20 красавiка 2024, Субота, 10:22
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Расея нават Сахалін захапіла, а Ворша і сёння - беларускі горад

7
Расея нават Сахалін захапіла, а Ворша і сёння - беларускі горад
Зміцер Бандарэнка

У гэтым і палягае вайсковае майстэрства - мець моцных хаўруснікаў.

8 верасня 2022 года ў цэнтры Варшавы адбылося ўрачыстае святкаванне Дня Беларускай Воінскай Славы.

На мітынгу выступіў каардынатар грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Зміцер Бандарэнка:

- Са святам, паважаныя беларусы а таксама палякі, літоўцы, украінцы. Перамога пад Воршай - гэта наша агульная перамога. Гэтая бітва ўвайшла ў падручнікі па гісторыі і падручнікі па вайсковай справе, бо гэта была насамрэч вялікая перамога. Але сёння знаходзяцца гісторыкі, лукашэнкаўскія, расейскія, якія кажуць: «Гэтая бітва была занадта даўно, не так ужо там было шмат пабітае маскавітаў, усяго 80 тысяч. Мэты, якія ставіў князь Астрожскі, не былі дасягнутыя...», і іншую лухту. Але задумайцеся - прайшло больш за 500 гадоў, але Ворша і сёння наша, і мяжа з усходняй дэспатыяй праходзіць за Воршай.

Значыць, тая бітва была важнай, як і бітвы іншых герояў, таго ж аршанскага ваяводы Кміты, які стаў Кміціцам у «Патопе» ў Сянкевіча. Таксама як бітва нашага вялікага пісьменніка Караткевіча, які нарадзіўся ў Воршы, як бітва Беларускага аб'яднання вайскоўцаў, якія ў пачатку 90-х гадоў пад барабанны дроб прайшліся па цэнтры Менска.

Уявіце сабе: вялізная Расея, якая пасля 1514 года змагла захапіць і ўтрымаць Казанскае ханства, усю Волгу, Урал, частку Каўказа, Сібір, нават Сахалін. Але Ворша і сёння - беларускі горад.

Могуць сказаць, што ў Беларусі дыктатура, у Беларусі Лукашэнка. Дык ці ёсць у нас незалежнасць? Хачу нагадаць словы вядомага дзеяча новага беларускага Адраджэння, прафесара Юрыя Хадыкі, светлай памяці ўжо, які казаў, што шмат народаў не маюць сваёй дзяржавы. Курды, якіх дзясяткі мільёнаў - не маюць. Татары, якіх столькі ж, колькі і беларусаў, напэўна, не маюць. Крымскія татары не маюць, не маюць уйгуры, не маюць тыбетцы сваёй дзяржавы. Нават ганарлівыя шатландцы змагаюцца за сваю незалежнасць. А ў беларусаў свая незалежная дзяржава ёсць.

Дыктатуры прыходзяць і адыходзяць, а Беларусь застаецца назаўжды.

Беларусам часам кажуць: «Вы не гатовыя быць у Еўрапейскім Звязе, можа, калі-небудзь уступіце. Пра NATO ўвогуле не можаце і марыць. Найлепшае, што для вас можа быць - гэта фінляндызацыя». Але мы сёння ўжо ведаем, што Швэцыя і Фінляндыя амаль уступілі ў NATO. І мы таксама пойдзем гэтым шляхам, і будзем як гэтыя краіны. Швэцыя сотні гадоў была нейтральнай, але цяпер і Швэцыя, і Фінляндыя з'яўляюцца чальцамі NATO і часткай ЕЗ.

І я, як прадстаўнік грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь», кажу: «наша мэта - быць таксама як фіны, літоўцы, латышы, эстонцы, палякі, як украінцы мараць пра гэта, быць сябрамі Еўрапейскага Звязу. Бо нам гэта дадзенае па нараджэнні. Першая ўмова для таго, каб уступіць у Еўразвяз — знаходзіцца геаграфічна ў Еўропе. Другая ўмова - гэта дэмакратыя. Бачыце, 50 адсоткаў у нас ужо ёсць. Трэба толькі вярнуць дэмакратыю, вярнуць свабоду ў нашу краіну.

Я прагназую, што ўжо неўзабаве падзеі будуць развівацца вельмі дынамічна. Мы бачым апошні, магчыма, кідок Масковіі - Расеі на Захад. Сёння нашы браты ўкраінцы змагаюцца і за сваю, і за нашу свабоду, як было ўжо стагоддзямі. І разам з імі - беларусы, палякі, іншыя народы Еўропы, Злучаныя штаты, Аўстралія, Японія, Канада.

Так, насамрэч у 1514 годзе пад Воршай мы перамаглі разам з нашымі хаўруснікамі. У гэтым і палягае вайсковае мастацтва - мець моцных хаўруснікаў. Сёння ў нас хаўруснікаў яшчэ больш. Мы - частка вялікага дэмакратычнага свету.

Хацеў бы сказаць яшчэ адну такую рэч: быў адзін лозунг, ён быў вельмі папулярны на дэманстрацыях 90-х гадоў і гучаў ён так: Беларусь - у Еўропу, Лукашэнку - у ***!

Жыве Беларусь!

Напісаць каментар 7

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках