29 сакавiка 2024, Пятніца, 10:23
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Наша мэта - уступленне Беларусі ў Еўразвяз і NATO

30
Наша мэта - уступленне Беларусі ў Еўразвяз і NATO
НАТАЛЛЯ РАДЗІНА

Як адарвацца ад пуцінскай Расеі.

У Вільні 31 жніўня-2 верасня прайшоў Кангрэс свабоднай Расеі, у якім узялі ўдзел расейскія апазіцыйныя лідары і еўрапейскія палітыкі і экспэрты, у тым ліку сузаснавальнік форуму свабоднай Расеі Гары Каспараў, грамадскі дзеяч, былы кіраўнік кампаніі ЮКАС Міхаіл Хадаркоўскі, філантроп і грамадскі дзеяч Леанід Неўзлін, міністр абароны Латвіі Арціс Пабрыкс, намеснік міністра замежных спраў Літвы Мантас Адоменас, былы прэзідэнт Эстоніі Таомас Ільвес, намеснік міністра замежных спраў Польшчы Павел Яблонскі, былы амбасадар ЗША ў Расеі Майкл Макфал, былы прэм'ер-міністр Грузіі Вано Мерабішвілі і іншыя.

Ад Беларусі на канферэнцыі выступіла галоўная рэдактарка Charter97.org Наталля Радзіна.

Тэма дыскусіяў: «спыніць экспансію Расеі: пагрозы і сцэнары».

Прыводзім тэкст выступу:

- Экспансія Масковіі на захад, на землі Беларусі, Украіны і Літвы ідзе з канца 15 стагоддзя, гэта значыць, больш за 500 гадоў. І ўсе гэтыя сотні гадоў былі войны паміж нашымі краінамі і Расеяй-Масковіяй. Мы гублялі землі і адбівалі іх. Цар Іван Жахлівы захопліваў і Менск, і Полацк, і Вільню. Адначасова ў 17 стагоддзі беларусы разам з палякамі, украінцамі і літоўцамі займалі Крэмль.

У савецкія часы сцвярджалася, што падчас Другой сусветнай вайны Беларусь страціла кожнага чацвёртага жыхара, але мала хто ведае, што падчас вайны Вялікага Княства Літоўскага з Масковіяй у 1654-1668 гадах на тэрыторыі Беларусі загінуў кожны другі жыхар, а ва ўсходняй частцы краіны былі забітыя, памерлі ад хвароб або былі сагнаныя ў рабства на ўсход больш за 80 адсоткаў насельніцтва.

У 1991 годзе Беларусь здабыла незалежнасць пасля амаль 200-гадовай акупацыі расейскімі царызмам і камунізмам. Мы захавалі сваю мову і сваю гісторыю. Аднак прыход да ўлады ў 1994 годзе дыктатара Лукашэнкі практычна спыніў працэс пабудовы сапраўды незалежнай нацыянальнай дзяржавы.

За танныя нафту і газ Лукашэнка расплачваўся незалежнасцю і русіфікацыяй. Абслугоўваючы Крэмль і выказваючы лаяльнасць крамлёўскім правадырам, ён падаўжаў сваю ўладу і ўмацоўваў дыктатуру.

У выніку сёння Беларусь стала пуцінскім плацдармам для нападу на Украіну. З Беларусі ва Украіну 24 лютага ўвайшлі расейскія войскі, з тэрыторыі нашай краіны ляцяць ракеты і расейскія самалёты, каб бамбіць украінскія гарады.

Але пры тым, што нелегітымны рэжым Лукашэнкі, безумоўна, з'яўляецца суўдзельнікам нападу на Украіну, сітуацыі са стаўленнем да вайны беларусаў у расейцаў істотна адрозніваюцца. 90 адсоткаў беларусаў выступаюць супраць вайны. За Лукашэнку не галасавалі, дыктатара ненавідзяць і гэтая нянавісць толькі расце на фоне развязанага ў краіне тэрору і суўдзелу рэжыму ў вайне.

Тое, што беларускае войска дагэтуль не ўвайшло ва Украіну, таксама сведчанне нежадання беларускіх вайскоўцаў ваяваць супраць суседзяў. І Пуцін, і Лукашэнка разумеюць, што ў выпадку, калі будзе аддадзены загад наступаць, большая частка войска разбяжыцца і здасцца ў палон. Беларусы не хочуць ваяваць і гінуць за расейскія імперскія інтарэсы.

Гэта, дарэчы, у тым ліку, заслуга беларускіх незалежных медыя і блогераў, якія прадаўжаюць актыўна распаўсюджваць інфармацыю, нягледзячы на блакаванне. Уплывае таксама тое, што абсалютная большасць беларусаў неаднаразова выязджала ў краіны ЕЗ і ведае, што там жыць лепш.

Вайна паскарае ўсе працэсы і расстаўляе прыярытэты. Чаго хочуць беларусы? Жыць у незалежнай краіне, пазбавіцца ад дыктатуры і расейскага ўплыву. Падтрымаўшы дыктатара Лукашэнку ў 2020 годзе і развязаўшы з ім вайну супраць Украіны, Пуцін нанастроіў супраць сябе абсалютную большасць беларусаў.

І сёння ў нас сапраўды ёсць шанец нарэшце адарвацца ад Расеі. Пуцінская Расея эканамічна слабая, яе эканоміка складае менш за 2 адсоткі ад сусветнага ВУП, у яе няма хаўруснікаў. Яна займае 1/7 частка свету, а насельніцтва — усяго 1,5 адсотка ад сусветнага. Яна адстала тэхналагічна, слабая эканамічна, уведзеныя Захадам сектаральныя санкцыі, якія трэба прадаўжаць і ўзмацняць, наносяць ёй скрышальны ўдар. І мае рацыю Гары Каспараў, калі кажа, што сённяшняя Расея — гэта не СССР, які мог быць аўтаркіяй. Цяперашняя адсталая Расея непазбежна саступіць. Магчыма, гэта яе апошні кідок на захад і яе чакае немінучы распад.

Безумоўна, галоўная задача сёння надаць дапамогу Украіне: вайсковую, эканамічную і палітычную. Але дапамагаючы Украіне не трэба забываць Беларусь.

Ва Украіне сёння дзейнічае полк імя Кастуся Каліноўскага, які ставіць сваёй мэтай дапамогу Украіне ў вайне супраць Расеі і вызваленне Беларусі. Усё больш беларускіх добраахвотнікаў едуць на фронт, яны ваююць пад Херсонам і Мікалаевам, удзельнічалі ў баявых аперацыях у Марыупалі, Лісічанску і Севераданецку. Усё большая колькасць беларусаў разумее, што сёння ў нас, на жаль, не засталося іншага шляху, акрамя як вызваляць сваю радзіму са зброяй у руках.

Давайце задамося пытаннем: можа быць, рэжым Пуціна абрынецца ў выніку падзення рэжыму Лукашэнкі, а не наадварот? Бо Пуцін заўсёды выдатна разумеў стратэгічнае значэнне Беларусі. Не разумелі гэтага толькі ва Украіне і на Захадзе, калі мірыліся з дыктатурай і актыўна гандлявалі са злачынным рэжымам, наіўна мяркуючы, што ён для іх не небяспечны.

Цяпер усім становіцца зразумелым, наколькі небяспечны пуцінскі плацдарм у Беларусі: адсюль ён пагражае не толькі Украіне, але краінам Еўразвязу - Польшчы, Літве, Латвіі. Пачынаючы ад нападаў мігрантаў на межах ЕЗ і заканчваючы пагрозамі нанясення ядзерных удараў.

Неабходна сур'ёзна думаць над стратэгіяй вызвалення Беларусі. Сёння Украіне дапамагае ўвесь свет, але, на жаль, гэтая дапамога недастатковая. Неабходна нарошчваць пастаўкі ўзбраенняў ва Украіне і ўзмацняць санкцыі супраць рэжымаў Пуціна і Лукашэнкі і строга сачыць за іх выкананнем. Санкцыі павінны насіць другасны характар і ўжывацца супраць тых краін, праз якія іх спрабуюць абысці. Але бяспека Украіны немагчымая без вызвалення Беларусі.

А нам наш шлях ужо зразумелы. Мы еўрапейская краіна, мы гістарычна цесна звязаныя з Літвой, Польшчай, Украінай. Гэта не толькі сантыменты, але і эканоміка. У рэгіёне ад Балтыкі да Чорнага мора неабходна будаваць новыя дарогі, сучасныя трубаправоды. У Літвы выдатныя парты, але ім неабходныя грузы з Беларусі, а нам патрэбен выхад да мора. Наша мэта - уступленне ў NATO і ЕЗ. Спадзяюся, і ў Расеі калі-небудзь прыйдуць да ўлады праеўрапейскія дэмакратычныя сілы.

Напісаць каментар 30

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках