20 красавiка 2024, Субота, 8:22
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Раман Бяссмертны: Лёс Лукашэнкі вызначаны

13
Раман Бяссмертны: Лёс Лукашэнкі вызначаны

Час заняцца пытаннямі будучыні Беларусі.

Украінскі палітык і дыпламат, былы амбасадар Украіны ў Беларусі Раман Бяссмертны ў інтэрв'ю Charter97.org пракаментаваў апошнія падзеі на паўднёвым усходзе Украіны і ролю Лукашэнкі ў ядзерным шантажы Крамля.

- УСУ пачалі контрнаступ на поўдні Украіны. Як вы ацэньваеце сітуацыю на Херсонскім кірунку?

- Калі звярнуць увагу на ўчорашнія інфармацыйныя паведамленні, якія рабіў Генштаб, ні пра які контрнаступ гаворкі не вядзецца. Ідуць цяжкія пазіцыйныя баі. Сутнасць гэтых баёў у тым, што пастаўленая задача выціснуць супраціўніка з усёй тэрыторыі Украіны. І зараз ідуць фрагментарныя баі па ўсе лініі фронту. А можна ці нельга лічыць іх контрнаступленнем - гэта пытанне да Генеральнага штаба. У заключнай інфармацыі не гаварылася пра контрнаступ. Тое, што гаварылася на працягу дня, крыніцай гэтага былі ці сацыяльныя сеткі, ці асобы, каментатары, ці няпоўная, прэпараваная інфармацыя давалася асобнымі вайсковымі падраздзяленнямі. Таму з пункту гледжання афіцыйнай пазіцыі на ўчорашні дзень, ні пра які контрнаступ гаворкі не вядзецца. Нават у каментарах Пентагона гаворка вядзецца аб пазіцыйных баях на асобных участках. Вось аб чым сёння можна гаварыць з поўнай упэўненасцю.

Працягваюцца напады з выкарыстаннем ракетных сістэм залпавага агню на склады з боепрыпасамі акупантаў. Ідзе знішчэнне ўзбраення і жывой сілы супраціўніка, баз, якія забяспечваюць матэрыяльна-рэсурсныя рэзервы групоўкі расейскіх войскаў на тэрыторыі Украіны. Пра гэта можна казаць, ёсць афіцыйная статыстыка і гэтак далей.

- На фоне поспехаў УСУ экспэрты адзначаюць шэраг важных момантаў: Шайгу адхілілі ад кіраўніцтва войскам РФ, узмацніўся ядзерны шантаж, у той жа час у Крамлі нібыта «хочуць перамоў». Якія няўдачы расейскага войска ва Украіне паўплывалі на тактыку і стратэгію Крамля?

- Інфармацыя аб адхіленні Шайгу прыйшла ад брытанскай выведкі, таму яе трэба і ўспрымаць як інфармацыю ад брытанскай выведкі, а не як пастанову Пуціна. На маёй памяці Шайгу ўжо трэці раз адхіляюць ад кіравання ўзброенымі сіламі. Для больш глыбокага разумення: кіраванне ўзброенымі сіламі ажыццяўляецца праз Генеральны штаб, Шайгу - міністр абароны. Паводле расейскага заканадаўства ён мае пэўны ўплыў на Генштаб і кіраванне войскамі, але гэта не непасрэднае кіраванне. Таму гэта трэба мець на ўвазе.

Наконт поспехаў узброеных сіл на лініі фронту: калі ўзяць апошні час, то кожны дзень УСУ вызвалялі блізу пяці населеных пунктаў. Таму казаць аб тым, што адбыўся прарыў, я не магу. Можна сцвярджаць, што прасоўванне ўкраінскіх войскаў ідзе, асабліва на паўднёва-ўсходнім кірунку. Як бачна з усяго, чым больш пастаўляецца ўзбраенняў у рамках фармату «Рамштайн», тым больш паспяхова праходзіць прасоўванне і тым большая шкода наносіцца расейскаму войску.

Апошнія тыдні Расея выкарыстоўвае ядзерны шантаж, размовы наконт выбуху на Запарожскай АЭС, усяляк падбухторвае Лукашэнку да размоў аб пераўзбраенні тактычнай авіяцыі для нясення ядзернага ўзбраення. Гэта сведчыць аб тым, што паколькі Расея пасадзіла Украіну за стол перамоў аб экспарце прадуктаў харчавання, таксама была спроба пасадзіць за стол перамоў наконт ядзернай бяспекі. Для гэтага нават выкарыстоўвалі пасяджэнне Рады бяспекі ААН. Сутнасць гэтых манеўраў была накіраваная на тое, каб зрабіць за кошт нейкага перагаворнага працэсу паўзу ў развіцці сітуацыі на лініі фронту, зафіксаваць яе. І гэты час выкарыстоўваць для пераўзбраення, мабілізацыі асабовага складу, падрыхтоўкі для працы з іранскімі беспілотнікамі і гэтак далей, для аднаўлення групоўкі з мэтай прадоўжыць атакі на Украіну.

Украінскі бок абсалютна правільна зрэагаваў фразай, не памятаю, хто яе сказаў з акружэння прэзідэнта, што перамовы ідуць на поўдні Украіны. І ідуць адзіным спосабам - нанясеннем удараў па супраціўніку. З майго пункту гледжання, ніякіх размоў зараз аб перамовах весці немагчыма, і прэзідэнт на гэта зрэагаваў абсалютна правільна. Няхай акупанты сыходзяць з тэрыторыі Украіны - тады можна думаць аб нейкіх перамовах.

- Вы згадалі, што Пуцін актыўна падключыў да ядзернага шантажу і Лукашэнку. Наколькі вялікая імавернасць, што беларускі дыктатар выкарыстае ядзерную зброю?

- Лукашэнка заявіў, што была праведзеная мадэрнізацыя беларускіх самалётаў для нясення ядзернага ўзбраення. Але ён не разумее, што гаворыць. З пункту гледжання міжнароднага права гэта з'яўляецца парушэннем Дамовы аб нераспаўсюджанні ядзернай зброі. Гэта сур'ёзная рэч, бо сёння нават праграмы мірнага атама вельмі сур'ёзна рэгулююцца. Пра гэта гавораць і апошнія падзеі вакол Запарожскай атамнай станцыі, місія МАГАТЭ, якая сёння знаходзіцца ва Украіне.

А тое, што Лукашэнка так загаварыў, відавочна было інспіравана Крамлём. Можна сумясціць апошнія падзеі: сітуацыю на Запарожскай АЭС, пасяджэнне Рады бяспекі, размовы Лукашэнкі, заява Генеральнага сакратара ААН аб адмове ад ядзерных выпрабаванняў, не гаворачы ўжо аб рабоце вакол ядзернай праграмы Ірана, заяве Міністра абароны Ізраіля і гэтак далей. Фактычна, сёння накручваецца тэма ядзернай бяспекі. Яна патрэбная Крамлю для таго, каб пераканаць Кіеў сесці за стол перамоў і прыняць расейскую пазіцыю.

Але трэба разумець, што Лукашэнка не разумее, пра што кажа. Ні пра якую ядзерную зброю Беларусі гаворкі ісці не можа. Калі яна і будзе знаходзіцца на тэрыторыі Беларусі, то толькі як зброя расейская і толькі пад кіраўніцтвам Расейскай Федэрацыі. Усё гэта сведчыць аб тым, што на сённяшні дзень ствараецца асобны інфармацыйны свет у пытаннях ядзернай бяспекі. І гэта выкарыстоўваецца як аргумент у розных сітуацыях: ваеннай, вайскова-палітычнай, вайскова-стратэгічнай, эканамічнай і гэтак далей. Тым больш што гэтае пытанне звязанае з развіццём сітуацыі вакол энэргетычнага лёсу Еўропы на працягу халоднага перыяду 22-га 23-га гадоў.

- Як зменіцца становішча Лукашэнкі ў выпадку поспеху контрнаступУ УСУ? Да чаго варта рыхтавацца беларускаму дыктатару?

- Не выкарыстоўваючы сілу ў дачыненні да расейскіх баз, якія знаходзяцца на тэрыторыі Беларусі, расейскіх вайсковых частак, якія абстрэльваюць Украіну з тэрыторыі Беларусі, тым самым зацягваецца пытанне развязкі гэтай вайны. І гэта пацверджана дзеяннямі Украіны на тэрыторыі Крыма, бо статус Крыма і і Беларусі ў дачыненні да Расеі не адрозніваюцца. Самаабвешчаныя правадыры, урады і гэтак далей, усё гэта знаходзіцца ва ўпраўленні расейскага боку. З пункту гледжання міжнароднага права, права вайны, украінскае войска не абавязана перабіраць спосабы, як наносіць удары па супраціўніку. І тое, што не наносіцца ўдар па расейскіх частках на тэрыторыі Беларусі, гэта вялікая памылка.

- У апошні час было шмат удараў УСУ па тыле расейскага войска, у тым ліку і па Крыме. Адначасова з гэтым мелі месца выбухі на расейскай вайсковай авіябазе пад Гомелем. Што чакае Лукашэнка ў выпадку, калі ён пойдзе на эскалацыю на фоне параз войска РФ на поўдні Украіны? Ці можа дыктатар адчуваць сябе ў бяспецы ў сваіх рэзідэнцыях?

- Лёс Лукашэнкі вызначаны, яго чакае трыбунал, калі ён, вядома, застанецца ў жывых. Пра гэта нават размовы не можа быць. Іншая справа - лёс Беларусі, беларускага народа. Я б больш зараз звяртаў увагу на пытанне будучыні Беларусі. Калі я кажу пра Беларусь, я не маю на ўвазе Лукашэнку, а калі кажу пра Лукашэнку — не маю на ўвазе Беларусь, а тую світу, якая носіць хвасты за ім.

Напісаць каментар 13

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках