19 красавiка 2024, Пятніца, 3:42
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Эканаміст: Супраць законаў рынку не папрэш, дэвальвацыя ў Беларусі будзе

11
Эканаміст: Супраць законаў рынку не папрэш, дэвальвацыя ў Беларусі будзе

Асабліва востра яе адчуюць тыя, хто жыве на пенсіі ды заробкі.

Афіцыйная прапаганда даўно разгарнула кампанію ўсхвалення папярэдніх дэвальвацый рубля.

Актыўнасць прапаганды наводзіць на думку, што ўлады рыхтуюць маштабную дэвальвацыю беларускай валюты.

Аб імавернасці такога сцэнару выданне «СН плюс» пагаварыла з эканамістам Львом Марголіным.

- Большасць незалежных эканамістаў сыходзяцца ў тым, што дэвальвацыя неўнікнёная. Улада доўгі час супраціўлялася, трэба аддаць належнае, дзеянні банкавых уладаў былі дастаткова разумныя і дзейсныя.

Але супраць законаў эканомікі не папрэш: дэвальвацыя будзе. Іншае пытанне ў тым, у якіх аб'ёмах і з якой хуткасцю яна будзе ажыццяўляцца? Можна зрабіць як у 2011 годзе: абрынуць рубель адразу ў два, а то і больш разоў, або паспрабаваць утрымліваць тэмпы дэвальвацыі.

Якую пастанову прыме ўлада, сказаць дастаткова цяжка. Можна меркаваць, што дэвальвацыя будзе імклівай.

Адным яна будзе выгадная, іншым не.

Дэвальвацыя будзе выгадная экспарцёрам, якія за кожны атрыманы даляр атрымаюць больш беларускіх рублёў; будзе выгадная дзяржаўнаму бюджэту, але нявыгадная імпарцёрам.

Вельмі важна, як дэвальвуецца беларускі рубель у дачыненні да расейскага. Калі ў 2011 годзе дэвальвацыя адбылася ў дачыненні да ўсіх валют, у тым ліку і да суседскай, то за апошнія месяцы беларускі рубель і так дастаткова моцна аслабеў у дачыненні да расейскага.

Што да выгады сельскай гаспадаркі, то значных рынкаў прадукцыі, за выняткам Расеі (можа, у нейкай ступені і Кітая) у нас і няма. Так што для агракомплексу выгады асаблівай я не бачу.

Але разам з тым імпарт усіх энэргарэсурсаў з Расеі ажыццяўляецца за расейскія рублі; чым таннейшы беларускі рубель, тым больш спатрэбіцца на аплату расейскіх энэргарэсурсаў.

Таму, як я мяркую, прапорцыя беларускага рубля ў дачыненні да расейскага не надта зменіцца. Пагатоў паралельна з нашай дэвальвацыяй у Маскве жадаюць правесці сваю.

Мабыць, стасунак беларускага і расейскага рубля захаваецца ў тым або іншым выглядзе, а вось у дачыненні да вольна канверсаванай валюты мы аслабнем.

Розныя катэгорыі грамадзян па-рознаму адчуюць на сабе наступствы дэвальвацыі. Тыя, у каго засталіся рэсурсы, ашчадак у вольна канверсаванай валюце, уздыхнуць з палёгкай: цэны ў краме моцна выраслі, а вось курс валют застаўся ранейшым; цяпер яны змогуць абмяняць свой запас больш высокім курсам. Тыя, на кім вісяць крэдыты, таксама ўздыхнуць з палёгкай.

А вось грамадзяне, якія жывуць на пенсію і на заробкі, адчуюць дадатковы рост цэн у крамах. І звязаны ён будзе найперш з імпартнымі таварамі.

- Навошта наогул патрэбная дэвальвацыя? Шмат хто, асабліва прапагандысты, так ганарыўся моцным беларускім рублём, а тут - трах! - трэба яго аслабляць…

- Яна патрэбная, каб нейкім чынам разварушыць прадпрыемствы, перш за ўсё дзяржаўныя. У іх знізілася забеспячэнне абарачальнымі сродкамі, а адзіны спосаб падтрымаць іх на плаве - ільготнае крэдытаванне. Але як заявіў старшыня ўправы Нацбанка Павел Калавур у Берасці пару тыдняў таму, магчымасці банкавай сістэмы ў гэтым сэнсе практычна вычарпаныя. Застаецца тое, што вымеркаваў дзяржаўны бюджэт у 2021 годзе. Але, здаецца, назапашванні ўжо выдаткаваныя, цяпер трэба ўмыкаць друкарскі варштат. Зрэшты, ён ужо ўвамкнуты, аб чым сведчыць рост грашовай масы ў чэрвені і ліпені. Калі яшчэ, як кажуць, даць чаду, то гэта пагражае ростам і інфляцыі, і дэвальвацыі. І тут магчымыя два варыянты: альбо моцнае падзенне рубля, як у 2011 годзе, альбо стрыманне дэвальвацыі.

- Які тып дэвальвацыі патрабуе эканоміка ў цяперашнім стане?

- Вельмі складана яго ацаніць, бо шмат якія звесткі проста засакрэчаныя. Але, мяркую, 2011 года ў чыстым выглядзе не будзе.

У сваю чаргу кандыдат эканамічных навук Віктар Цярэшчанка кажа, што "імавернасці новай дэвальвацыі беларускага рубля пакуль не відаць". На ягоную думку, аб гэтым сведчыць дынаміка курса рубля да даляра ЗША у ліпені 2022 года.

Не бачыць прыкмет паслаблення беларускага рубля і ягоны калега, які пажадаў застацца неназваным. Вось аргументацыя апошняга: уступленне ў сілу санкцый супраць расейскай нафтавай галіны прычыніцца да дэвальвацыі расейскага рубля. Але гэтага трэба чакаць пад канец года, прычым рубель аслабне не ў два разы, і нават не напалову. Праз моцную прывязку, калі беларускі рубель фактычна паўтарае ўсе зігзагі расейскага, варта чакаць "павольнага, але няўмольнага" зніжэння вартасці і беларускага рубля.

Як вядома, "вялікая сямёрка" можа ўвесці абмежаванні цаны нафты з Расеі пад 5 снежня.

Напісаць каментар 11

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках