25 красавiка 2024, Чацвер, 23:12
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Нікаля Тэнцэр: Калі Беларусь пазбавіцца Лукашэнкі, дзверы ЕЗ для яе павінны быць адчыненыя

5
Нікаля Тэнцэр: Калі Беларусь пазбавіцца Лукашэнкі, дзверы ЕЗ для яе павінны быць адчыненыя

Беларуская рэвалюцыя ўвасабляе еўрапейскія каштоўнасці.

Чаму Захад не прыслухоўваўся да тых, хто папярэджваў яго пра сутнасць рэжыму Пуціна? Як трыбунал для Лукашэнкі стане адной з гарантыяў бяспекі ў Еўропе? Ці павінны расейцы сутыкнуцца з наступствамі за тое, што іх войска робіць ва Украіне? Пра гэта сайт Charter97.org пагутарыў з былым супрацоўнікам французскага ўраду, прафесарам, экспертам у галіне міжнароднай бяспекі Нікаля Тэнцарам.

Даведка: Нікаля Тэнцэр працаваў у французскім урадзе. Эксперт у знешняй палітыцы, запрошаны прафесар Інстытута палітычных даследаванняў (Sciences Po) у Парыжы, старшыня аналітычнага Цэнтра вывучэння і даследаванняў палітычных пастановаў (CERAP), які базуецца ў Парыжы, старшы навуковы супрацоўнік Цэнтра аналізу еўрапейскай палітыкі (CEPA), дырэктар інтэрнэт-часопіса Desk Russie і блогер у Tenzer Strategics. Нікаля Тэнцэр – аўтар 22 кніг і 3 афіцыйных урадавых дакладаў.

– Як атрымалася, што пасля слоў "ніколі зноў" мы зноў сталі сведкамі страшных падзей?

– Былі ўсе прыкметы таго, што пуцінскай Расеі напляваць на чалавечыя жыцці. Успомніце, што мы ўжо назіралі ў Чачні, Грузіі і, вядома ж, у Сірыі, дзе расейцы забілі больш мірных грамадзянаў, чым ІД. Першая ўкраінская вайна была распачатая ў 2014 годзе, і многія ваенныя злачынствы былі здзейсненыя менавіта тады, не кажучы ўжо пра катаванні, гвалтоўныя знікненні і зняволенні ў турмы грамадзянаў Украіны і сярод іх, галоўным чынам, крымскіх татараў.

На вялікі жаль, тыя, хто папярэджваў, што робіць Расея, і патрабаваў яе спыніць, не былі пачутыя ні ў Францыі, ні ў Нямеччыне, ні дзе-небудзь яшчэ, у тым ліку ЗША. Былі ўсе перасцярогі і ад дысідэнтаў у самой Расеі: майго сябра Уладзіміра Кара-Мурзы і многіх іншых, некаторыя з якіх былі забітыя: Ганны Паліткоўскай, Наталлі Эстэміравай, Настассі Бабуравай, Станіслава Маркелава, Барыса Нямцова. Нават калі тое, што адбылося ў Бучы, Ірпені і асабліва Марыюпалі (дзе, верагодна, было забіта больш за 100 тысячаў чалавек) было больш маштабна, усё гэта было абсалютна прадказальна. Ніхто не мог сказаць загадзя, "дзе", "калі" і "як", але гэта не стала нечаканасцю. Думаю, што адно з галоўных пытанняў, якое мы павінны задаць, заключаецца ў тым, чаму ўсе гэтыя папярэджанні пра пуцінскі рэжым не былі ўзятыя да ўвагі. У нейкай ступені гэта, магчыма, выяўляе абыякавае стаўленне да злачынстваў.

Што да пытання, як гэта магло адбыцца, прычына ў тым, што лідары дэмакратычнага свету цягам 23 гадоў заплюшчвалі вочы на тое, што адбываецца. Нават калі некаторыя сусветныя лідары гавораць пра ваенныя злачынствы, злачынствы супраць чалавечнасці і злачынствы генацыду, злачынствы агрэсіі, няма ўражання, што гэта з'яўляецца цэнтральным пунктам у іх падыходзе да Расеі. Яны згадваюць пра гэта, але ствараецца такое ўражанне, што часам – як пра рэчы другарадных. У першую чаргу прымаецца да ўвагі агрэсія. Яны правільна кажуць, што мы павінны стаць плячо да пляча з Украінай, абараняць украінцаў, узбройваць Украіну (аднак у гэтым кірунку робіцца недастаткова), але не кажуць падрабязна пра злачынствы, якія здзяйсняюцца Пуціным, ягонай арміяй, расейскім народам.

Акрамя таго, многія расейцы, нават некаторыя дысідэнты (не ўсе, але нават яны) аддаюць, на мой погляд, недастаткова ўвагі таму, што расейскі народ, верагодна, павінен адчуваць своеасаблівую віну за тое, што робіць ягоны ўрад, нават калі яны не нясуць прамой адказнасці за гэтыя злачынствы. Гэтае пачуццё і поўнае прызнанне злачынстваў, учыненых пуцінскім рэжымам (і да яго – Сталіным) адзіны шлях да дэмакратыі і вяршэнства права.

– Можна меркаваць, што пасля гэтай вайны людзі зноў скажуць "ніколі зноў". Але ці варта чакаць новай трагедыі ў будучыні?

– Многія лідары паўтаралі "ніколі зноў" і разважалі пра абавязацельства любой дзяржавы выконваць міжнародныя законы ў дачыненні да правоў чалавека, ваенных злачынстваў, злачынстваў супраць чалавечнасці, але калі гэта адбылося, яны амаль нічога не сказалі.

На мой погляд, вайна ў Сірыі была своеасаблівым паваротным момантам. Калі расейскае войска забівала мірных жыхароў, сусветныя лідары вінавацілі Асада (і гэта было правільна), але яны ніколі публічна не гаварылі, што пуцінская Расея ў такой жа ступені вінаватая ў ваенных злачынствах або злачынствах супраць чалавечнасці. Калі сусветныя лідары маўчаць (яны, у сутнасці, проста назіраюць за тым, што адбываецца – злачынствы былі ўчыненыя ва ўсіх навідавоку), то цяжка меркаваць, што словы "ніколі зноў" успрымаюцца імі ўсур'ёз.

Не магу сказаць, што трэба рабіць, каб гэта не паўтарылася, таму што, на жаль, ніякага цудадзейнага рэцэпту ў мяне няма; на самай справе – ні ў кога няма. Трагедыя можа паўтарыцца і, верагодна, адбудзецца зноў праз 3, 10, 50, ці 100 гадоў – я не ведаю. Паглядзіце, што адбылося ў іншых месцах. У Беларусі дыктатар Лукашэнка саджае ў турмы і катуе людзей (няхай і не ў такіх маштабах, як ва Украіне). Падумайце, што да гэтага часу адбываецца ў Сірыі, што здарылася ў М'янме? Паглядзіце на тое, што адбылося ў Кітаі з лагерамі для уйгураў. У нас ёсць шмат прыкладаў, на вялікі жаль, але пра іх недастаткова кажуць – часта яны знікаюць у бездані забыцця, паводле выразу Ханны Арэнт.

На мой погляд, першае, што трэба зрабіць, калі мы паспрабуем прадухіліць падобныя рэчы ў будучыні, гэта тое, што ўсе праваабаронцы павінны выступаць гучна і ясна і павінны аб'яднаць намаганні: беларуская апазіцыя робіць гэта ў дачыненні да Украіны, таксама як і сірыйская апазіцыя. Але таксама мы мусім аб'яднацца з праваабаронцамі ў Ганконгу, Турцыі, Венесуэле, на Кубе. Мы павінны вельмі дакладна заявіць (а некаторыя лідары ўсё яшчэ павінны сказаць пра гэта ў дачыненні да Расеі), што ўсе асобы, адказныя ці вінаватыя ў гэтых злачынствах, павінны паўстаць перад судом: альбо перад Міжнародным крымінальным судом, альбо перад спецыяльным трыбуналам у злачынствах агрэсіі, у паўнамоцтвах якога будзе абвінавачанне кіраўніка расейскага рэжыму. Калі не адбудзецца правасуддзя пасля таго, што Расея творыць ва Украіне, калі не будзе адказнасці за тое, што Лукашэнка творыць у Беларусі, то, мне здаецца, словы "ніколі зноў" стануць усяго толькі змрочным здзекам.

– А што наконт расейцаў? Ці павінны яны сутыкнуцца з наступствамі за тое, што іхняе войска робіць ва Украіне?

– Па-першае, яны не могуць адводзіць погляд у бок. Я сустракаў некаторых з іх, і яны казалі: "Мы вельмі занепакоеныя. Гэта вельмі сумна". Але яны не надта ўсведамляюць значэнне ваенных злачынстваў, якія ўчыняюцца ад іхняга імя. Хоць яны і не падтрымліваюць Пуціна, яны не паўстаюць супраць яго. Вядома, я разумею, што гэта вельмі лёгка казаць з Парыжа ці Берліна, таму што тыя, хто выходзяць на пратэсты ў Расеі, ставяць сябе пад вялікую рызыку. Насамрэч, некаторыя так і зрабілі, і, паводле некаторых звестак, 14 000 чалавек былі затрыманыя пасля 24 лютага. Аднак, тым не менш, шмат хто не заўважае, што адбываецца і, у сутнасці, зміраецца.

Некаторыя, відаць, перажываюць праз украінскія перамогі, але яны абвінавачваюць Пуціна ў памылках пры вядзенні вайны, а не ў яе абвяшчэнні і ўчыненні злачынстваў. Забойнае пытанне: як перайсці ад гэтага стану адмаўлення да пачуцця віны? Відавочна, што на гэта могуць спатрэбіцца дзесяцігоддзі. Урэшце расейцы павінны будуць адчуць падобнае пачуццё віны, якую адчула большасць немцаў, якія падтрымлівалі Гітлера, пасля Другой сусветнай вайны. Хоць і не ўсе так думаюць (ды і судоў, мусіць, было замала), але ўсё ж, калі спытаць маладых немцаў, то яны не ганарацца сваім мінулым. У Расеі адбываецца нешта якраз супрацьлеглае. У той дзень, калі гэта зменіцца, у Расеі надыдзе дэмакратыя – у чым пакуль ніхто не можа быць упэўнены.

Для мяне галоўным сігналам стала закрыццё "Мемарыялу". Былі дзве звязаныя арганізацыі: першая проста спрабавала данесці гістарычную праўду пра злачынствы сталінізму, а другая абараняла дэманстрантаў і праваабаронцаў. І большая частка расейцаў не звярнула ўвагі на закрыццё "Мемарыялу". Многія з іх з задавальненнем усхвалялі Сталіна. Мы ўсе вельмі добрае разумеем, чаму пуцінская сістэма запусцілі гэты працэс рэабілітацыі Сталіна. Таму што калі вы абяляеце злачынствы мінулага, то вы ўзаконьваеце злачынствы сучаснасці. Калі мінулыя злачынствы мінулага перастаюць быць часткай калектыўнай памяці, то ўсё можа паўтарыцца – менавіта гэта і адбылося.

– Як вы ставіцеся да забароны на выдачу візаў расейскім турыстам?

– Ухваляю, і ніхто не аспрэчвае той факт, што для дысідэнтаў дзверы павінны заставацца адчыненымі. Таксама, мне падаецца, што тыя, хто выступаў супраць Пуціна, ужо з'ехалі: уцечка мазгоў ужо вялікая. Часам я чую, як некаторыя гавораць: "Гэта недарэчна. Магчыма, калі яны прыедуць у Еўропу, у іх будзе іншае разуменне пра яе". Аднак насамрэч большасць расейцаў, якія прыязджаюць у Еўропу ці ЗША, проста атрымліваюць асалоду ад адпачынку, сонца, мора, гораў ці шопінгу і не хочуць набываць тую дасведчанасць, якую некаторыя чакалі. Я на сваім досведзе сутыкаўся з тым, што яны не жадаюць чуць пра вайну.

На мой погляд, ёсць шмат важкіх прычынаў для забароны на выдачу візаў: меркаванні бяспекі, таму што сярод іх могуць быць шпіёны; таксама яны могуць паводзіць сябе агрэсіўна (паведамленні пра гэта паступалі з некаторых краінаў); ёсць таксама сур'ёзная пагроза бяспецы для расейскіх дысідэнтаў і ўкраінскіх бежанцаў у нашых краінах. І ёсць нешта вельмі маральнае: гэтыя людзі не могуць атрымліваць асалоду ад адпачынку, пакуль іх уласная краіна забівае людзей ва Украіне, у Сірыі і абараняе рэжым Лукашэнкі – гэта недапушчальна.

Хочацца дадаць, што большасць расейцаў, якія выпраўляюцца на адпачынак у Еўропу, не бедныя людзі. Хутчэй, гэта багатыя людзі, вярхі сярэдняга класу, людзі, якія атрымалі хоць нейкую адукацыю, ад якіх можна было б чакаць нейкага гістарычнага і маральнага ўсведамлення. Але такое маральнае ўсведамленне ў іх адсутнічае. За выключэннем дысідэнтаў, гэтага зусім няма.

– Якім вам бачыцца развіццё падзей у Беларусі?

– Я сказаў бы, што лёс Беларусі будзе вызначацца ва Украіне. Калі Украіна пераможа ў вайне і верне сабе ўсе страчаныя тэрыторыі: і Данбас, і Крым, калі будзе поўны і радыкальны разгром расейскага войска і пуцінскага рэжыму, то для Беларусі наступяць лепшыя дні. Праз унутраную слабасць расейскага рэжыму Расеі будзе больш складана падтрымліваць Лукашэнку, а без гэтай падтрымкі рэжым Лукашэнкі доўга не пратрымаецца. Вось у гэтым і заключаецца наша надзея. Верагодна, мы будзем назіраць свайго кшталту вельмі станоўчы эфект снежнага кома: калі Расея пацерпіць паразу, то ва ўсіх урадаў, якія альбо падтрымліваюцца Расеяй, альбо робяць стаўку на Расею (а гэта не толькі Беларусь, але, напрыклад, Сербія ці нават Вугоршчына), будзе менш спрыяльнае становішча, і яны маглі б, прынамсі, перагледзець свае альянсы.

Захапляюся неверагоднай адвагай беларусаў, Святланы Ціханоўскай і яе асяроддзя, некаторых іншых. Уражаны іх смеласцю.

Спачатку частка апазіцыі не рабіла геапалітычных заяваў. Я са свайго боку казаў: "Вы павінны перш за ўсё перамагчы Расею, і ў вас павінны быць еўрапейскія амбіцыі". Для мяне, калі Беларусь пазбавіцца рэжыму Лукашэнкі, у той самы дзень дзверы ЕЗ павінны быць адчыненыя. І сапраўды, тое, што людзі робяць пасля жнівеньскай рэвалюцыі 2020 года, у сутнасці, увасабляюць тыя ж еўрапейскія каштоўнасці, што і пратэстоўцы на Майдане ў 2014 годзе. Цяпер погляды апазіцыі змяніліся. Апазіцыя поўнасцю прымае супрацьстаянне пуцінскаму рэжыму, і многія беларусы змагаюцца на баку ўкраінскіх сілаў, а некаторыя, на жаль, заплацілі сваімі жыццямі за імкненне волі. Я поўнасцю падтрымліваю патрабаванні апазіцыі быць наступнымі ў спісе на статус кандыдата ў ЕЗ, калі Беларусь будзе вызваленая.

Ведаю, што апазіцыя за мяжой прадаўжае барацьбу. Ёсць актывісты і ўнутры краіны, ёсць людзі, якія пашкоджваюць чыгунку. Мяркую таксама, што беларускае войска не гарыць жаданнем ісці ваяваць за тое, каб падтрымаць рэжым Пуціна ў наступе на Украіну. Думаю, поспех рэвалюцыі свабоды абавязкова прыйдзе пасля перамогі Украіны.

Напісаць каментар 5

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках