28 сакавiка 2024, Чацвер, 16:13
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Дзесяць прычын ганарыцца нашай перамогай пад Воршай

Дзесяць прычын ганарыцца нашай перамогай пад Воршай

Бітва пад Воршай стала сапраўдным сімвалам беларускай незалежнасці.

8 верасня - 508 гадоў Бітве пад Воршай (1514), калі войска ВКЛ спыніла ўтрая большае войска Масквы. Аб 10 галоўных акцэнтах бітвы «Наша Ніва» паразмаўляла з гісторыкам Алесем Краўцэвічам.

1. Сярод сімвалаў незалежнасці. «Забытая» ў савецкі час бітва стала знакамітай, калі Беларусь аднавіла незалежнасць, падчас фармавання ідэалогіі нацыянальнага вызвалення. Тады і з'явілася традыцыя святкаваць Дзень беларускай вайсковай славы, 8 верасня, у дзень перамогі пад Воршай.

2. Чаму Ворша, а не Грунвальд? Беларусы ў Грунвальдзе сёння - «бедныя сваякі». А Аршанская бітва, па-першае, адбылася на нашай тэрыторыі. Па-другое, яна была абарончая. І па-трэцяе - гэта была бітва з самым страшным ворагам цягам усёй гісторыі Беларусі.

3. Канкістадоры. Мілітарызаваная Маскоўская дзяржава, нашмат большая за ВКЛ, нарасціла вайсковую моц у мангола-татарскія часы. Калі ярмо зрынулі, яны кінулі гэтую ваенную масу на Захад, а потым на Сібір - як калісьці гішпанцы, пасля заканчэння Рэканкісты, - на Амерыку.

4. Ворша як пазітыў. Для ВКЛ нашэсце такой масы маскавітаў было нечаканасцю. Ад сярэдзіны XV стагоддзя раз-пораз з-за ўсходняй мяжы з'яўлялася войска і несла спусташэнне. І немагчыма было яго спыніць. А пад Воршай атрымалася не проста спыніць, а знішчыць. Гэта была яскравая перамога сярод страшнай паласы спусташэнняў.

5. Чаму войска ВКЛ саступала ў колькасці маскоўскаму. Каб наймаць войска, патрэбныя былі грошы. А шляхецкія ўладанні ВКЛ былі вызваленыя ад дзяржаўных падаткаў. Каб атрымаць грошы на войска, вялікаму князю патрэбная была згода Сейма, гэтае пытанне блакавалі дэпутаты з цэнтральных ваяводстваў дзяржавы. Ім не было справы да войнаў, якія вяліся на межах. Масковія ж, цэнтралізаваная да дэспатызму дзяржава з жорсткай падатковай сістэмай, у гэтым сэнсе перамагала. Мела грошы, наймала Генуэзскую пяхоту. Маскоўская выведка ва ўсёй Еўропе шукала артылерыйскія тэхналогіі, майстроў і артылерыстаў.

6. У чым майстэрства Астрожскага. Згодна з агульнапрынятай версіяй, гетман Астрожскі дамогся поспеху, падманным адступленнем прывабіўшы маскоўскае войска ў засаду і расстраляўшы з гармат. Майстэрства было ў тым, каб правільна расставіць гарматы і менавіта на іх вывесці асноўную масу варожага войска.

7. Як кіравалі войскам. Як мог палкаводзец у XVI стагоддзі кіраваць шматтысячнымі атрадамі, змушаючы іх выконваць правільныя манеўры? Існавала сістэма інфармавання - гурт ганцоў, якія перадавалі загады гетмана камандзірам харугваў. Камандзір даваў сігналы харугвы з дапамогай труб, ражкоў. Была і сістэма сігналаў харугвамі - велізарнымі сцягамі - асабліва ў час бітвы, у агульным шуме. Напрыклад, так можна было паказаць змену кірункаў атакі.

8. На Крапівенскім полі няма сэнсу нешта шукаць. Ідэя раскопак выклікае скепсіс. Даспехі, зброя - усё гэта было сапраўдным багаццем. Забітых распраналі, забіралі ўсё. Збіралі нават стрэлы, якія не патрапілі ў мэту.

9. Вобраз гетмана Астрожскага зняпраўджвае расейскую ідыялагему. Маўляў, войны з ВКЛ - гэта супрацьстаянне праваслаўнай Русі з каталіцкім Захадам. Астрожскі быў праваслаўны, ён сядзеў у маскоўскай турме. Ён мог перайсці на бок Масквы, як зрабілі шмат хто, але з першай магчымасцю ўцёк. Абраў барацьбу за сваю Бацькаўшчыну. Для яго праваслаўная Масква была страшнейшай, чым каталіцкі Захад.

10. Аршанская перамога затармазіла экспансію. Масква перастала бяздумна пасылаць атрады ў ВКЛ. Наша дзяржава атрымала перадышку. У выніку XVI стагоддзе стаў залатым стагоддзем беларускай культуры.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках