29 сакавiка 2024, Пятніца, 13:08
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Ад Лукашэнкі неабходна патрабаваць вызвалення ўсіх палітвязняў

13
Ад Лукашэнкі неабходна патрабаваць вызвалення ўсіх палітвязняў
НАТАЛЛЯ РАДЗІНА

Нельга ўступаць у гандаль з дыктатарамі.

Галоўная рэдактарка сайта Charter97.org Наталля Радзіна заклікае Захад быць прынцыповым і не паўтараць старых памылак у дачыненні да дыктатураў. Пра гэта беларуская журналістка піша ў «Фэйсбуку»:

– На фоне вайны ва Украіне, віну за развязванне якой разам з Пуціным, безумоўна, нясе нелегітымны рэжым Лукашэнкі, сёння, на жаль, апынуліся ў цені і практычна без увагі міжнароднай супольнасці лёсы беларускіх палітвязняў. Пасля выбараў 2020 года, на якіх Лукашэнка з трэскам пацярпеў паразу, рэпрэсіі супраць беларусаў вось ужо больш за два гады не спыняюцца ні на адзін дзень. Развязаны сапраўдны тэрор, параўнальны з генацыдам. У турмах Беларусі сёння ў рэальнасці знаходзяцца ад 3 да 5 тысячаў палітвязняў. Падлічыць дакладную колькасць вязняў сумлення не ў стане нават праваабаронцы, многія з якіх самі апынуліся ў зняволенні.

Людзей утрымліваюць у жахлівых умовах, яны церпяць здзекі і катаванні. Жыццё кожнага з іх у небяспецы, бо ў беларускіх турмах забіваюць. Як забілі палітвязня Вітольда Ашурка, які памёр ад моцных траўмаў, атрыманых у выніку збіцця ахоўнікамі ў калоніі Шклова.

Лідара беларускай апазіцыі і палітвязня Міколу Статкевіча, які за гады дыктатуры Лукашэнкі правёў у зняволенні больш за 10 гадоў, сёння ўтрымліваюць у нечалавечых умовах. У калоніі асаблівага рэжыму ў Глыбокім яго трымаюць у адзіночнай камеры памерам адзін на тры метры. На шпацыры палітыка не выводзяць, увесь час адпраўляючы ў штрафны ізалятар з яшчэ цяжэйшымі ўмовамі. Цяпер з ім увогуле адсутнічае якая-небудзь сувязь.

Актывістка грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Паліна Шарэнда-Панасюк змешчаная ў калонію для жанчын-рэцыдывістак – адну з самых страшных турмаў краіны. Амаль два месяцы жанчына правяла ў жахлівых умовах карцара.

Палітвязень Мікола Аўтуховіч трымаў сухую галадоўку дваццаць дзён, дамагаючыся перадачы лістоў ад сваякоў. Ягоны арганізм цалкам абязводжаны, раскладаюцца тканкі нырак.

Палітвязень Ігар Аліневіч, асуджаны на 20 гадоў, цяпер трымае галадоўку пратэсту супраць турэмнага самавольства.

Палітвязень Сцяпан Латыпаў, спрабуючы спыніць катаванні, на судзе паспрабаваў парваць сабе горла ручкай, а ў турме глытаў лязо і рэзаў вены.

Такіх страшных гісторый – велізарная колькасць. Свет не павінен адводзіць фокус увагі з лёсу беларускіх палітвязняў. Няма нічога важнейшага за чалавечае жыццё.

Неабходна прадаўжаць ціск на рэжым Лукашэнкі, узмацняючы супраць яго санкцыі, і сінхранізуючы гэтыя абмежаванні з санкцыямі супраць Пуціна. У апошніх санкцыйных пакетах ЕЗ несправядліва не згадваецца Беларусь, гэта неабходна неадкладна выпраўляць. Таксама важна ўважліва сачыць за выкананнем санкцыйнага рэжыму і ўводзіць другасныя санкцыі супраць краінаў, якія даюць магчымасць дыктатурам набываць і рэалізоўваць забароненую прадукцыю.

Нельга ўступаць у гандаль з дыктатарамі. Не трэба паўтараць старых памылак. Неабходна праявіць прынцыповасць і жорстка патрабаваць ад рэжыму Лукашэнкі безумоўнага вызвалення ўсіх палітвязняў.

Напісаць каментар 13

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках