19 красавiка 2024, Пятніца, 22:41
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Што вядома аб Аршанскай бітве, ці Дні беларускай вайсковай славы

3
Што вядома аб Аршанскай бітве, ці Дні беларускай вайсковай славы

Перамога пад Воршай стала першай буйной палявой перамогай ВКЛ над Маскоўскім царствам і паказала, што мы можам ваяваць і перамагаць.

30 гадоў таму, 8 верасня 1992 года, у Менску на плошчы Незалежнасці 12 афіцэраў разам з трыма тысячамі жаўнераў запасу прынялі прысягу на вернасць Беларусі. Праз кароткі час такую прысягу пачалі прымаць усе вайскоўцы нашай краіны. Каб ушанаваць беларускую вайсковую славу, выбралі дзень, у які ў 1514 годзе адбылася адна з найбольш вядомых перамог - Аршанская бітва, якая ўвайшла ў гісторыю як Вялікая Бітва, паведамляе «Белсат».

Чарговая вайна з Масковіяй

У 1512 годзе Маскоўскае царства пачало чарговую вайну (за 20 гадоў ужо чацвёртую) супраць Вялікага Княства Літоўскага з мэтай авалодаць Смаленскам - ключавой цытадэллю ў абароне нашых усходніх меж. Зачэпак да вайны было некалькі.

Першая - падпісанне пагаднення паміж Вялікім Княствам Літоўскім і Крымскім ханствам супраць маскоўскага царства. Але цар Васіль III для сваіх падданых пастанавіў зрабіць націск на «ганенні» супраць яго сястры Алены, жонкі памерлага ў 1506 годзе вялікага князя літоўскага Аляксандра. Алена не адчувала сябе добра пры двары новага вялікага князя Жыгімонта, які адмовіўся адпусціць яе ў Масковію. Таму яна пастанавіла збегчы ў 1511 годзе таемна, прыхапіўшы з сабою шмат багаццяў. Уцёкі не ўдаліся, яе схапілі, і ў 1513 годзе, ва ўзросце ўсяго 36 гадоў, Алена памерла ў Браславе. Аднак на той час маскоўскія войскі ўжо рушылі на Вялікае Княства Літоўскае.

Двойчы яны няўдала спрабавалі ўзяць Смаленск, абаронцы якога чакалі падыходу войскаў княства. Але пакуль вялікі князь Літоўскі Жыгімонт збіраў «паспалітае рушэнне», 1 жніўня пасля абстрэлу з трохсот гармат Смаленск капітуляваў. Страта яго была настолькі ашаламляльнай, што Дуброўна, Мсціслаў і Крычаў, якія былі другой лініяй абароны, проста адчынілі дзверы перад ворагам. Маскоўскія войскі цяпер маглі без перашкод рухацца далей, углыб Беларусі. Існаванне ўсяго княства было пад пагрозай. Была пагроза і для нашага хаўрусніка - Польскага каралеўства, бо Масковія ў 1513 годзе падпісала дамову са Свяшчэннай Рымскай імперыяй супраць Вялікага Княства Літоўскага і Польскага каралеўства.

Сілы бакоў напярэдадні Аршанскай бітвы

У верасні 1514 года супольныя войскі Вялікага Княства Літоўскага і Польскага каралеўства рушылі пад Воршу. Войска хаўруснікаў складалася прыкладна з 30 тысяч ваяроў. Яго ўзначальваў Вышэйшы гетман Канстанцін Астрожскі, які ўвайшоў у гісторыю як «другі Ганібал». Тры гады ён правёў у маскоўскім палоне пасля адной з няўдалых бітваў, пакуль не збег адтуль у 1506 годзе, і выдатна ведаў свайго ворага. Сярод камандзіраў вылучаліся Януш Свярчэўскі, які камандаваў 5 тысячамі польскіх воінаў і 3 тысячамі наймітаў і Юры Радзівіл Геркулес, які камандаваў лёгкай конніцай княства і праславіўся ўдзелам у 30 бітвах.

Да раніцы асноўная частка войска была ўжо перапраўленая, што стала казусам для маскавітаў. Але іх камандаванне падумала, што гэта цудоўная магчымасць разбіць войскі Астрожскага, якія апынуліся быццам бы ў пастцы, бо за іх спінамі была рака. А ў дадатак пастанавілі скарыстацца абходным манеўрам.

Маскавіты ўдарылі па флангах, але іх націск быў спынены выдатна размешчанымі тактычнымі групамі войска Астрожскага. Тады на адным з флангаў найвялікшы гетман загадаў правесці псеўдаадступленне, пасля якога маскавіты патрапілі на падрыхтаваную засаду з артылерыі. Гэта і абумовіла вынік бітвы. Разбіўшы адзін з маскоўскіх палкоў пры дапамозе артылерыі, Астрожскі накіраваў свае падмацаванні, і разгубленыя маскоўцы далі драпаку да Крапіўны, пакінуўшы ўвесь абоз і тысячы палонных і забітых.

Значэнне

Перамога пад Воршай была выкарыстана Вялікім княствам і Польскім каралеўствам у прапагандысцкіх мэтах, што мела вялікі поспех у Заходняй Еўропе. Для Масковіі страты былі тым больш адчувальныя, што ў палон да Астрожскага патрапіў фактычна ўвесь камандны склад іхняга войска. Перамога пад Воршай стала першай буйной палявой перамогай ВКЛ над Маскоўскім царствам і паказала, што мы можам ваяваць і перамагаць.

Аднак тактычная перамога ў бітве, на жаль, не прынесла поспеху ў вайне, якая скончылася толькі ў 1522 годзе падпісаннем замірэння на пяць гадоў. Смаленск быў страчаны, але Масква адмовілася ад прэтэнзіяў на Кіеў, Полацак і Віцебск. Праўда, неўзабаве пачалася новая вайна. Бітва ж пад Воршай застанецца вялікай бітвай, стаўшы падставай для Дня беларускай вайсковай славы – Нацыянальнага Дня абаронцы Айчыны.

Ён бярэ адлік з 1992 года, калі БНФ і аб'яднанне беларускіх афіцэраў зладзілі ўрачыстую прысягу на вернасць Беларусі. Ва ўрачыстасці ўдзельнічалі дзясяткі найвядомейшых беларусаў, сярод якіх Зянон Пазняк, Васіль Быкаў, Уладзімір Барадач і Мікалай Статкевіч, які сёння застаецца за кратамі.

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках