19 красавiка 2024, Пятніца, 3:02
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У Швэйцарыі адбылася прэм'ера фільма пра Андрэя Саннікава

15
У Швэйцарыі адбылася прэм'ера фільма пра Андрэя Саннікава

Гэта прызнанне для людзей, якія змагаюцца за свабоду Беларусі.

У швэйцарскім Залатурне адкрыўся прэстыжны 58-ы фестываль швэйцарскага кіно. На ягоным адкрыцці адбылася прэм'ера дакументальнага фільма пра Беларусь «This Kind Of Hope», галоўны герой якога – лідар грамадзянскай кампаніі "Еўрапейская Беларусь" Андрэй Саннікаў.

Польска-швэйцарскі рэжысёр Павел Січак расказаў сайту Charter97.org, як з'явіўся гэты фільм:

– Усё пачалося ў 2006–2007 гадах, калі я наведваў Менск. Мяне моцна зацікавіла гэтае месца. Калі я адчуў гэтую атмасферу дыктатуры, то адчуў, што ў гэтым шмат агульнага з маім дзяцінствам, якое праходзіла ў Лівіі ў часы Кадафі і камуністычнай Польшчы ў 80-я гады. Тады я зразумеў, што хачу зрабіць фільм на тэму дыктатуры і Беларусі. На гэта спатрэбілася некалькі гадоў.

Калі Андрэй Саннікаў прыехаў у Польшчу, у мяне атрымалася завязаць з ім кантакт. Дарэчы, гэта атрымалася зрабіць праз рэдакцыю сайта "Хартыя-97". Мы пачалі размаўляць, і ў мяне з'явілася адчуванне, што гэта вельмі добры герой для майго фільма, бо ў яго шматбаковы і цікавы характар, а таксама ён добра выглядае перад камерай і ўмее хораша гаварыць. Андрэй – вельмі рознабаковы чалавек, у якім шмат розных рысаў. Я яму нават гаварыў, што ён для мяне не "герой, які свеціцца", а нечым нагадвае мне Хамфрі Богарта (амерыканскі акцёр, які выступаў у 30-я, 40-я і 50-я гады ХХ стагоддзя – рэд) – ёсць і цені, і святло, усмешка, а часам і дрэнны настрой. Гэта мяне моцна зачаравала і да гэтага часу ў ім падабаецца.

ЗАЛА НА 1000 МЕСЦАЎ

Я дакументаваў з маёй перспектывы тое, што адбывалася ў жыцці Андрэя, пачынаючы з 2013 года. Мы прыязджалі і здымалі цягам некалькіх гадоў: 2013, 2015, 2018, 2019. Так пачынаў з'яўляцца фільм пра ягонае жыццё, можна сказаць – партрэт.

У ягоным жыцці адлюстроўваецца вельмі шмат гісторый: гісторыя СССР, "перабудовы", гісторыя ядзернага раззбраення Беларусі, а пазней – гісторыя дыктатуры ў Беларусі.

– Прэм'ера фільма адбылася ў швэйцарскім Залатурне. Як людзі ўспрынялі гэты фільм?

– Па-першае, фільм адкрываў фестываль, а гэта штогадовая сустрэча швэйцарскіх кінематаграфістаў. На вялікае адкрыццё быў абраны менавіта гэты фільм – пра Беларусь. Гэта асаблівая ўзнагарода і паказвае, што швэйцарская камісія кінематаграфістаў вельмі зацікавілася гэтай карцінай. На адкрыццё было запрошана вельмі шмат гасцей – палітыкаў, парламентарыяў, супрацоўнікаў рэгіянальных урадаў, журналістаў, кінематаграфістаў. Адчувалася, што людзей вельмі ўсхваляваў гэты фільм, яны былі зачараваныя асобай Андрэя.

Калі Андрэй выйшаў на сцэну пасля фільма, цэлая зала, а гэта блізу тысячы чалавек, устала. Гэта было для яго вялікае прызнанне, але ў ягонай асобе гэта было прызнанне для людзей, якія змагаюцца за свабоду слова ў Беларусі.

– Наколькі, на ваш погляд, гэта важны і своечасовы фільм?

– Магу сказаць, што да лета 2020 года Беларуссю вельмі слаба цікавіліся, было шмат людзей, якія не мелі ніякага ўяўлення пра яе. Шмат хто на Захадзе нават не ведаў, што гэта ўвогуле незалежная краіна. Людзям здавалася, што Лукашэнка – гэта «смешны аўтарытарны прэзідэнт з вусікамі», што «не такі ён ужо і дрэнны».

Калі ж справа дайшла да пратэстаў, да жорсткасці, якую паказаў рэжым, то Еўропа пачала цікавіцца Беларуссю. Прынамсі – тыя краіны, пра якія я ведаю. Людзі даведаліся, што ёсць такая краіна, што ёсць жорсткая дыктатура і шмат людзей у Беларусі церпіць.

Тады змяніўся падыход, і я заўважыў, што калі я размаўляў з людзьмі ў Нямеччыне, Швэйцарыі, то большасць ужо ведала, што адбываецца ў Беларусі. Сітуацыя змянілася, а ў фільме задакументавана, што яшчэ тры гады таму цікавасці да Беларусі не было, а пасля падзеяў 2020 года з'явіліся ўжо іншыя настроі.

– Ці будуць паказы ў іншых гарадах і калі фільм з'явіцца на нейкіх платформах у інтэрнэце?

– Для мяне важна, каб былі годныя прэм'еры фільма ў Нямеччыне і ў Польшчы. Першы год гэты фільм будзе паказвацца на фестывалях, кінатэатрах, а потым на тэлевізіі і ў інтэрнэце.

Вядома, вельмі важна, каб беларусы ўбачылі гэты фільм, але таксама вельмі важна, што яго будуць паказваць на фестывалях і кінапаказах, што мяняе свядомасць людзей. У першую чаргу гэта фільм для жыхароў Еўразвязу і Швэйцарыі, каб яны зразумелі, што адбываецца ў Беларусі.

СЦЭНА З ФІЛЬМА THIS KIND OF HOPE
Напісаць каментар 15

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках