29 сакавiка 2024, Пятніца, 8:18
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Лукашэнка паказаў «першы беларускі ноўтбук»: У сеціве знайшлі ягоны прататып

49
Лукашэнка паказаў «першы беларускі ноўтбук»: У сеціве знайшлі ягоны прататып

Гэта кампутар кампаніі Lenovo.

Сёння, 1 верасня, Аляксандр Лукашэнка правёў ва ўсіх школах і ВНУ Беларусі першы ўрок пад назвай "Гістарычная памяць – дарога ў будучыню". У самым пачатку мерапрыемства ён прадэманстраваў гледачам створаны на беларускім "Гарызонце" "айчынны ноўтбук", які спецыяльна прынёс з сабой. Праўда, карыстальнікі сацсетак западозрылі, што навінка, як і многія іншыя беларускія імпартазамяшчальныя прадукты, – усяго толькі перайначаная распрацоўка замежнай кампаніі. І, здаецца, ужо знайшлі "прататып", піша "Люстэрка".

"Калі вам раптам было цікава, што за ноўтбук Лукашэнка паказаў як "першы кампутар нумар адзін" нібы вытворчасці "Гарызонта", то гэта Lenovo IdeaPad 3. Звярніце ўвагу на парты злева – дызайн Huawei або Xiaomi падобны, але парадак і колькасць партоў розныя", – напісаў у Facebook журналіст Аляксандр Арсенаў і прыклаў здымкі ў якасці параўнання.

Мяркуючы з фатаграфіяў у сеціве, ноўтбукі сапраўды вельмі падобныя. Размяшчэнне і парадак партоў у іх аднолькавыя, форма корпуса таксама аналагічная (клінаватая – з звужэннем да краю лэптопа), падобны і выпнуты шарнір, якім дысплэй мацуецца да асноўнай часткі корпуса. Таксама на відэа можна заўважыць, што тачпад у кампутары ад "Гарызонт" зрушаны налева ад цэнтра корпуса – як і ў ноўтбуку Lenovo IdeaPad 3.

У Беларусі пачатковыя ноўтбукі лінейкі IdeaPad 3 каштуюць крыху даражэй за 1800 рублёў. Самая танная мадэль, якую мы здолелі знайсці, абсталяваная працэсарам Intel Pentium Gold 6405U, экранам з разрознасцю FullHD, убудаванай відэакартай ад Intel, SSD-носьбітам на 256 гігабайтаў і 8 гігабайтамі аператыўнай памяці.

Калі карыстальнікі сацсетак маюць рацыю і перад намі сапраўды мадэль, заснаваная на Lenovo IdeaPad 3, не зусім ясна, якія менавіта дэталі ў ноўтбуку беларускія (Лукашэнка заявіў, што блізу 12% складнікаў ПК зробленыя ў нас у краіне). Таксама невядома, ці плаціў завод "Гарызонт" кампаніі Lenovo (дарэчы, найбуйнейшаму вытворцу персанальных кампутараў у свеце) якія-небудзь адлічэнні за запазычаны дызайн або іншыя элементы лэптопа.

Карэспандэнту Office Life, які датэлефанаваўся на завод "Гарызонт", інфармацыю пра беларускі ноўтбук ніяк не пракаментавалі і паабяцалі расказаць пра яго пазней.

Нагадаем, зусім нядаўна Лукашэнку падчас візіту на "Мотавела" паказалі байк "беларускай вытворчасці" – аднак не толькі ўсе ягоныя дэталі аказаліся завазнымі, але і дызайн, якім выхваляўся гендырэктар прадпрыемства Мікалай Ладуцька – і той быў практычна ідэнтычны французскаму матацыклу Mash X-Ride Classic 650, які поўнасцю вырабляюць у Кітаі.

Напісаць каментар 49

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках