19 красавiка 2024, Пятніца, 23:57
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Пісаў пра «Пагоню» і Каліноўскага: Цікавыя факты з жыцця Максіма Танка

3
Пісаў пра «Пагоню» і Каліноўскага: Цікавыя факты з жыцця Максіма Танка

Сёння - 110 гадоў з дня нараджэння беларускага народнага паэта.

17 верасня спаўняецца 110 гадоў з дня нараджэння Максіма Танка, народнага паэта Беларусі, які вызначаўся сваімі наватарскімі творамі, а ў беларускай літаратуры застаўся як паэт-бунтар. «Белсат» сабраў цікавыя факты з жыцця беларускага народнага паэта.

Сапраўднае імя Максіма Танка - Яўген Іванавіч Скурко. У якасці псеўданімаў ён выкарыстоўваў спачатку Бура, затым А. Граніт, але ў 19-гадовым узросце спыніўся на тым, які стаў сусветна вядомы: «Ha той час, калі мне спатрэбіўся псеўданім, каласы, васількі, верасы і іншыя міралюбівыя псеўданімы былі разабраныя. А мне хацелася мець бойкі псеўданім. Тым больш, што з захаду ішла фашысцкая пагроза. Вызначыў спыніцца на слове «танк», якое звязвалася з моцай, сілай супраціву. А каб танк стаў больш грозным, я яго «ўзброіў» кулямётам «Максім». Так я стаў Максімам Танкам».

Максім Танк нарадзіўся 17 (4) верасня 1912 года на Мядзельшчыне ў в. Пількаўшчыне непадалёк ад возера Нарач. Ягоны прадзед быў адным з заснавальнікаў вёскі і пакінуў 12 дзяцей, якія агулам мелі 60 дзесяцін, што пры Саветах стала адзнакай «кулакоў». Сем'і дзвюх цётак Максіма Танка пасля далучэння Заходняй Беларусі да БССР рэпрэсавалі і адправілі ў Сібір.

Бацька Максіма Танка, Іван Тодаравіч Скурко акрамя сельскай гаспадаркі, быў вядомы як майстар па абутку, бортнік і нават знахар, ведаў некалькі замежных моў. Гэтыя веды, як і жыццёвы досвед, перадаваў чатыром дзецям (двум сынам і дзвюм дочкам). У канцы 1940-х ледзь не быў рэпрэсаваны. Выратавала тое, што Максім Танк загадаў бацьку ўступіць у калгас.

Падчас Першай сусветнай вайны сям'я Скурко, як і больш за мільён іншых беларусаў, адправілася ў бежанства. З 1914 да 1922 года яны жылі ў Маскве, дзе Жэня пайшоў у сваю першую школу. У 1922 годзе праз голад у сталіцы Савецкай Расеі пастанавілі вярнуцца ў родную Пількаўшчыну, якая па ўмовах Рыжскага міру апынулася ў складзе Польшчы. Сям'і Скурко пашанцавала, бо ім, у адрозненні ад сотняў тысяч беларусаў, было куды вяртацца - дзед Тодар захаваў іх дом.

У Максіма Танка была цудоўная памяць, дзякуючы якой ён запамінаў цэлыя паэмы. Першая кніга, якую ён памятаў як тую, што пакінула незабыўнае ўражанне - «Вечары на хутары каля Дзіканькі» Гогаля, з якой пазнаёміўся яшчэ ў Маскве. У польскай школе вельмі захапіўся польскай літаратурай – Міцкевічам, Славацкім, Ажэшкай, Сянкевічам, Крашэўскім, Канапніцкім, і надалей зрабіў шмат перакладаў польскіх твораў на беларускую мову.

Лёсавымі ж для яго сталі радкі Янкі Купалы з беларускага календара на 1925 год. Іх ён пранёс праз усё жыццё:

«…Карчмы ды астрогі,

Крыжы, бярозкі:

Гэта наша доля,

Доля нашай вёскі…»

Максім Танк вучыўся ў чатырох гімназіях, а дыплом аб адукацыі так і не атрымаў, бо двойчы быў выключаны з іх праз удзел у забастоўках. Затое належаў да ліку самых адукаваных беларускіх паэтаў, бо надта шмат увагі надаваў самаадукацыі. У 1972 годзе ён стаў акадэмікам Акадэміі навук Беларусі.

7 красавіка 1932 года выйшаў першы верш Яўгена Скурко, падпісаны псеўданімам «Максім Танк», а праз 20 дзён ён ужо сядзеў на Лукішках – за падпольную дзейнасць і выданне «Журналу для ўсіх» («Часопіса для ўсіх»).

Адну з паэм Максім Танк назваў «Каліноўскі», а ў адным з самых першых сваіх вершаў «Ты чуеш, брат» згадаў Пагоню і бел-чырвона-белы сцяг:

«Пагоні сілы баявыя,

І вы рыхтуйцеся ў паход,

Каб знішчыў путы векавыя

Наш заняволены народ.

Глядзіце ў будучыню смела!

Настаў доўгачаканы час,

Пад сцягам бел-чырвона-белым

Чакае перамога нас».

Пасля далучэння Заходняй Беларусі да БССР у 1939 годзе працаваў у газеце «Вилейская правда» і быў інспектарам беларускіх школ. З пачаткам вайны СССР з Германіяй быў эвакуяваны і спачатку далучыўся да народнага апалчэння. Але неўзабаве быў накіраваны для ўдзелу ў выданні газеты «За Советскую Беларусь» і агітплаката «Раздавим фашистскую гадину» (пасля вайны перайменаваны ў часопіс «Вожык»).

Амаль два дзясяткі гадоў Максім Танк узначальваў у якасці галоўнага рэдактара часопіс «Полымя», пасля чаго да 1990 года кіраваў Саюзам пісьменнікаў Беларусі. У гэты ж час выйшлі яго найлепшыя кнігі, сярод якіх «Мой хлеб надзённы» (1962), «Глыток вады» (1964), «Перапіска з зямлёй» (1967), «Хай будзе светла» (1972), «Дарога, закалыханая» жытам» (1976), «За маім сталом» (1984).

Танк зусім не ўжываў алкаголю і не паліў, але пры гэтым уважаўся за выдатнага тамаду падчас застолляў. Быў вельмі азартным чалавекам, уважаўся за «караля прэферансу». Таксама вельмі любіў шахматы і більярд.

Улюбёная ежа - сала з цыбуляй.

Галоўны крытык твораў Максіма Танка - ягоная жонка Любоў Андрэеўна. Як толькі што-небудзь пісаў, адразу бег да яе чытаць, а пасля яе станоўчага адказу чытаў дзецям - сыну Максіму і дочкам - блізнятам Іры і Веры. Адна з дачок і сын сталі навукоўцамі ў галіне хіміі.

Максім Танк усяго на некалькі месяцаў перажыў сваю любую жонку, разам з якой і быў пахаваны 7 жніўня 1995 года побач з магіламі бацькі і маці ў роднай в. Пількаўшчыне.

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках