25 красавiка 2024, Чацвер, 4:31
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Выдаліць пухліну

15
Выдаліць пухліну

Увазе Уршулі фон дэр Ляен.

Выступаючы ў сераду, 14 верасня, у Еўрапарламенце з пасланнем «Аб становішчы Звязу» старшыня Еўракамісіі Уршуля фон дэр Ляен зрабіла вельмі важнае прызнанне. Яна сказала, што вайна паднесла адзін сур'ёзны ўрок: трэба было прыслухоўвацца да тых, хто ведае, чаго чакаць ад Расеі. Напрыклад, да Польшчы, краінаў Балтыі, беларускай апазіцыі... Прызнанне смелае, доўгачаканае, але няпоўнае.

Фон дэр Ляен мела на ўвазе беларускую апазіцыю, якая з'явілася не ў 2020 годзе, а нашмат раней. Паколькі я адношу сябе менавіта да гэтай, рэальнай апазіцыі, то мяркую неабходным унесці ўдакладненні.

Безумоўна, асноўная крыніца зла сёння – пуцінская Расея, якая развязала страшную вайну, і асноўная задача ўсяго цывілізаванага чалавецтва заключаецца ў тым, каб дапамагчы Украіне перамагчы ў гэтай вайне і скончыць з гэтым злом, пажадана назаўжды.

Аднак ваеннай перамогі над Расеяй – недастаткова. Неабходна цалкам выдаліць ракавую пухліну дыктатуры, якая разраслася ў нашым рэгіёне. Менавіта дыктатарскія рэжымы з'яўляюцца крыніцай і пажыўным булёнам смертазабойчых войнаў.

Вайна ў Еўропе не здарылася нечакана. Яе планамерна, не спяшаючыся рыхтавалі дзве дыктатуры – пуцінская і лукашысцкая, – на вачах ва ўсіх.

Менавіта на тэрыторыі Беларусі цягам многіх гадоў Лукашэнка дазваляў Крамлю праводзіць буйнамаштабныя манеўры, на якіх адпрацоўваліся сцэнары расейскай агрэсіі ў Еўропе пры падтрымцы рэжыму Лукашэнкі. Адначасова дыктатура Лукашэнкі служыла мадэллю для пабудовы дыктатуры ў Расеі. Беларусь стала палігонам для адпрацоўкі самых жорсткіх метадаў ліквідацыі правоў чалавека, грамадзянскіх і палітычных свабодаў. Пакора грамадства, задушанага рэпрэсіямі, развязвае рукі псіхапатам ва ўладзе.

Гэтыя працэсы адбываліся пры паблажлівым, а часам і добразычлівым стаўленні дэмакратычнага свету да ўсіх гэтых падрыхтовак. Часам, праўда, ужываліся мяккія санкцыі, калі дыктатары пераходзілі ўсе межы жорсткасці і хлусні, але яны былі нядоўгімі і таму эфект ад іх быў абмежаваным.

Пухліну дыктатуры неабходна выдаліць цалкам. Гэта значыць пазбавіцца абодвух рэжымаў: у Маскве і Менску.

Дапусціць думку, што Лукашэнка можа застацца пасля сыходу Пуціна, азначае дапусціць не проста прадаўжэнне вайны, але яе эскалацыю і пераліў на суседнія тэрыторыі.

У Еўразвязу назапашаны больш чым дастатковы досвед узаемадзеяння з рэжымам Лукашэнкі. Выпрабаваныя розныя падыходы, пры якіх усе еўрапейскія морквы былі з задавальненнем дыктатурай з'едзеныя. Не варта шукаць новыя прысмакі для мярзотнікаў. Няма нічога складанага ў выбары правільнай мадэлі стасункаў з дыктатарамі: іх нельга заахвочваць, з імі нельга міндальнічаць, яны разумеюць толькі мову сілы, толькі ўдары палкай.

Еўразвяз не можа дазволіць сабе «прытаміцца» ад праблемаў з Лукашэнкам, толькі не падчас страшнай вайны, якую гэты дыктатар падтрымлівае і ў якой удзельнічае на баку Крамля.

У Еўразвязу сёння ёсць дастаткова вагароў, сродкаў і досведу, каб утаймаваць рэжым Лукашэнкі.

Ні грозныя заявы, ні салодкія ўгаворванні на Лукашэнку не дзейнічаюць. А санкцыі дзейнічаюць. Яны з Пуціным сталі адкрыта гэта прызнаваць і выпрошваць паслабленні.

Значыць, трэба ўжываць тое, што дзейнічае, асабліва для вызвалення палітвязняў.

У Беларусі іх тысячы, і толькі жорсткія санкцыі дазволяць ім выйсці на волю.

Іншай мовы дыктатары не разумеюць.

Лукашысцкая палітыка простая, як канструкцыя вясковай прыбіральні. У аснове яе – хлусня.

Прычым хлусня сталая, хлусня доўгачасовая, без раздыху, без зазору на паўпраўду, без логікі і без сораму.

Разлік просты: стаміць усіх хлуснёй, падвышаючы яе градус і недарэчнасць, і знайсці сярод «стомленых» ад гэтай хлусні слабыя звёны, гатовыя зрабіць выгляд, што вераць у абяцанні дыктатара стаць на шлях выпраўлення.

У мінулым гэтыя ягоныя прыёмчыкі, на жаль, спрацоўвалі, часткова праз наіўнасць палітыкаў, часткова праз карупцыю. Бізнэс інтарэсы заходніх палітыкаў выклікалі іх своеасаблівую глухату.

Сёння такія эксперыменты проста недазваляльныя. Яны ўжо прывялі да вайны.

Добра, што Уршуля фон дэр Ляен прызнала памылкі. Засталося пачаць слухаць тых, хто разумее рэальную пагрозу дыктатарскіх рэжымаў, якія падрываюць міжнародную бяспеку. Засталося зразумець, што рэжым Лукашэнкі павінен несці поўную адказнасць за злачынствы супраць народа Беларусі, за забойствы, катаванні, гвалт.

Засталося ўжыць дзейсныя захады, каб рэжым Лукашэнкі, як суўдзельнік агрэсіі Расеі ва Украіне, не ўнік той самай адказнасці за гэтую вайну, як і рэжым Пуціна.

Андрэй Саннікаў, «Фэйсбук»

Напісаць каментар 15

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках