28 сакавiка 2024, Чацвер, 12:54
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Як князь Альгерд ардынцаў на Сініх Водах падолеў

1
Як князь Альгерд ардынцаў на Сініх Водах падолеў

Князь ператварыў ВКЛ у адну з найбуйнейшых дзяржаў Еўропы.

Залатая Арда ў сярэдзіне 14-га стагоддзя ўяўляла яшчэ значную небяспеку для паўднёвых рубяжоў Вялікага княства Літоўскага. Князь Альгерд умеў стрымліваць напады татараў. Адбіваючыся ад нямецкіх рыцараў на поўначы, літвіны не маглі ваяваць на два фронты.

Аднак князь Альгерд дамогся вялікіх поспехаў у замежнай і ўнутранай палітыцы і значна ўзмацніў пазіцыі Вялікага княства Літоўскага. Атрымаўшы шэраг сур'ёзных перамог над крыжакамі і аслабіўшы іх націск на свае зямлі, князь звярнуў увагу на паўднёва-ўсходнія межы. Тым больш, што ягоная дзяржава ўпэўнена прасоўвала свае межы на ўсход, далучаючы княствы Русі, былыя даннікамі татар.

У 1356 годзе к ВКЛ быў далучаны Бранск, праз пару гадоў - Мсціслаў. Уладу Альгерда быў вымушаны прызнаць Святаслаў Іванавіч, які княжыў у Смаленску. Пашырэнне дзяржавы на паўднёвым усходзе непазбежна вяло вялікага князя да сутыкнення з мангола-татарамі.

Сітуацыя спрыяла паходу: у гэты час у Ардзе пачалася чарговая міжусобіца («Вялікі закалот»), якая ўзнікла пасля гібелі двух ардынскіх ханаў (Джанібека і Бердзібека). Альгерд наважыў скарыстацца гэтым, каб вярнуць уладу Вялікага княства Літоўскага над Кіевам. Уладанне гэтым стратэгічным цэнтрам на Дняпры абяцала панаванне ў абласцях, якія прымыкаюць да стэпавых раёнаў.

Альгерд прыступіў да фармавання войска, у якое ўліліся кіеўскае і валынскае апалчэнні. Агульная колькасць воінаў склала блізу трыццаці тысяч чалавек. У 1362 годзе войска выступіла ў паход на ардынскія ўладанні ў «Дзікім полі». Галоўнай мэтай Альгерда быў буйны ардынскі горад - Таргавіца. Літоўскага князя суправаджалі чатыры пляменнікі з дружынамі. Ім супрацьстаялі тры татарскія арды, якія аб'ядналіся ў адно велізарнае войска: Крымская, Перакопская і Ямбалуцкая. Супраць татарскіх рухомых лучнікаў літвіны збіраліся ўжываць еўрапейскае ўзбраенне - арбалеты, якімі былі ўзброеныя многія пяхотнікі.

Праціўнікі сустрэліся ў сярэдзіне верасня 1362 года на левым прытоку Паўднёвага Буга - р. Сіняя Вада. Войска ардынцаў складалася з трох палкоў, якімі камандавалі мясцовыя наёны хана Мурада: Кутлубах, Качыбей-Керэй і Дзімейтэр. Альгерд падзяліў войска на шэсць палкоў, размясціўшы іх паўколам. У цэнтры знаходзілася добра абароненая пяхота: цяжкія капейшчыкі з пікамі, за імі некалькі шэрагаў арбалетчыкаў, апошняя лінія - ваяры з двухручнымі мячамі. На флангах размяшчалася лёгкаўзброеная конніца.

Такая пабудова павінна было перашкодзіць татарам выкарыстаць сваю традыцыйную тактыку: магутная атака ў цэнтр з наступным атачэннем. Амаль шэсць тысяч адборнай конніцы вялікі князь змясціў у засадзе ў вялікім лясным масіве. Ёй ставілася задача ўдарыць у самы вызначальны момант бою па тылах ардынцаў і іх флангах.

Такога нечаканага ўдару, як сведчыла практыка, татары не вытрымоўвалі. Дарэчы, гэта добра прадэманстраваў ход знакамітай Кулікоўскай бітвы, зыход якой таксама быў вызначаны ўдарам рэзерву Дзмітрыя Данскога. Тактычны сцэнар бітвы з Мамаем князю маскавітаў быў прапанаваны яго літвінскімі хаўруснікамі.

План Альгерда выявіўся ўдалым. На досвітку ардынцы пайшлі ў атаку. Татарская конніца не змагла прабіць глыбокую эшаланаваную абарону літоўскіх войскаў. Праз працяглую абарончую лінію татары таксама не здолелі атачыць войска. Беспаспяховыя атакі цяжкай мангольскай конніцы прадаўжаліся да вечара.

Калі абодва войскі сталі знемагаць ад стомы, Альгерд увёў у бой свежыя запасныя сілы. Ардынцы, якія не прывыклі да абароны, кінуліся ва ўцёкі. Войскі вялікага князя прадаўжалі пераслед ворага яшчэ некалькі дзён. Загінулі не толькі ўсе тры наёны, але і вялікая колькасць іншых знатных ардынцаў.

Бітва на Сініх Вод з'яўляецца першай сур'ёзнай перамогай усходніх славян над татара-манголамі. Гэты бліскучы поспех быў паказальным прыкладам для воінаў наступнай Кулікоўскай бітвы. Сярод яе ўдзельнікаў былі літоўскія князі Андрэй і Дзмітрый Альгердавічы, якія вызначыліся на Сініх Водах, таксама Баброк Валынскі.

Альгерд цалкам вызваліў ад ардынскай залежнасці і далучыў да Літвы велізарныя расейскія тэрыторыі, якія ўключаюць Кіеўскую, Чарнігаўскую, Ноўгарад-Северскую і іншыя землі. Золатаардынскія ханы пасля прадаўжалі напады на гэтыя землі і збіралі даніну, але дамагчыся трывалай палітычнай залежнасці ім ужо ніколі не ўдалося.

Пасля перамогі каля Сініх Вод і далучэння расейскіхх зямель дзяржава Альгерда стала называцца Вялікім княствам Літоўскім і Расейскім, а па памерах ператварылася ў адну з найбуйнейшых дзяржаў Еўропы.

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках