20 красавiка 2024, Субота, 16:46
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Эканаміст: Санкцыі ўдарылі па найважнейшых артыкулах беларускага экспарту

3
Эканаміст: Санкцыі ўдарылі па найважнейшых артыкулах беларускага экспарту

«Гандаль» палітвязнямі Лукашэнку не выратуе.

У пачатку жніўня Пётр Пархомчык, які тады яшчэ займаў пасаду міністра прамысловасці, заявіў, што завод «БелДжы» не зможа выканаць леташнія аб'ёмы вытворчасці аўтамабіляў. Адной з прычынаў была названая праблема пастаўкі камплектавальнікаў.

Як санкцыйны ціск адбіўся на беларускай эканоміцы і ці пачнуць улады гандаль палітвязнямі на прыклад паслявыбарчых падзеяў 2006 і 2010 гадоў?

Пра гэта сайт Charter97.org паразмаўляў з вядомым беларускім эканамістам Львом Марголіным.

– Машынабудаванне гістарычна было адной з самых галоўных галінаў беларускай эканомікі. У савецкія часы Беларусь называлі зборачным цэхам Савецкага Саюза, былі заводы, якія працавалі на ўсю краіну. Яны і сёння засталіся: гэта і МАЗ, гэта і трактарны завод. Праўда, сёння іх значэнне крыху зменшылася. Але я думаю, што іх праблемы – гэта праблемы нерэфармавання эканомікі ў большай ступені, чым праблемы камплектавальнікаў. Найперш трэба адзначыць, што санкцыі ў дачыненні да Беларусі, у адрозненне ад расейскіх санкцыяў, тычацца найперш экспарту беларускіх тавараў. Гэта значыць, нейкіх сур'ёзных абмежаванняў на імпарт не накладвалася.

Іншая рэч, што шэраг заходніх фірмаў у ініцыятыўным парадку спынілі ці абмежавалі супрацу з беларускімі кампаніямі. Ёсць праблемы з лагістыкай, калі транспартныя шляхі даводзіцца пераналаджваць. Але асноўныя праблемы беларускага машынабудавання гэта ўсё ж яго нерэфармаванасць. Пасля развалу Савецкага Саюза варта было паспрабаваць убудаваць беларускія машынабудаўнічыя прадпрыемствы ў сусветныя ланцужкі. Таму што завод, які вырабляе 10–20 тысячаў машынаў, вядома ж, не можа канкураваць у кошце і якасці з заводам, які вырабляе дзясяткі ці сотні тысячаў. Але гэтага зроблена не было, адпаведна машынабудаванне ў Беларусі пачало занепадаць.

Што да сённяшняй сітуацыі, то яна пакуль нявызначаная і няўстойлівая. Калі атрымаецца, на прыкладзе таго ж «БелДжы», развязаць пытанне з Кітаем, які, мяркуючы з усяго, на сённяшні момант вагаецца з пастаўкай машынакамплекту, пастаўкай іншых камплектавальнікаў, то тады пытанне з «БелДжы» будзе развязанае станоўча. Больш за тое, нават можа пашырыцца рынак збыту, таму што ў Расеі праблемы з аўтамабілямі яшчэ горшыя, чым у Беларусі. Калі ж Кітай усё ж схіліцца да таго, каб падтрымаць санкцыі ў дачыненні да Расеі і абмежаваць супрацоўніцтва з Беларуссю, то можа атрымацца так, што сітуацыя ў машынабудаванні, напрыклад у аўтамабілебудаванні, яшчэ пагоршыцца.

– Сёлета еўрапейскія краіны адмовіліся ад беларускай драўніны, экспарт якой у Еўразвяз летась склаў амаль 1,5 мільярда даляраў. Як цяпер ідуць справы з пераарыентацыяй экспарту драўніны і прадуктаў дрэваапрацоўкі ў Беларусі?

– Праблема заключаецца ў тым, што Расеі наш лес не патрэбны. Наколькі я ведаю, былі спробы пераарыентаваць наш экспарт у нейкай ступені на Казахстан. Наколькі гэта ўдала, меркаваць пакуль складана. Паводле вынікаў года можна будзе паспрабаваць зрабіць ужо нейкія высновы, калі канчаткова не засакрэцяць беларускую статыстыку, таму што цяпер вельмі многія паказнікі, на жаль, недаступныя для аналізу.

У любым выпадку зразумела, што санкцыі закранулі найважнейшыя артыкулы беларускага экспарту: гэта і калійныя ўгнаенні, гэта і нафтанка, гэта і дрэваапрацоўка, гэта і гума, метал і гэтак далей. Так што праблема існуе. Яна будзе толькі абвастрацца, бо фактычна на поўную моц санкцыі запрацавалі толькі нядаўна. Да гэтага быў так званы пераходны перыяд, калі можна было выконваць дзейныя кантракты.

– З таго, што вы пералічылі, адной з самых балючых тэмаў для беларускага рэжыму з'яўляюцца санкцыі ў дачыненні да беларускага калію і прадуктаў нафтаперапрацоўкі. Якія перспектывы чакаюць Беларуськалій і беларускія НПЗ?

– Ніякіх перспектываў няма. Што тычыцца калійных угнаенняў, то Расея нам тут – прамы канкурэнт. Магчыма, атрымаецца нейкую частку беларускіх угнаенняў перанакіраваць праз расейскія парты, напрыклад праз Санкт-Пецярбург ці чыгункай, куды-небудзь на Далёкі Усход, для адпраўкі ў Кітай ці іншыя краіны Паўднёва-Усходняй Азіі. Але тут праблемы больш з лагістыкай, таму што калійныя ўгнаенні гэта аб'ёмны прадукт, які патрабуе вялікіх магутнасцяў у перавозцы. І нават тыя спажыўцы, якія ў нас былі, Бразілія, Кітай, Індыя, яны з задавальненнем узялі б беларускі калій, але яго цяжка туды даставіць.

Дзве асноўныя экспартныя плыні, праз поўнач у Клайпеду і на поўдзень праз Украіну, на сёння зачыненыя, што азмрочвае перспектывы. Я думаю, беларускія ўлады будуць шукаць нейкія выхады. Я нават упэўнены, што збольшага праблему здолеюць развязаць. Але, вядома, у поўным аб'ёме таго, што было да ўвядзення санкцый, ужо не будзе, пакуль санкцыі не будуць знятыя.

– Ці можа амністыя, абвешчаная нядаўна Лукашэнкам, быць сігналам таго, што беларускія ўлады ўжо не могуць хаваць негатыўны эфект ад санкцый і паспрабуюць пачаць гандаль палітвязнямі на прыклад паслявыбарных падзеяў 2006 і 2010 гадоў?

– Рэч у тым, што гэтыя санкцыі – адрасныя. Тыя абмежаванні, якія былі ўведзеныя ў 2020-м годзе, пасля падзей жніўня і наступных месяцаў, пра іх, верагодна, можна будзе весці размову. Але ж ёсць і іншыя санкцыі: тыя, якія былі ўведзеныя пасля вядомага выпадку з прызямленнем самалёта ў менскім аэрапорце, ёсць санкцыі, якія ўведзеныя за тое, што беларускі рэжым фактычна бярэ ўдзел у вайсковых дзеяннях супраць Украіны. І пра гэтыя санкцыі ніхто размаўляць не будзе, пакуль не знікнуць тыя перашкоды, якія сталі іх прычынай.

А тое, што было ўведзена ў 2020-м годзе, у параўнанні з тым, што было ў наступныя перыяды, гэта даволі нязначныя захады. Я думаю, што размова пра нешта, вядома, пачнецца, калі сапраўды будзе амністыя і калі яна сапраўды будзе даволі аб'ёмная. Хоць зноў-такі тут жа пытанне ў тым, што ёсць знакавыя фігуры, на якіх арыентаваліся заходнія краіны, напрыклад пры скасаванні санкцый у 2011-м годзе, калі вызвалілі кіраўнікоў палітычных партый і грамадскіх аб'яднанняў. Таму нейкіх сур'ёзных зрухаў замест санкцыяў, мусіць, не будзе.

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках