26 красавiка 2024, Пятніца, 2:46
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

ІТ-рынак у Беларусі трасе

8
ІТ-рынак у Беларусі трасе

Якіх супрацоўнікаў шукаюць кампаніі і якія заробкі ім гатовыя плаціць.

ІТ-рынак перажывае ў Беларусі не самы лепшы перыяд. Сярод іншага кампаніі скарачаюць працаўнікоў. «Люстэрка» паглядзела, якіх спецыялістаў у гэтай сітуацыі шукаюць фірмы ў гэтай сферы.

У Беларусі што тычыцца працы для айцішнікаў, то, напрыклад, на сайце дзяржаўнай службы занятасці для інжынераў-праграмістаў ёсць некалькі сотняў вакансій. Праўда, шмат працы на мінімальны заробак – ад 554 рублёў (як правіла, у аб'явах паказваюць суму да выплаты падаткаў), і гэта на поўную занятасць. Пры гэтым у некаторых аб'явах працадаўца прад'яўляе даволі высокія патрабаванні да патэнцыйнага супрацоўніка, а кола іх абавязкаў выходзіць за межы прафесіі.

Камянецкі раённы вучэбна-метадычны кабінет заплаціць 554 рублі інжынеру-праграмісту з вышэйшай адукацыяй, які акрамя тэхнічных ведаў разбіраецца ў матэрыялах для кіраўнікоў, а таксама нарматывах, умее весці тэхнічную дакументацыю. Яму трэба будзе распрацоўваць, укараняць і суправаджаць праграмнае забеспячэнне ва ўстанове, забяспечваць працу камп'ютараў і размнажальнай тэхнікі, афармляць і напаўняць сайт установы.

Страхавая кампанія «Стравіта» шукае інжынера-праграміста на заробак 554–726 рублёў. Спашукальнік павінен мець досвед працы не меншы за тры гады ў сферы страхавання жыцця, сярод іншага займацца праграмамі, звязанымі са страхаваннем жыцця. Супрацоўнік павінен ведаць ангельскую мову, быць ініцыятыўным, стрэсаўстойлівым, з аналітычным складам розуму.

Прыкладна на такім узроўні заробак прапануюць установы адукацыі, аховы здароўя, гандлю, спажывецкія звязы, некаторыя вытворчыя прадпрыемствы, сярод іх прадпрыемствы як дзяржаўныя, так і прыватныя.

Некаторыя дзяржпрадпрыемствы гатовыя плаціць больш. Напрыклад, падраздзяленне НАН Беларусі, якое займаецца беспілотнікамі, абяцае заробак шараговаму і асноўнаму інжынерам-праграмістам 2500–3000 і 3500–4000 рублёў адпаведна.

У шматлікіх прыватных кампаніях праграмістам заробак абяцаюць большы, нават калі ў супрацоўніка невялікі досвед. Напрыклад, Junior PHP распрацоўніку з досведам ад аднаго года ў кампанію «Спартдата» ў Менску прапануюць на рукі 800 даляраў (2112 рублёў – тут і далей у пераводзе паводле курсу Нацбанка Беларусі на 30 студзеня) на месяц. Тая ж кампанія заплаціць Middle ад 1800 даляраў (4753 рублёў), а Senior – ад 3000 даляраў (7922 рублёў) на месяц.

Гандлёвая сетка «Мегатоп» шукаюць праграміста 1С з вопытам працы 3–6 гадоў, на рукі абяцаюць заплаціць мінімум 5000 рублёў. Але дыстанцыйна, як у шматлікіх айцішных кампаніях, працаваць нельга, графік нармаваны, на працу трэба прыходзіць да 8.30. Наймальнік абяцае бонусы: дадатковы адпачынак, медстрахаванне за кошт кампаніі, зніжку на прадукцыю, дадатковыя матэрыяльныя выплаты.

Распрацоўнікаў узроўню Middle і Senior чакаюць у кампаніі «БелХард». Акрамя ведаў, досведу працы, тэхнічнай ангельскай у іх «у вачах павінен быць агонь пэўнага колеру». Супрацоўнікам абяцаюць заробак бруднымі ад 1000 да 2000 даляраў (2640–5281 рублёў).

Застаюцца ў Беларусі кампаніі, якія, нягледзячы на санкцыі ЕЗ, працуюць на еўрапейскі рынак. Напрыклад, сярод іх значыцца фірма Steinpilz Bel, адным з замоўцаў якой выступае, як сцвярджаецца, нямецкая кампанія Mercedes-Benz AG. Тут патрабуецца Middle распрацоўнік .Net, заробак абяцаюць ад 2000 да 3000 даляраў на рукі (5281–7922 рублёў). Наймальнік прапануе бонусы – медыцынскую страхоўку, кампенсацыю за спорт і адукацыю.

Дарэчы, «плюшкі» ў выглядзе медстрахоўкі, бясплатнага спорту і абедаў, якімі яшчэ пару гадоў таму заваблівалі да сябе айцішнікаў, у большасці аб'яваў працадаўца ўжо не паказвае.

Адзначым, што заробкі да 4000 даляраў інжынерам-распрацоўнікам узроўню Senior прапануюць блізу дзесяці кампаній з Менска. А заробкі вышэйшыя за 4000 даляраў (ад 10563 рублёў) гатовыя плаціць не больш за пяць фірмаў (калі меркаваць з вакансіяў у адкрытым доступе). Гэта вакансіі для распрацоўнікаў дадаткаў (прапанова адзін, два (тут абяцаюць заробак да 7 тысячаў даляраў на рукі) і тры). Бонусы супрацоўнікам тут ёсць, але больш яны нацэленыя на прафесійнае развіццё – курсы ангельскай мовы, стварэнне ўмоваў для кар'ернага росту.

Напісаць каментар 8

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках