25 красавiка 2024, Чацвер, 23:42
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Сцяпан Грыгаран: Найбліжэйшым часам АДКБ распадзецца

10
Сцяпан Грыгаран: Найбліжэйшым часам АДКБ распадзецца
Сцяпан Грыгаран

Першай вайсковы блок можа пакінуць Арменія.

Арменія адмовілася праводзіць вайсковыя вучэнні краін АДКБ на сваёй тэрыторыі. Што стаіць за новым дэмаршам Ерэвана? Пра гэта сайт Charter97.org паразмаўляў з адным з лідараў дэмакратычнага руху ў Арменіі ў 1990-х гадах, былым дэпутатам Вярхоўнага Савета рэспублікі і экс-амбасадарам Арменіі ў Расеі Сцяпанам Грыгаранам:

- Мы падтрымліваем пастанову прэм'ер-міністра Арменіі, пра якую ён заявіў на вялікай прэс-канферэнцыі для армянскіх журналістаў. АДКБ ніяк не адрэагавала ў падтрымку Арменіі, хаця гэта арганізацыя па бяспецы. Як ні дзіўна, мы павінны адзін аднаму дапамагаць у выпадку нападаў. Калі напад зазнае тэрыторыя адной з краін, то чацвёрты артыкул гаворыць, што іншыя чальцы павінны яе падтрымаць. Падтрымка можа быць дыпламатычнай, вайсковай, тэхнічнай - не важна якой, але яна павінна быць.

Цягам апошніх двух гадоў, як мінімум чатыры разы Азербайджан заходзіў на нашу тэрыторыю, паглыбляўся на некалькі кіламетраў. АДКБ нават заявы не зрабіла. Зразумела, што гэта не ёсць тая сістэма бяспекі, якая патрэбная Арменіі.

Зразумела, што праводзіць у нас вайсковыя вучэнні абсалютна бессэнсоўна. Таму мы падтрымліваем пастанову ўрада Арменіі адмовіць Маскве ў правядзенні вайсковых вучэнняў на нашай тэрыторыі.

- Ці працягнецца дыстанцыя Арменіі ад гэтага саюза і ці магчымы нарэшце выхад з яго?

- Па-першае, нягледзячы на тое, што ўлады Арменіі дзейнічаюць нерашуча, яны фактычна пацвердзілі, што выхад з АДКБ знаходзіцца на парадку замежнай армянскай палітыкі і разглядаецца ўрадам. Ці наважыцца наш урад з улікам таго, што наша залежнасць ад Расеі дастаткова вялікая, а АДКБ - гэта ў першую чаргу РФ, цяжка сказаць. Аднак тое, што гэтае пытанне стаіць у абвестцы - вельмі важна, раней аб выхадзе нават не задумваліся, баяліся пра гэта казаць.

Мая экспэртная думка - АДКБ не толькі не дзейная арганізацыя для нас, ва ўсіх краін дамовы ёсць інтарэсы з Азербайджанам, уключаючы лукашэнкаўскую Беларусь, іншых членаў. Яны ніколі на карысць Арменіі крок не зробяць, бо сябруюць з Баку і супраць іх не пойдуць.

Тут ёсць іншая праблема. АДКБ заяўляе, што праблемы з Азербайджанам, якія ў нас пасля вялікай карабахскай вайны 2020 года, гэта «прыгранічныя спрэчкі». Атрымліваецца, што АДКБ афіцыйна легалізуе атакі Азербайджана на армянскую тэрыторыю, АДКБ робіць тэрыторыю Арменіі спрэчнай.

13 верасня 2021 года ўвесь свет асудзіў уварванне Азербайджана ў Арменію. Увесь свет, акрамя Расеі і АДКБ. Разам з тым, уваходжанне азербайджанскіх войскаў было настолькі глыбокім, што яны практычна падышлі да горада Джармука, які знаходзіцца за 10 кіламетраў углыб армянскай тэрыторыі. Аб якім прыграніччы ідзе гаворка? Аднак у АДКБ заявілі, што няхай усё вызначаюць з дапамогай дэмілітарызацыі і дэмаркацыі.

АДКБ небяспечная для Арменіі, бо легітымізуе ўварванне на армянскую тэрыторыю. Бачыце, я падкрэсліваю, што гаворка ідзе аб Арменіі, не аб Нагорным Карабаху. Таму АДКБ уяўляе небяспеку для нас. З «арганізацыі бяспекі» яна ператварылася ў «арганізацыю небяспекі» для армянскай дзяржаўнасці.

Таму трэба выйсці, каб не пагаршаць стасункі з іншымі краінамі. Напрыклад, у нас добрыя дачыненні з краінамі Сярэдняй Азіі, але знаходжанне ў АДКБ пагоршыць іх. Армянскі ўрад кожны раз патрабуе, каб АДКБ адрэагавала, а гэтыя краіны маюць свае інтарэсы. У Казахстана, Кыргызстана, Таджыкістана вялізныя сувязі з Азербайджанам, з Турцыяй. Яны ня могуць быць за нас. АДКБ ужо сёння на нашу карысць не працуе.

Памятайце, у Арменіі 23 лістапада 2022 года прайшоў саміт АДКБ.

- Так, калі Пашынян адмовіўся падпісваць выніковую дэкларацыю.

- Ён і выніковую дэкларацыю не падпісаў, і заяву па Арменіі. Выявілася, што нават заява па Арменіі, якую АДКБ планавала, не адпавядала інтарэсам Ерэвана. Тое, што Пашынян не падпісаў гэтую выніковую дэкларацыю, фактычна азначае, што мы выходзім з АДКБ. Цяпер трэба гэта юрыдычна замацаваць. Бо нават з тымі краінамі, з якімі ў нас добрыя стасункі, праз АДКБ яны пагоршацца.

Больш за тое, у грамадскай думцы цяпер вельмі дрэннае стаўленне да Беларусі, само сабой — да Расеі. Пачынаецца адмоўнае стаўленне да Казахстана і Кыргызстана. Якія ў нас былі да іх прэтэнзіі? Ніякіх. Цяпер з'явілася незадаволенасць, што яны «сябе так вядуць». А чаму яны так сябе паводзяць? Бо ў іх інтарэсы з Азербайджанам. Таму трэба з АДКБ выходзіць.

- Унутры блока ёсць і іншыя канфлікты. Напрыклад, паміж Кыргызстанам і Таджыкістанам. Ці ёсць у АДКБ будучыня?

- З майго пункту гледжання, не. Бо Расея займае вядучую ролю ў АДКБ. Усе ведаюць, што ў NATO ёсць буйныя гульцы - Францыя, Турцыя, Вялікая Брытанія, Нямеччына, але ўсе ведаюць, што галоўныя там - ЗША. Таксама і з Расеяй у АДКБ. Дык вось, не ў інтарэсах Расеі, каб ліквідаваліся канфлікты.

Паміж Кыргызстанам і Таджыкістанам цяпер праблемы, яны ніколі не ліквідуюцца не таму, што іх нельга ліквідаваць, а таму, што галоўны гулец АДКБ не зацікаўлены ў гэтым. Наадварот, Расеі патрэбныя гэтыя праблемы, каб маніпуляваць, каб кіраваць сітуацыяй. Бо калі не будзе праблем паміж Таджыкістанам і Кыргызстанам, яны будуць працаваць з Кітаем і ЗША. Навошта ім будзе Расея, у якой няма рэсурсаў, каб уплываць?

Карабахскі канфлікт - Расея не хоча яго развязваць. Пуцін хоча маніпуляваць гэтым канфліктам, каб і Арменію, і Азербайджан пры сабе трымаць. Гэта было і 20 гадоў таму, гэта ёсць і цяпер. Таму АДКБ не мае будучыні, бо галоўны гулец не зацікаўлены ў развязанні спрэчак, якія адбываюцца або паміж членамі АДКБ, або іншымі краінамі і краінай-членам. Мы гэта бачым на прыкладзе Арменіі і Азербайджана.

- Расея даволі сур'ёзна «захраснула» ва Украіне. Мы ўжо бачым, што, напрыклад, кіраўнік Таджыкістана на павышаных тонах выказвае свае прэтэнзіі да Пуціна, патрабуючы іншага стаўлення. Ці будзе працягвацца дыстанцыяванне ад РФ на постсавецкай прасторы?

- Вы прывялі выдатны прыклад, калі прэзідэнта Таджыкістана давялі да зрыву і ён крычаў: «Мы патрабуем павагі». Вельмі цікавая фраза. Прэзідэнт Казахстана выступаў на буйным форуме, на адной сесіі разам з Пуціным і сказаў: «Мы ніколі не прызнаем квазіўтварэнне ў выглядзе Данецка і Луганска». Вельмі зневажальна сказаў.

Скажу, што нараканне і незадаволенасць у АДКБ ёсць, найбольшую незадаволенасць выказвае маленькая Арменія, блакуючы прыняцце агульнай рэзалюцыі.

Нараканне і незадаволенасць мы чуем ад Казахстана, Таджыкістана і, мне здаецца, найбліжэйшым часам гэтая арганізацыя распадзецца. Арменія павінна выйсці. Пасля выхаду Арменіі, думаю, распад будзе непазбежны.

Напісаць каментар 10

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках