25 красавiка 2024, Чацвер, 22:19
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Віктар Рос: Лукашэнка саступіць беларускай апазіцыі

18
Віктар Рос: Лукашэнка саступіць беларускай апазіцыі
ВІКТАР РОС
ФОТА: CHARTER97.ORG

Эканоміка рэжыму ўжо ў катастрафічнай сітуацыі.

Украінскі контрнаступ паспяхова прадаўжаецца. Як поспехі УСУ ўплываюць на палітычную сітуацыю ў Расеі? Што можа чакаць Лукашэнка, калі Крэмль працягне страчваць уплыў у рэгіёне?

Пра гэта і не толькі сайт Charter97.org пагаварыў з экс-амбасадарам Польшчы ў Малдове і Арменіі, былым дарадцам міністра і кіраўніком палітычнага аддзела ў пасольстве Польшчы ў Расеі, выкладчыкам Варшаўскага ўніверсітэта і сябрам свабоднай Беларусі Віктарам Росам.

- Як контрнаступ Украіны ўплывае на палітычную сітуацыю ў РФ? Ці бачыце вы падзел на партыі «вайны» і «міру» ў Крамлі?

- Варта прымаць да ўвагі, што пакуль складана вызначыць людзей, якія ўваходзяць у тую ці іншую партыю. Цяпер больш навідавоку тое, што робіцца ў асяроддзі алігархаў. Расейскія бізнэсоўцы кідаюцца, уцякаюць з краіны, а Крэмль зазывае іх назад. У РФ цяжка сказаць, хто знаходзіцца на баку вайсковых дзеянняў, а хто не.

Ясна, што ёсць такія «ястрабы», як Гіркін. Аднак гэта ж не Крэмль, а проста публіцыст, які выкладае свае погляды на тое, што Расея вядзе вайну няправільна, што трэба праводзіць татальную мабілізацыю і тады можна будзе дабіцца нейкага поспеху. Цяпер жа мы назіраем нейкія невыразныя дзеянні расейскіх палкаводцаў, якія ніякай выразнай стратэгіі не выкарыстоўваюць.

Акрамя Гіркіна ёсць яшчэ Прылепін, які, дарэчы, звязаны нейкімі роднаснымі сувязямі з Сурковым. Аднак Суркоў знік, зараз яго зусім не відаць. Раней ён быў вельмі ўплывовым палітычным дзеячам, які вызначаў палітыку ў дачыненні да Украіны ў 2014-м годзе, аднак зараз яго нідзе не бачна.

Ужо зразумела, што ў Крамлі будзе зараз разброд. Там будуць думаць, як мяняць сітуацыю. Аднак дакладна вызначыць, хто там у «партыі вайны», а хто не, пакуль складана.

- Ці сочыце вы за тым, як змяняюцца наратывы расейскай прапаганды? Што прапагандысты будуць прапаноўваць простым расейцам зараз, калі ў войска РФ відавочныя праблемы?

- Прапагандысты зараз кінуліся ў істэрычны тон, але ніхто з іх не кажа, што трэба згортваць усю гэтую задуму, а наадварот. Яны памянялі тон у тым сэнсе, што яны не могуць пярэчыць зусім відавочным фактам: што Расея саступае, а ўкраінскі контрнаступ прасоўваецца з вялікім поспехам. Гэтага яны не могуць не прызнаць.

Вось прапагандысты якраз складаюць тое, што з'яўляецца «партыяй вайны». Яны прасоўваюць ідэі татальнай мабілізацыі, павелічэння колькасці расейскіх салдат. У іх нават праскокваюць думкі аб тактычных ядзерных ударах. Аднак у цэлым наратыў мяняецца на істэрычны ад паразы.

- Ці чакаць мабілізацыю ў РФ, калі праблемы на фронце працягнуцца?

- Думаю, што яна немагчымая. Расейскаму войску з вялікай цяжкасцю ўдаецца сфармаваць новыя батальёны ў розных рэгіёнах краіны. Звычайна яны ўкамплектаваныя толькі на трэць. Задзейнічаны ўсе магчымыя формы, каб павялічыць асабовы склад, гарматнае мяса так званае. Расейскае камандаванне спрабуе прыцягваць нават крымінальнікаў з месцаў зняволення.

Варта ўлічваць, што ўсе будуць пазбягаць мабілізацыі. Гэта ўзніме ўзровень карупцыі ў войску, таму што трэба будзе плаціць за тое, каб не быць набраным. Пуцін даў загад павялічыць колькасць салдат на 137 тысяч, але пакуль не ўдаецца сабраць нават трэці ад гэтай колькасці. І гэта зусім ненавучаныя людзі. Такая сітуацыя будзе выклікаць у вайсковых дзеяннях толькі хаос, ніякага прагрэсу чакаць ад іх проста немагчыма.

Так што людзі, якія дагэтуль былі не тое што на баку Пуціна, а проста нейтральна ставіліся і не цікавіліся вайной, у выпадку абвяшчэння ўсеагульнай мабілізацыя выкажуцца супраць яе. Гэта ўжо закране іх асабіста, літаральна кожную сям'ю. Таму для Пуціна гэта вельмі рызыкоўны крок, не думаю, што ён увогуле на яго наважыцца.

- Цяпер абвастрыўся канфлікт паміж Азербайджанам і Арменіяй. АДКБ, дзе старшынствуе рэжым Лукашэнкі, не наважылася развесці войскі, хаця Ерэван папрасіў аб дапамозе. Яны спалохаліся?

- Ведаю, што абстрэл прымежных армянскіх вёсак ажыццяўляецца, але для АДКБ, можа быць, яшчэ свежы казахстанскі прыклад, калі акрамя расейцаў былі задзейнічаныя сілы і з іншых краін, у тым ліку - і Арменіі. Аднак усё гэта прывяло да таго, што неўзабаве, відаць з-за пазіцый Кітая, расейцы адтуль хуценька сышлі. Прэзідэнт Такаеў нечакана вельмі сур'ёзна выказаўся, што дае тыдзень на тое, каб былі прыбраныя войскі з Казахстана.

Думаю, што на сітуацыю можа таксама ўплываць і Турцыя ў тым плане, што калі б АДКБ у гэты канфлікт уступіла, то абвастрыліся б вельмі моцна стасункі з Анкарой, а гэтага Пуцін вельмі моцна не хацеў бы, як і Лукашэнка. Мяркую, што гэта можа быць тым чыннікам, які стрымлівае іх.

- Падчас пратэстаў у Казахстане, якія вы ўзгадалі, Лукашэнка вырашыўся адправіць туды сваіх вайскоўцаў. Ці адправіць ён беларускіх жаўнераў ва Украіну?

- Лукашэнка проста праводзіць сваю шматгадовую палітыку ўхілення ад канчатковых пастаноў. Вядома ж, ён не хоча быць поўнасцю захоплены Крамлём, стаць проста расейскай правінцыяй.

У той жа час, паколькі ягоны рэжым закранаюць заходнія санкцыі, эканоміка ўжо ў катастрафічнай сітуацыі. Лукашэнку неяк даводзіцца манеўраваць у гэтай сітуацыі. Пуціна гэта не задавальняе, ён хацеў бы, каб беларускі дыктатар быў больш рахманы. Думаю, што Лукашэнка, акрамя выдачы сваёй тэрыторыі для расейскіх гармат, якімі абстрэльваюць Украіну, нічога больш не зробіць.

- Што можа чакаць Лукашэнку, калі Расея працягне страчваць уплыў у рэгіёне і саступіць вайну ва Украіне?

- Як вядома, без расейскай падтрымкі, без нізкіх коштаў на энэрганосьбіты і гэтак далей, рэжым Лукашэнкі проста падзе. Калі яму давядзецца ўступіць у канфрантацыю з беларускай апазіцыяй, то ён тут саступіць, гэта відавочна. Таму Лукашэнка будзе спрабаваць пасылаць нейкія сігналы ў бок Захаду, што гатовы на перамовы з Еўразвязам і гэтак далей. Для яго аддаць уладу - гэта аддаць сваё жыццё.

Пакуль у гэтай вайне Расея, скажам так, не саступіла. Гэта можа быць працяглы працэс. Так што будзем глядзець, што будзе рабіць Лукашэнка ў найбліжэйшыя месяцы.

Напісаць каментар 18

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках