18 красавiка 2024, Чацвер, 23:27
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У Беларусі адбыўся ўсплёск каранавірусу

13
У Беларусі адбыўся ўсплёск каранавірусу

Колькасць захварэлых вырасла на 50%.

У Лідскім раёне расце колькасць захварэлых на каранавірус, расказала прадстаўніца Лідскага занальнага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі. Рост хворых склаў прыкладна 50%, піша hrodna.life.

«З сярэдзіны жніўня, як і па ўсёй нашай краіне, рэгіструецца рост захворвання на COVID-19», – расказала загадчыца аддзялення эпідэміялогіі Лідскага занальнага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі Алена Сушчэўская ў эфіры ТБ-Ліда. У асноўным рэгіструюцца лёгкія і сярэднецяжкія формы захворванняў. Аддзяленні Лідскай цэнтральнай раённай лякарні пачалі перапрафіляваць для прыёму хворых COVID-19.

Толькі за мінулы тыдзень дыягназ «каранавірусная інфекцыя» быў пацверджаны ў 95 выпадках. Сярод хворых у асноўным людзі ва ўзросце ад 40 да 70 гадоў. На дзяцей прыпадае ўсяго 5 адсоткаў заражаных.

Гарадзенскія медыкі таксама адзначаюць рост вострых рэспіраторных інфекцый і каранавірусу, паведамілі на «Гродна Плюс». У медустановах ужо ўвялі масачны рэжым, гарадзенцам раяць прытрымлівацца яго і ў месцах вялікага збору людзей. У лякарнях і паліклініках рэгіёну ўжо падзяляюць плыні пацыентаў і тэстуюць пацыентаў на COVID-19 перад шпіталізацыяй.

Масачны рэжым вярнулі і ў медустановах іншых рэгіёнаў Беларусі. З 5 верасня ў Слуцкай цэнтральнай раённай лякарні ў сувязі з колькасцю інфекцыйных захворванняў, якая пачасцілася, піша SlutskGorod. Наведванне паліклінікі магчымае толькі ў масцы, а стацыянара – толькі з дазволу загадчыка. У лякарні вылучаная «чырвоная зона». Пра рост колькасці хворых на каранавірус і шпіталізаваных паведамлялі ў канцы жніўня ў Берасці.

Дыягназ зноў будуць ставіць без тэстаў, статыстыкі не будзе

Лекарам агульнай практыкі, тэрапеўтам і педыятрам зноў дазволілі ставіць дыягназ COVID-19 без ПЛР-тэставання і рэнтгена. Пастанова замацаваная Загадам Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь ад 30 жніўня № 1124. Такой тактыкі ўжо прытрымліваліся ў лютым 2022 года, каб разгрузіць установы аховы здароўя.

Статыстыку захворвання ў краіне Міністэрства аховы здароўя перастала публікаваць з пачатку траўня 2022 года. Тады яе паабяцалі абнаўляць раз на месяц. Тым не менш апошнія звесткі пра колькасць хворых і акрыялых у афіцыйным канале Міністэрства аховы здароўя апублікавалі 5 ліпеня. Дакладную статыстыку ў рэгіёнах не раскрывалі і раней.

Новы штам «ніндзя» ужо ў Беларусі

Месяц таму, 9 жніўня, Міністэрства аховы здароўя паведаміла пра выяўленне ў Беларусі новага штаму каранавірусу, так званага «амікрон-ніндзя». «Можам гаварыць пра пачатак цыркуляцыі гэтага штаму», – адзначылі ва ўстанове. Паводле папярэдніх звестак, ён мае ў параўнанні з іншымі варыянтамі «амікрону» вялікую трансмісіўнасць (больш заразны) і лепш выслізгвае ад антыцелаў.

Як ідзе вакцынацыя

За галоўную прафілактыку каранавіруснай інфекцыі медыкі ўсё ж уважаюць вакцынацыю. Поўны курс вакцынацыі прайшлі 70,4% насельніцтва, рэвакцынацыі – 48,5% ад тых, хто закончыў поўны курс, расказала лекарка-тэрапеўтка аддзялення прафілактыкі Цэнтральнай паліклінікі Гародні Наталля Паўлюкевіч. У асноўным у якасці вакцынаў выкарыстоўваюць «Спадарожнік Лайт» і «ГамКовідВак». Цяжарных жанчынаў, дзяцей і пацыентаў з супрацьпаказаннямі да расейскіх вакцынаў прышчапляюць кітайскім «VeroCell». Таксама медыкі раяць прытрымлівацца масачнага рэжыму ў грамадскіх месцах і ўнікаць масавага збору людзей у памяшканнях.

Напісаць каментар 13

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках