26 красавiка 2024, Пятніца, 2:27
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У мяне для вас добрая навіна

29
У мяне для вас добрая навіна
Андрэй Саннікаў

Чаму патрэбныя санкцыі?

Лідар грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Андрэй Саннікаў выступіў на Польскім эканамічным форуме, які прайшоў 6-8 верасня ў горадзе Карпачы. Сайт Charter97.org прыводзіць тэкст ягонага выступу цалкам:

«У мяне адразу будзе для вас навіна, для каго добрая, для каго не надта: санкцыі працуюць!

Дыктатар Лукашэнка сам гэта пацвердзіў, загаварыўшы аб амністыі, загаварыўшы аб тым, што неабходна выпраўляць перагібы. То бок, «перагібамі» ён называе недзе 50 тысяч арыштаваных за час пасля пачатку час пратэстаў і недзе 4-5 тысяч палітвязняў, якія сядзяць у турмах і калоніях Беларусі. Загаварыў ён пра гэта толькі таму, што пачалі працаваць санкцыі. Яны пачалі працаваць нядаўна, прыкладна з чэрвеня. І вось ужо на пачатку верасня мы чуем пра амністыю.

Я з'яўляюся, напэўна, ветэранам дыскусіі аб санкцыях, яна ў дачыненні да Беларусі доўжыцца ўжо чвэрць стагоддзя з пераменным поспехам. Таму ў мяне не засталося, ды і не было ніякіх ілюзіяў ці спадзяванняў, што Захад спіць і бачыць, як дапамагчы дэмакратычнаму грамадству Беларусі, як дапамагчы Беларусі стаць свабоднай. Не было такога і няма.

Але яны разумеюць прагматычныя аспекты. Вось пра прагматыку я і хачу пагаварыць, прынамсі, што «перашкаджала» ўводзіць санкцыі, якія аргументы падаваліся?

Першае: вельмі настойліва казалі, што трэба выкарыстоўваць Лукашэнку супраць Расеі, адарваць яго ад Пуціна. Нібыта такая магчымасць з'явілася. Хтосьці на Захадзе пастанавіў пасля разгону плошчы 2010 года, пасля мяккіх санкцый 2011-2014 гадоў: «а давайце мы цяпер у такую вось гульню згуляем». Згулялі і дагуляліся. Лукашэнка даў Расеі ўсю тэрыторыю Беларусі як вайсковы плацдарм для развязвання буйнамаштабнай вайны ў Еўропе. Такім чынам, спадзяюся, гэты аргумент на карысць неўвядзення санкцый адпаў.

Другі аргумент больш цынічны - гэта бізнэс. Бізнэс-інтарэсы Захаду ў Беларусі, якая жыве ў дыктатуры, былі заўсёды. Гаварыліся высокія словы аб правах чалавека і дэмакратыі, а бізнэс-бізнэсам паводле шэрых схемаў, а часам паводле чорных схемаў ішоў сваім чародам. Чаго граху ўтойваць? Мы ўсе цудоўна памятаем і дзіўны рост тавараабарачэння з Еўропай у часы санкцый: польскія яблыкі, напрыклад, і іншае.

Мне здаецца, гэтыя размовы з пачаткам вайны скончыліся. Бізнэс з дыктатурай Лукашэнкі, суўдзельнікам агрэсіі ва Украіне, - гэта наўпроставая дапамога Крамлю.

Чаму патрэбныя санкцыі?

Ізноў жа адзначу асабліва практычныя рэчы, без усякіх гутарак аб выратаванні душы. Першае: пытанне бяспекі. Пачынаючы з 2009 года, калі прайшлі першыя пасля распаду Савецкага Саюза буйнамаштабныя вайсковыя манеўры на тэрыторыі Беларусі - «Захад-2009», мы, грамадзянская кампанія «Еўрапейская Беларусь», казалі, што ідзе падрыхтоўка да ваеннага ўварвання ў Еўропе. Мы гаварылі аб уразлівасці Польшчы, гаварылі аб планах Расеі адрэзаць ад Еўропы краіны Балтыі, прабіць праз Сувалкі калідор з Беларусі да Калінінграда. Потым адбываліся такія ж буйнамаштабныя аналагічныя вайсковыя вучэнні ў 2013, 2017, 2021 гадах. І гэта ўсё была падрыхтоўка да ўварвання.

Гэта значыць, калі сапраўды Еўропу, Захад хвалююць пытанні бяспекі, то санкцыі дапамагаюць развязаць гэтыя пытанні, дапамагаюць утаймаваць дыктатараў і прадухіліць пагрозу міжнароднай бяспецы. І наадварот, як мы бачым на прыкладзе Беларусі, адсутнасць санкцый пацвярджае веру дыктатараў ва ўласную беспакаранасць.

Другое: санкцыі супраць рэжыму ідуць на карысць Беларусі. На сёння ўлада Лукашэнкі трымаецца толькі на гвалце, на рэпрэсіўным апараце. Усе паступленні ў бюджэт за кошт змякчэння санкцый будуць у момант усмоктвацца рэпрэсіўным апаратам для падтрымання ўзроўню гвалту ў краіне. Цяпер ужо ўсім, у тым ліку і бізнэсу на Захадзе, павінна быць зразумела, што рэформы ў Беларусі пачнуцца толькі пасля сыходу рэжыму Лукашэнкі са сцэны. Вось тады і спатрэбяцца інвестыцыі, актыўны гандаль, дапамога ў рэформах. Вось тады ў замежнага бізнэсу і з'явяцца рэальныя магчымасці ў Беларусі.

Трэцяе: санкцыі неабходныя, каб вызваліць палітвязняў. Санкцыі абсалютна маральныя. Я, шчыра кажучы, нават не ведаю, як назваць тое, што адбываецца сёння ў Беларусі. Я казаў ужо, што ў нас не 1200-1300 палітвязняў, а недзе 4-5 тысяч людзей, якія сядзяць паводле палітычных прысудаў. Вядома, вы не знойдзеце ў крымінальным кодэксе Беларусі ніякіх палітычных артыкулаў, і вы гэта цудоўна ведаеце. Гэта як у Савецкім Саюзе: усе палітычныя - крымінальнікі. Таму абсалютна маральна ўводзіць больш жорсткія санкцыі і патрабаваць вызвалення ўсіх палітвязняў.

Хачу нагадаць усім адзін факт і перасцерагчы ад наіўнасці. Размовы пра амністыю, якія цяпер пачаў Лукашэнка і на якія ён хоча зноў, як на кручок з прынадай, падчапіць Захад, яны не новыя. Пасля разгону Плошчы ў 2010 годзе былі патрабаванні ўвядзення санкцый і санкцыі ўводзіліся. Санкцыі былі прывязаныя да пытання вызвалення ўсіх палітвязняў.

Калі санкцыі сталі больш-менш адчувальнымі, Лукашэнка пачаў казаць пра амністыю. Гэта быў 2012 год. Пайшлі размовы, пачалі называцца нейкія лічбы. У канчатковым выніку, амаль тысячу зняволеных вызвалілі. Ніводнага палітычнага. Ніводнага! Хоць сядзела некалькі дзясяткаў тады. Цяпер ён гуляе ў тую ж гульню. Яму патрэбныя грошы, яму патрэбныя рэсурсы.

Сёння ідзе страшная вайна ў Еўропе, і толькі праз гэтую прызму трэба сёння ўспрымаць санкцыі супраць дыктатарскіх рэжымаў. Бо менавіта дыктатарскія рэжымы забяспечваюць сёння напружанасць, адсутнасць бяспекі і з'яўляюцца вайсковай пагрозай. Таму калі не ўводзіць санкцыі, калі не пазбаўляць рэсурсаў дыктатарскія рэжымы - вайна будзе прадаўжацца. Калі б у 2020 годзе санкцыі ўвялі адразу ж пасля таго, як пачаліся арышты, разгоны, збіццё, забойствы людзей - то не было б вайны.

Я перакананы, што калі б тады сур'ёзна ўдарылі па рэжыме Лукашэнкі санкцыямі, то папярэдзілі б вялікую вайну ў Еўропе. Таму я за тое, каб уводзіць жорсткія санкцыі, самыя жорсткія санкцыі. Я за тое, каб уводзіць сумленныя санкцыі. Чаму я кажу: «сумленныя санкцыі»? Мы чуем пра тое, што «мы салідарныя з Беларуссю, мы падтрымліваем правы чалавека, дэмакратыю». Мы ведаем, што, напрыклад, Літва робіць вельмі жорсткія заявы што да рэжыму Лукашэнкі, але Літва сёння займае першае месца ў Еўропе сярод гандлёвых партнёраў рэжыму Лукашэнкі.

Яшчэ што я маю на ўвазе. Дэмакратычныя краіны дагэтуль не могуць развітацца са сваімі ганаровымі консуламі, якія з'яўляюцца гаманцамі Лукашэнкі. Адзін з іх - ганаровы консул Ісландыі ў Беларусі Аляксандр Машэнскі, ён дагэтуль ганаровы консул Ісландыі ў Беларусі. Другі - «тытунёвы кароль» Павел Тапузідзіс, ён дагэтуль ганаровы консул Грэцыі ў Беларусі. Вось што я маю на ўвазе, кажучы аб сумленных санкцыях. Калі мы хочам пазбегнуць эскалацыі вайны ў Еўропе, яе паўтарэння, трэба пазбаўляцца ад дыктатур, найперш, ад дыктатуры Лукашэнкі. Бо менавіта гэтая дыктатура забяспечыла Крамлю плацдарм для агрэсіі супраць Украіны.

Такім чынам, санкцыі дапамагаюць развязаць як пытанні бяспекі шляхам пазбаўлення дыктатараў рэсурсаў, так і выратаваць жыцці людзей, бо непасрэдна звязаныя з патрабаваннем вызвалення ўсіх палітычных зняволеных».

Напісаць каментар 29

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках