантаў

9
Генерал Бэн Ходжэс: Крым стане пасткай для акупантаў
БЭН ХОДЖЭС

Амерыканскі генерал даў эксклюзіўнае інтэрв'ю сайту Charter97.org.

Былы камандзір войскамі ЗША ў Еўропе, генерал у адстаўцы Бен Ходжэс мяркуе, што расейскае войска будзе пераможанае на полі бою ва Украіне. Такое меркаванне амерыканскі вайсковец выказаў у інтэрв'ю сайту Charter97.org.

- Вы дапамагалі ў навучанні ўкраінскіх салдат у 2014-2017 гадах. Назіраючы за падзеямі апошніх 10 месяцаў, ці адчувалі вы гонар за прынятыя пастановы і зробленыя намаганні?

- Я ганаруся тым, што зрабілі нашы салдаты, а таксама ЗША ў дапамозе з навучаннем украінскіх салдат, у дапамозе з забеспячэннем. Да прыкладу - контрбатарэйнымі радарамі, «Джавэлінамі», медыцынскім абсталяваннем.

Я б таксама сказаў, што мы шмат чаму навучыліся ў УСУ. Мы змянілі нашу падрыхтоўку ў Графенверы і Хоэнфельсе дзякуючы таму, чаму мы навучыліся ва ўкраінскіх салдат. Яны дапамаглі нам перайсці ад барацьбы з тэрарызмам да адпрацоўкі бою з падобным нам супраціўнікам.

Я таксама вельмі ганаруся тым, што камандаванне войска ЗША ў Еўропе зрабіла для паляпшэння і павелічэння нашай прысутнасці на ўсім усходнім флангу NАТJ, але асабліва - у Румыніі. Румынія стала цэнтрам прыцягнення для ўсяго, што мы рабілі ў Чарнаморскім рэгіёне. Там праведзена шмат працы, каб палепшыць нашу прысутнасць і нашы магчымасці.

- Калі вы назіраеце за навінамі аб тым, як расейскія салдаты рабуюць, гвалцяць і катуюць мірных жыхароў, якія пачуцці гэта выклікае ў вас, прафесійнага вайскоўцы? Чаму гэта важны на полі бою?

- Агідна бачыць салдат, якім дзяржава дае зброю і паўнамоцтвы выкарыстоўваць смяротную сілу, злоўжываць гэтай сілай супраць нявінных людзей. Відавочна, што гэта незаконна.

Вайна - страшная рэч, салдаты адчуваюць велізарны ціск, калі іх таварышаў забіваюць, людзі бачаць шмат жудасных рэчаў. Мы ведаем гэта з тысячы гадоў гісторыі. Вы павінны прышчапіць такую культуру сваім узброеным сілам і кожнаму падраздзяленню, каб быць упэўненым у тым, што людзі ведаюць закон, ведаюць што прымальна, а што не.

Калі я бачу паведамленні аб злачынствах расейскіх вайскоўцаў, гэта ідзе з самага верху. Уладзімір Пуцін нясе адказнасць за дазвол ці нават за заахвочванне гэтых ваенных злачынстваў: абстрэлаў мірных жыхароў ракетамі, беспілотнікамі, набоямі. Ён узнагародзіў камандзіра часткі, адказнай за забойствы ў Бучы. Гэта вялікі сігнал для ўсіх, што «ўсё ОК», што гэтага ад іх і чакаюць.

На шчасце, думаю, свет зараз усё бачыць. Да Расеі няма даверу. Такое гніенне, якое адбываецца ўнутры краіны і ўнутры падраздзяленняў, у выніку прыводзіць да яе маральнага краху. Вось чаму Расейская Федэрацыя на чале з Крамлём коціцца па нахільнай.

- Ці могуць людзі, якія здзяйсняюць такія злачынствы, ваяваць эфектыўна?

- Так, могуць. Падчас Другой сусветнай вайны некаторыя з самых эфектыўных частак Вермахта таксама неслі адказнасць за злачынствы, тое ж самае з японскімі і савецкімі часткамі.

Няма аўтаматычнага падзелу ў баявых навыках, але ёсць маральнае гніенне ўнутры падраздзялення, у якім ёсць злачынцы. Давер не можа захоўвацца на ранейшым узроўні. Калі вы гатовыя забіваць нявінных людзей, то вы таксама гатовыя забіць сваіх таварышаў са службы, забіць свайго камандзіра, калі ён вам не падабаецца ці выкарыстаць гвалт іншымі спосабамі. З часам такія падраздзяленні перастаюць быць баяздольнымі.

- Расейскія сілы ва Украіне маюць вельмі своеасаблівую структуру: ёсць рэгулярныя войскі, тэрміновай службы, новамабілізаваныя з усіх слаёў грамадства, зэкі, кадыраўцы. Як генерал войска ЗША ў адстаўцы, якую адзнаку вы б далі такой структуры расейскіх сіл ва Украіне?

- Пакуль, мяркуючы з таго, што я бачыў, яны не вельмі эфектыўныя. Усе мы спадзяемся на спалучэнне рэгулярных войскаў, элітнага спецпрызначэння, рэзервістаў. Палова войска Злучаных Штатаў - рэгулярная, іншая палова - рэзерв Нацыянальнай гвардыі, мы залежым ад гэтага.

У большасці краін ёсць кампанент рэзерву, але гэта не тое, што я бачу ў Расеі. У РФ я бачу рэагаванне Крамля на праблему, якую яны стварылі самі. Яны думалі, што здолеюць увайсці ва Украіну тымі сіламі, якія ў іх былі. І вось, амаль праз год, кожны дзень яны страчваюць сотні забітымі, таму Расеі даводзіцца праводзіць масавую мабілізацыю. Насельніцтва відавочна не хоча там знаходзіцца. Ніводны расейскі салдат не хоча там знаходзіцца, ніводзін.

У выніку атрымліваецца такая сумесь розных тыпаў салдат, якія не навучаныя і не з'яўляюцца згуртаванымі фармаваннямі. Яшчэ больш шкодным з'яўляецца адсутнасць зладжанага кіравання і субардынацыі. Мне здаецца, Рамзан Кадыраў робіць тое, што яму хочацца. Ён не падпарадкоўваецца загадам Генеральнага штаба. Мы бачым вельмі мала паведамленняў пра забітых ці кінутых у мясасечку чачэнцаў. Ёсць Яўген Прыгожын, які паставіў сваю асабістую рэпутацыю на адно месца - Бахмут. Яны зазнаюць няўдачу, таму ён павінен працягваць падкідваць гарматнае мяса. Ёсць рэгулярнае войска, якое цалкам абяскроўленае. Найлепшыя часткі расейскага войска - гэта ПДВ, а большасць іх да камандзіраў і дасведчаных байцоў забітыя або параненыя.

У выніку атрымліваецца сумесь людзей, а не навучаных і згуртаваных падраздзяленняў, якія былі б эфектыўнымі ў жудасных умовах. Звычайна камандзіраў забіваю часцей: камандзіраў рот і ўзводаў, камандзіраў батальёнаў, тых, у каго можа быць больш досведу, таму што яны больш задзейнічаныя — іх забіваюць. Цяпер ёсць новыя салдаты без старых камандзіраў.

- Ёсць меркаванне, што Захад і Украіна ў нейкі момант павінны пайсці на пагадненне з Пуціным толькі з-за таго, што ў яго ёсць ядзерная зброя. Які ваш адказ на такі пункт гледжання?

- Менавіта на гэта і спадзяецца Крэмль: што пагроза ядзернай зброі прымусіць Захад прыйсці да нейкага развязання шляхам перамоў. Але я не думаю, што ёсць высокая імавернасць таго, што Расея можа гэта зрабіць [выкарыстаць ядзерную зброю]. Вядома, неабходна сур'ёзна ставіцца да расейскай пагрозы, бо ў іх ёсць тысячы адзінак ядзернай зброі. Відавочна, што ім усё адно, колькі ні ў чым не вінаватых людзей загіне, нават сваіх уласных. Аднак выкарыстанне ядзернай зброі не дасць Расеі ніякіх пераваг на полі бою.

Думаю, расейскі Генеральны Штаб верыць пагрозе прэзідэнта Байдэна, што будуць катастрафічныя наступствы [у выпадку выкарыстання ядзернай зброі]. Людзі, здольныя думаць прафесійна, думаю, перашкодзяць Пуціну ці адгавораць яго ад выкарыстання ядзернай зброі.

На Захадзе трэба ўсвядоміць і прыняць ідэю аб тым, што Расея будзе ў традыцыйным разуменні гэтага слова пераможаная на полі бою. Яны будуць вымушаны пайсці з Крыма. Яны не змогуць гэта спыніць. Няма ніякіх спосабаў, якімі б Расея магла б павярнуць назад гэтую дынаміку.

З кожным днём Украіна становіцца крышачку лепшай у плане лагістыкі. У іх ёсць 2 мільёны чалавек, якія чакаюць уступлення ў войска. У Расеі існуе сур'ёзная кадравая праблема. Іх лагістыка пагаршаецца, санкцыі пагаршаюць сітуацыю з кожным днём. Думаю, мы ўбачым, што да канца жніўня Украіна вызваліць Крым.

- Але ў Расеі ёсць бясконцы запас боепрыпасаў (вельмі старых), у Кітая, Паўночнай Карэі таксама. А як наконт Захаду? Ці дастаткова ў яго боепрыпасаў або магутнасцяў для іх вытворчасці, каб далей дапамагаць Украіне?

- Па-першае, дазвольце мне аспрэчыць ваша меркаванне аб тым, што ў Расеі бясконцая колькасць боепрыпасаў, а таксама намёк на тое, што Кітай і Паўночная Карэя дадуць яшчэ больш. Я сумняваюся ў тым, што Кітай будзе пастаўляць боепрыпасы Расеі. Думаю, кіраўнік КНР Сі разумее, што Расея саступае, а Кітай не хоча быць прыкаваным кайданкамі да трупа. Думаю, што нават Лукашэнка разумее, што Расея - гэта труп, а калі-небудзь вайна скончыцца. Думаю, іншыя лідары пачынаюць задумвацца, наколькі блізка яны хочуць асацыявацца з тым, што адбываецца ў Расеі.

Выявілася, што ў ЗША, у іншых супольнікаў і партнёраў няма ў дастатковай колькасці боепрыпасаў - гэта праблема. Наша прамысловасць працуе, думаю, на павелічэнне вытворчасці, але гэта дзейнічае не так, як выключальнік святла. Патрэбны час, каб змяніць вытворчую базу, ланцужок паставак, неабходных для ўсіх кампанентаў, няхай гэта будзе звычайная артылерыя або высокадакладная зброя. У нас, безумоўна, ёсць патэнцыял і магчымасць зрабіць значна больш. Проста зараз пад рукой у нас не так шмат.

Аднак Чэхія пастаўляе 24 самаходныя 152-міліметровыя гаўбіцы DANA. Для гэтага дасылаюць боепрыпасы, а Украіна ўжо вырабляе боепрыпасы для 152-міліметровых гаўбіц, як і іншыя краіны Усходняй Еўропы.

- Якія віды заходняга ўзбраення, якіх пакуль няма ва Украіне, больш за ўсё неабходны для наступлення?

- У першую чаргу - высокадакладная зброя вялікай далёкасці. Прыкладам можа служыць ATACMS: далёкасць - 300 кіламетраў, прызямляюцца ў квадрат памерам прыкладна на адзін метр. Яны далі б Украіне магчымасць наўпрост спыніць выкарыстанне Крыма ў якасці прытулку. Яны маглі б сёння наносіць удары па Севастопалі. УСУ маглі б наносіць удары па кожнай расейскай авіябазе і складзе боепрыпасаў у Крыме, калі б у іх былі ATACMS або калі б у іх былі баявыя беспілотнікі Grey Eagle і Reaper.

Бо мы крыху абмежавалі патэнцыял магчымасцяў, якія мы пастаўляем ва Украіну, фактычна, мы даем Расеі зону бяспекі: ім проста трэба адысці за межы далёкасці HIMARS GMLRS, а затым яны проста беспакарна страляюць па цывільных цэлях на тэрыторыі Украіны.

Відавочна, украінцы не сядзяць склаўшы рукі. Яны распрацоўваюць свае ўласныя тэхналогіі, таму час ад часу мы бачым удары беспілотнікаў па базе ў Крыме ці па авіябазе ў глыбіні Расеі, але наша палітыка дае бяспечнае прытулак Расеі. Мы мусім гэта змяніць.

Па-другое, працягваць шукаць варыянты дапамогі ў нівеляванні нападаў на цывільныя аб'екты, як крылатымі ракетамі, так і беспілотнікамі. Украінцы вельмі добра збіваюць беспілотнікі (некаторыя, усё ж, прарываюцца), але на падыходзе яшчэ сотні. Не варта выкарыстоўваць супраць іх Patriot, можна было б выкарыстоўваць «Стынгеры» ці іншае кінэтычнае развязанне, захаваўшы Patriot і С-300 для крылатых ракет.

Трэцяе, што ім патрэбна, гэта нашая бранятэхніка. Яна будзе карыснай, калі дынамічная фаза гэтай кампаніі адновіцца, што, я думаю, можа адбыцца хутчэй раней, чым пазней. Думаю, адміністрацыя Байдэна вось-вось абвесціць, што збіраецца падаць баявыя машыны Bradley (абвестка адбылася пасля запісу інтэрв'ю – заўв. рэд.). Францыя абвясціла, што збіраецца падаць AMX-10 усё гэта мае добры патэнцыял.

Хацелася б бачыць, як ЗША, Нямеччына і іншыя краіны пачынаюць навучаць украінскіх салдат выкарыстанню «Абрамсаў» і «Леапардаў», пакуль яны ўсё яшчэ спрабуюць прыняць палітычную пастанову аб тым, даваць іх ці не. Не трэба чакаць палітычнага развязання для таго, каб пачаць навучанне.

- Вы мяркуеце, што найбліжэйшым часам ва Украіне адбудуцца больш дынамічныя падзеі і сур'ёзныя змены?

- Не хацелася б казаць пра вялікія змены. Я думаю, украінскі Генштаб вельмі добра і грунтоўна адпрацоўвае па расейскай лагістыцы, транспарце, штабах. Амаль кожны дзень ёсць навіны аб удары па складзе боепрыпасаў ці мосце. Гэта правільныя цэлі. Гэта частка падрыхтоўкі для таго, каб зноў пачаць прасоўванне.

Відавочна, надвор'е - частка гэтага, але гусенічныя машыны могуць прасоўвацца і па гразі, так што, думаю, надвор'е не адыгрывае вызначальную ролю. Думаю, галоўным чыннікам з'яўляецца жаданне Генеральнага штаба УСУ пераканацца, што яны зрабілі ўсё магчымае, каб даць сваім салдатам найлепшыя магчымасці для дасягнення поспеху.

Відавочна, што Крым - мясцовасць, якая мае вызначальнае значэнне, менавіта ён. Думаю, Генеральны Штаб будзе сачыць і за Беларуссю, і за Белгарадам - за гэтымі паведамленнямі аб магчымым новым расейскім наступе. Яны будуць да гэтага гатовыя. Думаю, УСУ паклапоцяцца аб тым, каб у іх было дастаткова патэнцыялу ў раёне Бахмута, каб працягваць спыняць расейскія намаганні там. Але па-сапраўднаму галоўнае месца прыкладання намаганняў - гэта Поўдзень, а канчатковая мэта - ізаляцыя Крыму.

У Крым вядуць толькі дзве дарогі: Керчанскі мост і наземны мост. Па Керчанскім мосце ўдар ужо наносіўся. Упэўнены, візіты туды будуць паўтарацца і паўтарацца. Наземны мост, які праходзіць праз Марыюпаль і Мелітопаль, ужо зазнае ўдары. Я ўпэўнены, што ўдары будуць прадаўжацца.

З цягам часу Крым пачне выглядаць пасткай, ён стане непрыдатным да выкарыстання для Чарнаморскага флоту, ВПС і іншых расейскіх сіл.

- Калі Пуцін і Лукашэнка прымуць пастанову аб уварванні наземных войскаў з поўначы, які імаверны сцэнар развіцця падзей на полі бою?

- Думаю, Крэмль хацеў бы, каб Украіна і ўсе мы перажывалі праз гэта, каб адцягнуць нашу ўвагу ад тых месцаў, дзе ідуць сапраўдныя баявыя дзеянні, каб Кіеў быў вымушаны накіраваць туды свае сілы супраць магчымай пагрозы. Але я не бачу там сучаснай, добра навучанай і магутнай сілы. Упэўнены, што ў нейкі момант нешта там з'явіцца, але калі мы з вамі ведаем пра гэта, то, напэўна, і выведкі ЗША, Вялікабрытаніі, Украіны таксама пра гэта ведаюць і назіраюць за гэтым. Думаю, што на гэтым кірунку не павінна быць сюрпрызаў.

Не ўпэўнены, што кіраўніцтва ў Менску жадае ўдзельнічаць у гэтым. Як я ўжо адзначаў раней, мяркую, яны бачаць, што Расея саступае і што расейскія ўзброеныя сілы не такія, як мы ўсе думалі. Я таксама думаю, што Лукашэнка ведае, што калі 10 (ці каля 10) батальённых тактычных груп беларускага войска будуць пушчаныя ў бой, то яны будуць знішчаныя амаль адразу. Яны не на тым узроўні гатоўнасці, каб быць здольнымі ваяваць эфектыўна. Не ведаю, ці захоча Лукашэнка страціць сваё маленькае войска.

Таксама не ўпэўнены ў тым, што людзі ў Беларусі, нават вайскоўцы, хацелі б быць часткай гэтага. Не думаю, што паміж Беларуссю і Украінай існуе такая непрыязнасць, як паміж Расеяй і Украінай.

Думаю, ёсць шмат чыннікаў, якія сведчаць супраць таго, каб Беларусь адыгрывала важную ролю, акрамя выдачы Расеі дазволу на транзіт, што з'яўляецца парушэннем суверэнітэту краіны.

Спадзяюся, што беларусы зробяць тое, што яны зрабілі падчас Другой сусветнай вайны, ператварыўшы жыццё для тылу акупантаў у пекла, як яны зрабілі для Вермахта, дзе партызаны ўвесь час атакавалі нямецкія канвоі і чыгункі. Спадзяюся, што гэтая традыцыя вернецца, калі беларусы, абараняючы суверэнітэт сваёй краіны, будуць спрабаваць спыняць, перарываць расейскія камунікацыі, рух канвояў і цягнікоў.

Напісаць каментар 9

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках