26 красавiка 2024, Пятніца, 0:54
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Глядзець невыносна, але абавязкова

14
Глядзець невыносна, але абавязкова
ФОТА: NN.BY

Успаміны пра будучыню.

Нядаўна паглядзела швейцарскі дакументальны фільм пра гісторыю беларускага супраціву. Глядзець было невыносна.

Вось верасень 2010 года, пахаванне Алега Бябеніна. Алег. 12 гадоў прайшло, а за гэтую смерць так ніхто і не адказаў. Труну з целам Алега нясе Яўген Афнагель. Жэнька. Пасля падзей 2020 года ён цудам пазбег арышту - умудрыўся схавацца ў падвеснай столі (напэўна, ён усё ж Бэтмен), і пакуль кадэбэшнікі трыбушылі ягоны дом, Афнагель лунаў над імі, як буравеснік, і з цяжкасцю стрымліваў смех. Тады ён змог таемна ўцячы, некалькі год жыў за мяжой, але вярнуўся, каб зноў арганізоўваць вулічныя пратэсты. Яўген трэці год у турме.

На фоне труны Алега Бябеніна, што плыве на плячах у мужчын, бачу профіль Паўла Севярынца. Павел таксама трэці год у турме, толькі ў прамежку паміж пахаваннем 2010 года і арыштам 2020 года ён паспеў паўгода праседзець у СІЗА КДБ і адбыць тры гады «хіміі». На тым жа пахаванні ля труны Станіслава Шушкевіча, якому мы шмат у чым абавязаныя незалежнасцю. Прабачце, Станіслаў Станіслававіч, што ўпусцілі падораную вамі свабоду і не паспелі яе вярнуць пры вашым жыцці.

А вось старыя кадры, знятыя стоенай камерай. Юныя Максім Вінярскі і Павел Юхневіч раздаюць улёткі ў метро, а потым раскладваюць падпольныя газеты па паштовых скрынях. О, я добра памятаю тыя газеты без выходных звестак - зараз цяжка паверыць, але іх друкавалі тыражом 600 000 асобнікаў. І калі я бачыла спадарынь, якія чытаюць гэтыя газеты ў салонах прыгажосці, трамваях, на лаўках у парку, я пачынала разумець значэнне старога савецкага выраза «даставіць у кожную сялянскую хату». Максім і Павел згаджаліся на здымку іх партызанскіх аперацый і не хавалі твараў. Уласна, яны ніколі іх не хавалі. Абодва ў турме трэці год. Колькі яны адсядзелі агулам за ўвесь гэты час з улікам адміністрацыйных арыштаў - не падлічыць. Шмат. Максіма я не пазнала ў зале суда - без сваёй дэкадэнцкай даўгавалосай фрызуры, схуднелы кілаграмаў на 20, ён выглядаў зусім па-іншаму. Толькі ўсмешка ўсё тая ж, ды яшчэ «Жыве Беларусь!» і ўскінутая ў пераможным жэсце рука заўсёды з ім. А бясстрашны Павал Юхневіч адзін час спрабаваў жыць звычайным жыццём, як большасць беларусаў, - працаваў, ажаніўся, выхоўваў дзвюх цудоўных дочак. Рабіў кар'еру ў аўтабізнэсе, у яго выдатна атрымлівалася. Улетку 2020 года яму прапанавалі стаць афіцыйным прадстаўніком буйнога шыннага канцэрна ў Беларусі. Раскошная прапанова з такім жа раскошным заробкам, толькі трэба было згаджацца адразу і пачынаць працаваць, зрабіўшы выгляд, што нічога ў краіне не адбываецца, і не выходзіць на пратэсты. Не змог, адмовіўся, сеў у турму.

Камера здымае шматтысячнае шэсце. Наперадзе - Мікалай Статкевіч. Наогул я заўважыла, што колькі б шэсцяў ні паказвалі, Статкевіч амаль заўсёды - у першых шэрагах калоны. Выключаючы тыя гады, калі ён сядзеў у турме. А сядзіць ён агулам больш за дзесяць гадоў. І наперадзе яшчэ столькі ж, калі мы не выправім сітуацыю. Потым камера зноў выхоплівае знаёмыя твары - вось Генадзь Фядыніч, вось Зінаіда Міхнюк. Абое, зразумела, сядзяць. Зінаіду ў родным горадзе даўно называюць Берасцейскай цытадэллю – за адчайны характар, бясконцую мужнасць і волю да супраціву. Ейны калега з прафсаюзнай дзейнасці Генадзь Фядыніч быў арыштаваны, калі яшчэ не скончыўся тэрмін ягонай «хатняй хіміі» пасля першай крымінальнай справы, і цяпер прафзвяз РЭП, якім ён кіраваў шмат гадоў, прызнаны экстрэмісцкім фармаваннем, а Генадзю, які адзначыў 60-годдзе ў СІЗА , далечы як патомнаму экстрэмісту дзевяць гадоў

Калі я глядзела гэты фільм, дзе ўсе жывыя і на свабодзе, лавіла сябе на тым, што адчайна не хачу ўспамінаць. Я якраз хачу ўсё забыцца, каб гэта пекла не вярталася начнымі жахамі, не катавала бессанню і бяссіллю, не шаптала ў вуха «а памятаеш?». Але не выходзіць.

Успаміны лезуць праз усе аконныя і дзвярныя шчыліны, праходзяць скрозь сцены, блытаюцца ў павуцінні лаўца сноў. І іх не прагоніш, таму што гэта ўспаміны пра людзей, якім горш, чым нам, - калі яны ўвогуле яшчэ жывыя.

І я разумею, што ўсе яны - Мікалай, Павел, Зінаіда, Максім, яшчэ адзін Павел, Яўген, Генадзь, яшчэ сотні і тысячы беларусаў, якія сядзяць - гэта і ёсць наша будучыня. Без іх не можа быць свабоднай Беларусі, у якой усім будзе не страшна жыць і ў якой нарэшце расследуюць смерць Алега Бябеніна і назавуць вуліцу імем Станіслава Шушкевіча. Значыць, як бы ні было балюча і страшна ўспамінаць зноў і зноў усё, што адбывалася, і ўсіх, хто за кратамі, - давядзецца. Здаецца, я нарэшце зразумела, што азначае выраз «успаміны пра будучыню».

Ірына Халіп, адмыслова для Charter97.org

Напісаць каментар 14

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках