29 сакавiка 2024, Пятніца, 16:27
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

160 гадоў таму ў Беларусі пачалося паўстанне Кастуся Каліноўскага

2
160 гадоў таму ў Беларусі пачалося паўстанне Кастуся Каліноўскага

22 студзеня 1863 года Цэнтральны нацыянальны камітэт даў сігнал да барацьбы з Расійскай імперыяй.

22 студзеня 1863 году Цэнтральны нацыянальны камітэт у Варшаве пачаў паўстанне супраць расейскага царызму. Да яго далучыліся паўстанцы Беларусі і Літвы пад кіраўніцтвам Кастуся Каліноўскага.

Першыя паўстанцкія атрады былі створаны на тэрыторыі заходніх паветаў Беларусі яшчэ ў канцы студзеня, а на астатняй тэрыторыі - у сакавіку - красавіку 1863 года. Яны фармаваліся з дробнай шляхты, афіцэраў, рамеснікаў, студэнтаў, гімназістаў старэйшых класаў, сялян. Атрады паўстанцаў, якія ўзначальвалі Валерый Урублеўскі, Фелікс Ражанскі (Гарадзенская губерня), Зігмунд Серакоўскі, Антанас Мацкявічус (Ковенская губерня), Антон Трусаў (Менская губерня), Людвіг Звяждоўскі (Магілёўская губерня), Максіміліян Чарняк (Віленская губерня), імкнуліся далучыць да паўстання як мага больш сялян, спрабавалі рэалізаваць аграрную праграму.

Кіраўнікі паўстання, асабліва Кастусь Каліноўскі, мелі намер распаўсюдзіць паўстанне на прыбалтыйскія і расейскія губерні. Для гэтага прадугледжвалася стварэнне новых атрадаў - у Латвіі і Эстоніі.

На дапамогу Звяждоўскаму з Пецярбурга і Масквы прыбылі афіцэры Будзяловіч, Жабраўскі ды іншыя з мэтай распаўсюджвання паўстання на Смаленск і Маскву.

Расейскія ўлады ўжылі надзвычайныя меры для здушэння паўстання. Колькасць салдат на ахопленых ім тэрыторыях было павялічаная. У Беларусь, Літву і Польшчу перакідваліся войскі з цэнтральных абласцей імперыі. За выдачу паўстанцаў былі абвешчаныя ўзнагароды. Тыя вёскі, якія надавалі дапамогу паўстанцам, цалкам спальваліся, маёмасць распрадавалі з аўкцыёнаў, а жыхары накіроўваліся на пасяленне ў цэнтральныя рэгіёны Расеі альбо ў Сібір. Дзякуючы рэпрэсіям, уладам удалося здушыць паўстанне.

28 жніўня Польскі нацыянальны ўрад аддаў загад аб спыненні вайсковых дзеянняў.

Узброеная барацьба ў Беларусі працягвалася яшчэ амаль год. Улетку 1864 года была ліквідаваная апошняя рэвалюцыйная арганізацыя ў Навагрудскім павеце.

Удзельнікі паўстання зазнавалі бязлітасныя рэпрэсіі. Іх сядзібы руйнаваліся, маёмасць канфіскоўвалася. Больш за сотню паўстанцаў былі пакараныя, 800 сасланы на катаргу, амаль 12,5 тысяч чалавек выселеныя, у тым ліку 500 - у Сібір.

Тым не менш, паўстанне прымусіла царскі ўрад пайсці на больш выгадныя ўмовы правядзення сялянскай рэформы ў Польшчы, Беларусі і Літве. Паўстанне мела вялікі ўплыў і на ажыўленне рэвалюцыйнага руху як у Расейскай імперыі, так і ў Заходняй Еўропе, а таксама на рост нацыянальнай самасвядомасці беларусаў, літоўцаў і палякаў.

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках