29 сакавiка 2024, Пятніца, 10:35
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Юрый Бутусаў: Для Лукашэнкі наступіць «эфект даміно»

8
Юрый Бутусаў: Для Лукашэнкі наступіць «эфект даміно»
ЮРЫЙ БУТУСАЎ

У Беларусі ёсць шмат пасіянарных людзей.

Украінскі журналіст, галоўны рэдактар сайта "Цензор.нет" Юры Бутусаў падзяліўся з сайтам Charter97.org сваім аналізам сітуацыі на паўднёвым фронце ва Украіне і расказаў, як параза Крамля паўплывае на будучыню Беларусі.

- Украінскае камандаванне абвясціла аб пачатку контрнаступу УСУ на Херсон. Некалькі дзён таму было заяўлена аб прарыве першай лініі расейскай абароны на поўдні, але дэталі аперацыі не выдаюцца. Пры гэтым экспэрты даюць розную ацэнку таму, што адбываецца. Што, на вашую думку, адбываецца на паўднёвым фронце?

— Калі нехта нешта піша ў інтэрнэце пра баявыя дзеянні, гэта не значыць, што гэта мае дачыненне да рэальных баявых дзеянняў. То бок, хтосьці нешта сказаў, у кагосьці ёсць свая эмацыйная афарбоўка пэўных падзей. У Херсонскай вобласці, гэтак жа як і на іншых адцінках фронту, і на Данбасе, і ў Харкаўскай вобласці, ідзе барацьба за тактычную ініцыятыву, пазіцыйная барацьба. Усюды ідуць інтэнсіўныя жорсткія баі.

- Ад чаго залежыць магчымасць поўнамаштабных наступальных аперацый ўкраінскіх войскаў?

— Гэта залежыць ад шматлікіх чынніаў: арганізацыі, кіравання, наяўнасці боепрыпасаў, баявой тэхнікі і ад супраціўніка шмат у чым таксама. Таму ёсць шмат комплексных чыннікаў на вайне, якія ўплываюць на хаду баявых дзеянняў. Цяпер трэба сказаць, што расейскае войска захоўвае перавагу ў тэхніцы, артылерыі, авіяцыі, боепрыпасах усіх тыпаў. Таму баі ідуць вельмі цяжкія ў гэтых умовах.

- Нягледзячы на такія цяжкія ўмовы, мы бачым пэўныя поспехі УСУ на паўднёвым кірунку. Якія мэты для ўкраінскага войска могуць стаць прыярытэтнымі, калі расейцаў атрымаецца выбіць з Херсона?

- Для пачатку іх трэба выбіць з Херсона.

- Чым страта Херсону і поўдня Украіны можа абярнуцца для палітычнага кіраўніцтва і вышэйшага вайсковага камандавання Расеі?

- Не думаю, што толькі гэты кірунак павінен быць нашай мэтай. Для іх дрэнна абернецца тое, што Украіна вызваліць свае землі са зброяй у руках. Не толькі поўдзень.

- Наколькі імаверны сцэнар, што Пуцін захоча выкарыстоўваць войска Лукашэнкі ў якасці «паравога катка» на поўначы Украіны, каб знізіць напружанне на паўднёвым фронце? Ці вырасла імавернасць новага наземнага ўварвання ва Украіну з тэрыторыі Беларусі?

- З кожным месяцам імавернасць такога ўварвання зніжаецца. Украіна правяла мабілізацыю, падвышае ўзровень баяздольнасці свайго войска, пашыраюцца пастаўкі розных тыпаў узбраення. Баяздольнасць нашага войска ўзрастае, таму ўступаць у бой, кідаць супраць украінскіх частак, якія ўжо маюць значны досвед сучаснай вайны, беларускае войска з навабранцаў - гэта для Лукашэнкі вельмі нявыгадны сцэнар. Палітычна яму значна больш выгадна таргавацца з Пуціным за магчымасць выкарыстання супраць Украіны вайсковых баз, баявой тэхнікі, прадаваць узбраенне ў Расею. Цяпер уся беларуская вайсковая прамысловасць працуе на Расейскую Федэрацыю, актыўна яе забяспечвае, дае вайсковыя базы, экспартуе неабходныя тавары.

У Лукашэнкі заўсёды была роля гандляра, які вытаргоўвае нейкі ўплыў у Крамлі. Яна была найболей выгоднай. Таму для рэжыму Лукашэнкі акурат выгадная сітуацыя, каб вайна ва Украіне зацягнулася. Пуцін яго не кране, пакуль у нас ідзе вайна, і яму будзе лягчэй выбудоўваць стасункі з Крамлём. А ўцягванне ў вайну для Лукашэнкі небяспечнае тым, што наступствы для краіны будуць вельмі цяжкія. Будуць і вялізныя людскія страты, будуць і палітычныя наступствы.

Але галоўнае — калі ён уцягнецца ў вайну, ён стане яшчэ больш залежым ад Расеі, ён стане проста прыдаткам Пуціна. І калі ўзнікне такая неабходнасць, беларускага дыктатара будзе значна лягчэй прыбраць, таргавацца з кімсьці ўжо не давядзецца. Лукашэнка стане закладнікам сітуацыі, як толькі ўцягнецца ў вайну. Таму я думаю, што ён будзе і надалей пазбягаць гэтай сітуацыі, каб быць і надалей карысным Пуціну ў забеспячэнні яго войска і падтрымкі агрэсіі непрамымі метадамі.

- Калі беларускі рэжым не прыме ўдзелу ў наземным уварванні, а абмяжуецца цяперашнім чыннікам суўдзелу ў агрэсіі, чым для яго абернецца стратэгічнае параза РФ ва Украіне?

- Лукашэнка, як чалавек, які захапіў уладу ў краіне, не мае ніякіх перспектыў. Ні ён, ні спадкаемцы беларускага пасаду, які дыктатар пабудаваў для сябе ў Беларусі, не маюць перспектыў. Зрухі ў Беларусі пачнуцца адразу пасля паразы Расеі ва Украіне. Пасля гэтага будуць запушчаны многія працэсы, якія прывядуць да змен на постсавецкай прасторы. Памяняецца расклад сіл. Украіна стане новым цэнтрам уплыву, які прывядзе да змен, у тым ліку і ў Беларусі.

- Якой будзе роля свабоднай Беларусі ў гэтых новых палітычных рэаліях?

- Змены робяць народы, якія вылучаюць пэўных лідараў. Таму ўсё гэта залежыць ад народнага ўздыму. Мы ўбачылі, што ў Беларусі таксама ёсць шмат пасіянарных людзей. Многія беларусы ваююць на баку Украіны, абсалютна гераічна, прафесійна. Мы бачылі, што калі ўзнікае сітуацыя, то такая немалая еўрапейская нацыя як Беларусь здольная генераваць дастатковую колькасць лідараў. І ўжо дзеянні гэтых лідараў будуць вызначаць нейкую стратэгію, шлях. Цяпер мы гэтага ўсяго не бачым, зараз ідзе барацьба за тое, каб не даць Расеі знішчыць дэмакратыю ва Украіне. А далей будзе такі эфект даміно: падзенне расейскага ўплыву, няздольнасць Пуціна фізічна знішчыць Украіну прывядзе да падзення палітычнага ўплыву і ў іншых краінах, якія ён трымае ў закладніках. Гэта і Беларусь, і Казахстан, і іншыя краіны.

Напісаць каментар 8

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках