28 сакавiка 2024, Чацвер, 16:20
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Беларусам трэба рыхтавацца да змены ўлады»: прагноз на 2023 год

29
«Беларусам трэба рыхтавацца да змены ўлады»: прагноз на 2023 год

Мір можа быць ўкладзены на ўмовах Украіны.

Ці пераможа Украіна ў 2023 годзе? Ці чакае Расею раскіданне? Які будзе гэты год для Беларусі? Сваім прагнозам з сайтам Charter97.org падзяліўся каардынатар грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Зміцер Бандарэнка.

- Галоўнай падзеяй мінулага года, безумоўна, была вайна ва Украіне. Пачыналася яна з прагнозаў Захаду, што «Кіеў упадзе за 72 гадзіны». Сёння заходнія СМІ ўжо сур'ёзна абмяркоўваюць перспектыву вызвалення Данбаса і Крыма. Як Украіне ўдалося змяніць сітуацыю?

- Я пачну адказ на гэтае пытанне з таго, што Расея, насельніцтва еўрапейскай часткі якой складае блізу 100 мільёнаў чалавек, напала на краіну, дзе насельніцтва складала больш за 40 мільёнаў. Трэба заўсёды ўлічваць гэтыя лічбы, калі кажуць, што «Расея - вельмі вялікая», а «Украіна - маленькая».

Ва Украіне ў савецкі час быў вельмі развіты ваенна-прамысловы комплекс. Днепрапятроўска-Харкаўская кангламерацыя вайсковых прадпрыемстваў была неверагодна магутная. У Савецкім Саюзе Украіна вырабляла вялікую колькасць узбраенняў: ад вытворчасці аўтаматаў і танкаў, да ракет, самалёт і тэрмаядзерных бомбаў. Адзначу, што гэтыя абаронныя традыцыі былі шмат у чым захаваны. Інжынерны і навуковы патэнцыял Украіны проста вялізны. Таксама ў СССР украінцы лічыліся найлепшымі салдатамі, сяржантамі і гэта, сапраўды, вельмі магутны фактар.

Акрамя таго, за апошнія восем гадоў, з моманту пачатку агрэсіі Расеі ў 2014 годзе, украінскія вайскоўцы вельмі шмат чаму навучыліся: правялі значныя рэформы ў кіраванні войскамі, ішло навучанне і пераўзбраенне паводле стандартаў NАТО, таксама многія вайсковыя начальнікі навучаліся або праходзілі стажыроўку ў краінах Альянсу.

Яшчэ такім базавым чынніка з'яўляецца тое, што на захадзе Украіна мяжуе з пяццю краінамі, з якіх толькі Малдова не з'яўляецца чальцом Еўразвязу і NАТО. Румынія, Вугоршчына, Славакія, Польшча - краіны Альянсу.

Савецкі саюз ужо рабіў гэтую памылку: напаўшы на Афганістан ён не змог перакрыць мяжу з Пакістанам, праз якую ўвесь час адбывалася забеспячэнне маджахедаў. Толькі ва Украіне няма высокіх гор і забеспячэнне Захаду выдатна наладжанае.

Аднак самы галоўны чыннік - свабодалюбства і мужнасць ўкраінскага народа, які вядзе справядлівую вайну і змагаецца за сваю зямлю і свабоду.

- Усе задаюцца пытаннем, калі скончыцца вайна. Мяркуючы з дынамікі падзей, ці бачыце вы магчымасць таго, што яна скончыцца сёлета?

- Такая імавернасць існуе. Тут ізноў жа можна вылучыць некалькі ключавых момантаў. Вядома, Расея валодае велізарным мабілізацыйным патэнцыялам і можа набраць, абсталяваць і ўзброіць на працягу нейкага часу два мільёны чалавек сапраўды. Тут нельга недаацэньваць супраціўніка, гэта можа адбыцца.

З іншага боку, Пуцін яшчэ той «мэнэджар». За апошнія гады ён занядбаў эканоміку Расеі, зрабіў яе «нарказалежнай» і цяпер асноўная крыніца даходу – продаж энэргарэсурсаў за мяжу. Дык вось, з-за нападу на Украіну і ўведзеных санкцый, Расея за год практычна страціла энэргетычны еўрапейскі рынак, які найбліжэйшы лагістычна і самы прыбытковы для эканомікі РФ. Бо ў Еўропу ішлі энэрганосьбіты, а назад - вялізныя плыні грошай, нафтадаляры, нафтаеўры, машыны, станкі, высокатэхналагічныя тавары.

У лютым будзе уведзенае эмбарга на нафтапрадукты, Расея страціла рынак вугалю і трубаправоднага газу. ЗПГ яшчэ пастаўляецца, але мы бачым, што ўжо і Вялікабрытанія ад яго адмаўляецца. Расея ў значнай ступені страчвае рынак сырой нафты і апошнім будзе рынак нафтапрадуктаў. Гэта найвялікшы ўдар па расейскай фінансавай сістэме.

Мы ведаем, што 300 мільярдаў даляраў замарожаныя на Захадзе. За гэты год РФ выдаткавала на вайну проста неверагодныя грошы. Калі Расея працягне агрэсію ва Украіне, паспрабуе зрабіць новы заход з тэрыторыі Беларусі, значыць санкцыі Захаду яшчэ больш узрастуць. Тут такая сітуацыя цугцванга.

На мой погляд, яшчэ адзін з асноўных чыннікаў - гатоўнасць Захаду дапамагаць Украіне, пастаўляць перадавыя віды ўзбраення і надаваць шматмільярдную дапамогу для аднаўлення інфраструктуры, эканомікі і фінансавай сістэмы Украіны. Пакуль мы такую волю бачым.

Усё гэта можа прывесці да таго, што Расея перанапружыцца і вайна скончыцца ў 2023 годзе. Адным з варыянтаў таксама можа быць заканчэнне вайны без падпісання замірэння. Проста фактычна бакі не змогуць весці наступальныя дзеянні. Бо сёння складана ўявіць, як Украіна зможа вызваляць Крым і Данбас, дзе эшаланаваная абарона і вялізная колькасць войскаў. Але калі ў Расеі адбудзецца эканамічная катастрофа, то мір надыдзе на ўмовах Украіны. Аднак у першыя паўгода, несумненна, бакі паспрабуюць распачаць яшчэ значныя вайсковыя наступальныя дзеянні.

- Украіна сёння змагаецца не толькі за сваю незалежнасць, але і бароніць заходнія каштоўнасці, каштоўнасці дэмакратыі. Гледзячы на рэакцыю Захаду ў гэтай крызіснай для яго сітуацыі, як вы думаеце, ці здолее дэмакратычны свет застацца лідарам ці нас чакае змена гегемоніі Захаду, а на першыя ролі выб'ецца Кітай?

- Кітай як асобная краіна ўжо выбіўся на першыя ролі. Тым не менш, калі казаць пра звязы дэмакратычных дзяржаў, то перавага эканомік краін дэмакратычнага свету вельмі значная. ЗША, Канада - гэта велізарны рынак, існуе Еўразвяз разам з Вялікабрытаніяй. Існуе Японія з Паўднёвай Карэяй. Вядома, што створаны ўжо вайсковы звяз: ЗША, Аўстралія, Вялікабрытанія.

Пакуль у эканамічным і вайсковым плане краіны дэмакратычнага свету перавышаюць вайсковы эканамічны патэнцыял Кітая ў некалькі разоў. Хоць, на думку шэрагу вучоных, свет уступіў у фазу гегеманісцкіх войнаў. Яны мяркуюць, што барацьба паміж ЗША і Кітаем будзе абвастрацца, але, зноў жа, у КНР практычна няма супольнікаў, а ў амерыканцаў іх вялізная колькасць.

Яшчэ неабходна сказаць, што Кітай вельмі залежны ад глабальнага гандлю і 70% яго марскога гандлю праходзіць праз Малацкі праліў. У выпадку чаго ў ЗША ёсць вялікія магчымасці пазбавіць Кітай сыравіны і гандлю з Еўропай, Афрыкай і Блізкім Усходам. На сёння Пекін гэта разумее.

Пакуль сучасная гісторыя нас вучыць таму, што ўсё ж такі дэмакратыі ствараюць больш умоў для творчага развіцця людзей, таму 90% усіх сусветных патэнтаў знаходзяцца ў ЗША. Кітай шмат у чым крадзе гэтыя дасягненні, хоць зараз ужо і сам шмат што стварае.

- Многія спрабуюць спрагназаваць, што будзе адбывацца ў Расеі ў найбліжэйшы час. Ёсць шмат сцэнарыяў: варыянт вялізнай Паўночнай Карэі, распад Расеі, палацавы пераварот, «бязлітасны рускі бунт». Як, на вашую думку, будзе развівацца сітуацыя?

- Палітыку Пуціна апошніх дваццаці гадоў і агрэсію ў дачыненні да Украіны можна растлумачыць такой фразай, як «піліце гіры, Шура, піліце, яны залатыя». Пра што ідзе гаворка. У 2000 годзе Расея яшчэ пераўзыходзіла Кітай у ВУП. Прайшло 20 гадоў - Расея 1/10 эканомікі Кітая. Насельніцтва Кітая за гэты час вырасла больш, чым усё насельніцтва Расеі - на 150 мільёнаў чалавек. Расейскае насельніцтва за гэты час скарацілася. Насельніцтва Індыі вырасла на 350 мільёнаў чалавек. Гэта больш, чым насельніцтва РФ, памножанае на два.

У Расеі ж сёння галоўная канцэпцыя - «еўразійства». Пра якую «еўразійскую гегемонію» можа ісці гаворка, калі РФ саступае і ў насельніцтве, і ў эканоміцы і Кітаю, і Індыі. Плюс вялізны рост насельніцтва ў Турцыі, на Каўказе і ў краінах Сярэдняй Азіі. Праз 20 гадоў там можа адбыцца падваенне насельніцтва. Расея яшчэ ўваходзіць у дзясятку краін, дзе самая неспрыяльная сітуацыя з каэфіцыентам працаздольнага насельніцтва на лік непрацоўных, у асноўным - пенсіянераў.

У гэтай сітуацыі Пуцін нападае на праваслаўную Грузію, праваслаўную Украіну, спрабуе кантраляваць пераважна праваслаўную Беларусь, але гэта проста спроба схаваць няўдачы сваёй палітыкі і пераключыць насельніцтва. Нічым іншым гэта не растлумачыць.

У Пуціна можа быць шалёны рацыяналізм: мы захопім Украіну, Беларусь, стане большы адсотак славянскага насельніцтва. Аднак гэта проста вар'яцтва. Замест таго, каб уваходзіць у выгадныя звязы, Пуцін адкрыў Сібір і Далёкі Усход (дзе сумарна пражывае менш за 40 мільёнаў чалавек) для Кітая. Пытанне невялікага часу, калі Пекін гэтым скарыстаецца.

Катастрофа пуцінскага рэжыму непазбежная. Але з сыходам Пуціна новыя кіраўнікі Расеі вымушаныя будуць наладжваць стасункі з Захадам, зваліўшы ўсе памылкі і праблемы на сённяшняга шалёнага кіраўніка, які сядзіць у Крамлі. Расеі ці таму, што ад яе застанецца, будзе не да Украіны і Беларусі.

- Кажучы пра Беларусь, якія галоўныя падзеі ў мінулым годзе вы б адзначылі для нашай краіны?

- Галоўнае - гэта эканамічная катастрофа ў Беларусі. Калі так званыя незалежныя эканамісты спасылаюцца, што падзенне ВУП Беларусі блізу 4%, я б ім хацеў сказаць: вы ўжо тады верце і звесткам пра «выбары», дзе Лукашэнка сабе 90% намаляваў.

Думаю, што падзенне ВУП у Беларусі - не менш за 10% у гэтым годзе. Чаму? БелАЭС практычна не працавала. Вытворчасць нафтапрадуктаў з рознай інфармацыі ўпала ад 30 да 50 адсоткаў. Рэжым страціў рынак нафтапрадуктаў Украіны, дзе 80% імпартнага бензіну было з Беларусі, зробленага з расейскай нафты. Значна скараціліся пастаўкі і ў ЕЗ.

Мы ведаем, што значна ўпала вытворчасць калію, таму што немагчыма яго вывозіць чыгункай ці ў абыход. Упаў транзіт, прычым як па лініі Поўнач-Поўдзень, таму што ўкраінскі рынак закрыўся, так і па лініі Захад-Усход, бо дзейнічаюць санкцыі, пастаўкі нафтапрадуктаў і іншых тавараў упалі. Практычна спыніўся расейска-ўкраінскі гандаль, які пасля 2014 года ішоў праз тэрыторыю Беларусі.

Таксама Расея сама спыніла пастаўкі газу па двух газаправодах, якія з Сібіры ішлі праз Беларусь у Польшчу і надалей.

Калі сёння гавораць, што ВУП упаў на 4%, то гэта проста смешна. Многія кірункі беларускай эканомікі, шматгадовыя еўрапейскі і ўкраінскі рынкі, шмат у чым для рэжыму Лукашэнкі страчаныя. Гэта яшчэ адзін такі сур'ёзны момант да агрэсіі. Вайна прыйшла ў наш дом. Толькі добрая воля ўкраінскага кіраўніцтва, што не наносіліся вайсковыя ўдары па тэрыторыі Беларусі. Цяпер жа мы ведаем, што калі будуць здзейснены спробы наступу расейцаў з нашай краіны, то ў гэтым выпадку вайсковыя аб'екты на тэрыторыі Беларусі стануць законнай цэллю, а, можа, нават і аб'екты інфраструктуры, напрыклад - чыгунка, якая дастаткова блізка знаходзіцца да ўкраінскай мяжы. Гэта будзе асноўны лагістычны сродак для забеспячэння войскаў.

Дарэчы, гэта і з'яўляецца ў пэўнай ступені гарантыяй, што не будзе даўгачаснага нападу з боку Беларусі. Для расейцаў чыгунка, аўтатрасы ў Беларусі - гэта «дарогі жыцця» на сённяшні дзень. Гэта апошнія лініі гандлю з ЕЗ, прычым не толькі для Беларусі, не толькі для Расеі, але і Кітая. Думаю, КНР тут таксама цісне на Расею, каб уварвання не было.

Трэці момант, які варта адзначыць - настроі людзей не змяніліся. Нянавісць да ўладаў толькі ўзрасла. Так, людзі баяцца і запалоханыя, але гэта не дадало любові да рэжыму, да Расеі. Беларусь стаіць на парозе змен. Толькі зараз усё будзе залежаць ад іншых гульцоў - Украіны, краін Захаду. Наколькі хутка скончыцца вайна і Расея саступіць.

- Ваш прагноз, якім будзе гэты год для нашай краіны?

- Год не будзе лёгкім. Асабліва яго першая палова. Але трэба быць аптымістамі і рыхтавацца да змены ўлады ў Беларусі. Трэба быць гатовым ментальна да таго, што ўсё зменіцца і нам трэба будзе не проста адбудоўваць Беларусь, а будаваць яе як краіну, якая з'яўляецца часткай еўрапейскай цывілізацыі і Паўночнаатлантычнай вайсковай садружнасці. Да гэтага павінны быць гатовы палітыкі, медыі, беларускія добраахвотнікі ва Украіне, патрыёты ўнутры краіны і за мяжой.

Разам з Украінай мы павінны здагнаць страчанае і стаць нармальнай краінай цывілізаванага свету. Шанцы, што змены пачнуцца ў 2023 годзе, вельмі вялікія.

Напісаць каментар 29

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках