25 красавiка 2024, Чацвер, 2:59
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Узровень схаванага беспрацоўя ў Расеі дасягнуў рэкорду

3
Узровень схаванага беспрацоўя ў Расеі дасягнуў рэкорду

Узровень беспрацоўя больш чым утрая перавышае афіцыйныя звесткі.

Хоць афіцыйная расейская статыстыка дае справаздачу пра рэкордна нізкае беспрацоўе, а чыноўнікі ажно да прэзідэнта заяўляюць пра «стабільнасць» рынку працы, мільёны расейскіх грамадзянаў з'яўляюцца схаванымі беспрацоўнымі, а іх колькасць – рэкордная як мінімум за апошнія 8 гадоў.

4,6 мільёна расейцаў працуюць няпоўны працоўны час, знаходзяцца ў прастоі з віны працадаўцы альбо ў адпачынку без захавання заробку, вынікае з звестак Расстата.

Узровень такога схаванага беспрацоўя – амаль 13% – больш чым утрая перавышае афіцыйныя 3,9%, падлічылі аналітыкі Finexpertiza (іхнюю ацэнку прыводзіць Financial Times).

За студзень – кастрычнік 2022 года войска «схаваных беспрацоўных» павялічылася на 730 тысячаў чалавек. На стан канца першага квартала 1,12 млн расейцаў працавалі няпоўны працоўны дзень (+100 тысячаў з пачатку года), 240 тысячаў знаходзіліся «ў прастоі» (+80 тысячаў), а 3,3 млн – у адпачынку без захавання заробку (+550 тысячаў).

І хоць улады выхваляюцца нізкім беспрацоўем, яны забываюць дадаць, што статыстычны цуд – вынік наймацнейшага скарачэння працоўнай сілы: 300 тысячаў чалавек былі мабілізаваныя, а яшчэ сотні тысячаў эмігравалі, ратуючыся ад вайны, паказвае Андрэй Калеснікаў з Carnegie Endowment for International Peace.

На паперы лічбы выглядаюць прыгожа, але на справе тое, што адбываецца, не гаворыць пра здаровы стан рынку працы, дадае ён.

Паводле Расстата, рэкордныя паказнікі схаванага беспрацоўя – у аўтапраме, які пасля сыходу заходніх канцэрнаў перажыў крах вытворчасці на 79%. Больш за чвэрць працаўнікоў аўтазаводаў (27,1%) на канец кастрычніка знаходзіліся ў прастоі, а яшчэ 8,4% працавалі няпоўны працоўны час.

Амаль 10% супрацоўнікаў адправілі ў прастой прадпрыемствы лясной прамысловасці, якія пасля еўрапейскага эмбарга страціла найбуйнейшы рынак збыту, а новы – у Азіі – знайсці не змагла.

Практычна кожнага пятага ў адпачынак без захавання заробку выправілі вытворцы прадуктаў харчавання (17,9%), хімічныя заводы (17,9%) і фармацэўтычныя прадпрыемствы (17,8%).

Больш за 20% супрацоўнікаў у адпачынку без заробку – на металургічных заводах, мэблевых фабрыках і ў кампаніях – вытворцах электрапрыбораў, вынікае са статыстыкі.

Зніжэнне ўзроўню беспрацоўя на фоне рэкорднай колькасці «ўтоеных беспрацоўных» тлумачыцца слабой дэмаграфічнай сітуацыяй, за 9 месяцаў 2022 года краіна страціла яшчэ паўмільёна чалавек у выніку натуральнага змяншэння, а яшчэ да 1 мільёна сталі эмігрантамі, ацэньваюць аналітыкі Альфа-банка.

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках