19 красавiка 2024, Пятніца, 7:53
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Што рабіць, калі патрапілі ў ДТЗ з дзікім зверам?

17
Што рабіць, калі патрапілі ў ДТЗ з дзікім зверам?

Ніхто не застрахаваны ад такога на хуткаснай трасе.

Часцей за ўсё такія ДТЗ адбываюцца ў прыцемках або ў цемры: у кіроўцы як на злосць зніжаецца вастрыня зроку, а ў звяроў надыходзіць перыяд актыўнасці, і яны могуць выйсці на праезную частку. Сустрэча з буйной жывёлінай у кожным выпадку будзе мець сур'ёзныя наступствы.

Аўто – хломаст. І гэта не найгоршае, што магло быць

Ішоў 2019-ты.

- На трасе М1 пад Крупкамі на хуткасці каля 120 км/г я збіў лася, - распавёў карэспандэнту Onlíner чытач. - Аўто - у хломаст, на мне толькі драпіна ад шкла, якое захрасла ў валасах. Цяпер кожны год святкую другі дзень нараджэння.

Кіроўца кажа, што яго ўратавала рэакцыя.

- У ДАІ падлічылі, што ў мяне была секунда на прыняцце пастановы. Я пусціў лася па правым баку. Ехаў адзін, таму ў машыне ніхто не пацярпеў. Лось загінуў. Па вазе ён быў блізу 300 кг, - адзначыў субяседнік.

Перш за ўсё кіроўца патэлефанаваў на лінію «102».

- Было цёмна, лось ляжаў у левай паласе, я выставіў знак. Прыехаў экіпаж міліцыі і абгарадзіў гэтае месца, каб больш ніхто не наехаў. У гэты ж час прыехалі леснікі, усё замералі і забралі лася, мне далі даведку для ДАІ і з'ехалі. Інспектары таксама ўсё замералі, затым мы з імі паехалі глядзець, ці ёсць дарожны знак, які папярэджвае пра дзікіх жывёлін. Знака не было. Адміністрацыйны матэрыял склалі, але неўзабаве мне прыйшоў ліст аб тым, што справа закрытая ў сувязі з адсутнасцю віны. Мне сказалі, што аварыя каштавала б мне сур'ёзнага штрафу, калі б знак быў, - кажа наш чытач.

Машына была разбітая, і кампенсацыі не прадбачылася.

- Лясгасу, наколькі я ведаю, мая страхавая нешта выплачвала. Мне нічога не належала. Было б каско - іншая размова. Ну а так - я даведваўся - можна было хіба што судзіцца з дарожнікамі, але, як мне сказалі, гэта змарнаваны час пры такіх абставінах. Аўто я прадаў хлопцу: ён забіраў яго альбо на аднаўленне, альбо на запчасткі. Быццам бы аднавіў. Фота страшныя, вядома, але лось па капоце і даху пайшоў, кузаў з большага роўны застаўся, - распавёў кіроўца.

Што трэба рабіць, калі здарылася такое ДТЗ?

Між тым ва УУС Берасцейскай вобласці сёння апублікавалі алгарытм дзеянняў, якога неабходна прытрымлівацца ўдзельнікам такіх дарожна-транспартных здарэнняў.

- Адно з правілаў аб'езду жывёл, якія раптам з'явіліся на дарозе: іх трэба паспрабаваць аб'ехаць ззаду. Інстынкт і страх практычна заўсёды гоняць жывёлу наперад. Таму, калі бачыце лася, казулю, аленя, які бяжыць напярэймы, па магчымасці, адсочваючы яго траекторыю і максімальна знізіўшы хуткасць, накіроўвайце аўтамабіль у процілеглы бок ад кірунку руху звера. Зразумела, калі гэта дазваляе дарожнае становішча і няма сустрэчных ці спадарожных аўтамабіляў, - раяць у міліцыі.

Кіроўца, які з'яўляецца ўдзельнікам дарожна-транспартнага здарэння, абавязаны:

неадкладна спыніцца і не прымаць мер па змяненні становішча транспартнага сродку, пры ўдзеле якога ўчыненае дарожна-транспартнае здарэнне, уключыць аварыйную светлавую сігналізацыю і выставіць знак аварыйнага спынення, заставацца на месцы дарожна-транспартнага здарэння па магчымасці па-за праезнай часткай дарогі;

прыняць меры для надання неабходнай дапамогі пацярпеламу (пацярпелым) пасажырам, выклікаць хуткую медыцынскую дапамогу, а калі гэта немагчыма, прыняць меры для дастаўкі пацярпелага (пацярпелых) у найбліжэйшую арганізацыю аховы здароўя на адным або некалькіх спадарожных транспартных сродках (пры іх адсутнасці даставіць пацярпелага (пацярпелых) на транспартным сродку, пры ўдзеле якога здзейснена дарожна-транспартнае здарэнне).

Важна: нельга падыходзіць да дзікай жывёлы, бо ў стане шоку яна здольная пакалечыць ці нават забіць таго, хто наблізіцца.

Забараняецца:

пакідаць месца дарожна-транспартнага здарэння, перамяшчаць транспартны сродак і прадметы, якія маюць дачыненне да дарожна-транспартнага здарэння, акрамя выпадкаў, указаных вышэй;

спажываць алкагольныя, слабаалкагольныя напоі, піва, наркатычныя сродкі, псіхатропныя рэчывы, іх аналагі, таксічныя або іншыя адурманьвальныя рэчывы да праходжання ва ўстаноўленым парадку праверкі (агляду) на прадмет вызначэння стану алкагольнага ап'янення або стану, выкліканага спажываннем наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў, іх аналагаў, таксічных або іншых адурманьваючых рэчываў;

ускрываць тахограф без дазволу супрацоўніка ДАІ.

Як і паказвае досвед нашага чытача, неабходна вельмі ўважліва паставіцца да знака "Дзікія жывёлы" і на адцінках, дзе ён усталяваны, быць асабліва асцярожным, знізіць хуткасць.

Ва УУС пацвердзілі: страхавая кампенсацыя за механічныя пашкоджанні, атрыманыя аўтамабілем у выніку сутыкнення з жывёлінай, можа быць выплачаная, толькі калі транспартны сродак застрахаваны праз каско.

Напісаць каментар 17

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках