19 красавiка 2024, Пятніца, 9:21
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Сныціна: Калі цягам двух гадоў нехта маўчыць, для мяне ён аўтаматычна пераходзіць у лагер тых, хто за рэжым

8
Сныціна: Калі цягам двух гадоў нехта маўчыць, для мяне ён аўтаматычна пераходзіць у лагер тых, хто за рэжым
КАЦЯРЫНА СНЫЦІНА

Знакамітая баскетбалістка выказалася пра калег, якія займаюць маўклівую пазіцыю.

- Са спартоўцамі, якія наогул не ўдзельнічалі ў пратэстах, я не маю стасункаў, бо ў мяне не атрымліваецца, - прызналася баскетбалістка Кацярына Сныціна ў эфіры канала «Позірк», піша «Салідарнасць». - Я нават разышлася з некалькімі добрымі сябрамі пасля фразы «Давай не будзем чапаць гэтую тэму і будзем мець стасункі так, як раней».

Спартоўка рэзка выказалася пра калег, якія займаюць супрацьлеглую і маўклівую пазіцыю.

- У мяне тое, што адбываецца ў маёй краіне цяпер, займае 24/7. Я пра гэта думаю, я нешта дзеля гэтага раблю, я гэта абмяркоўваю з усімі. А з тымі людзьмі, якія ў мяне былі ў мінулым жыцці (цяпер так можна сказаць) і якіх не хвалюе тое, што адбываецца ў Беларусі, у мяне проста скончыліся тэмы для размоваў.

Да так званых «нейтралаў», людзей, якія дагэтуль не выказалі ніякай пазіцыі, у мяне таксама стаўленне асаблівае.

Калі цягам двух гадоў, з узмацненнем рэпрэсій, са смерцямі, нехта маўчыць, баіцца выказаць сваю пазіцыю ў той ці іншы бок, для мяне такі чалавек аўтаматычна пераходзіць у лагер тых, хто за рэжым.

Часам мне пішуць, маўляў, табе не было чаго губляць. Як няма чаго!? Я страціла сваю Радзіму, я не магу вярнуцца дадому. Вы ведаеце гэтае пачуццё, калі ты не можаш вярнуцца дадому?

У нас у кожнага ёсць нейкія свае жыццёвыя акалічнасці, і не трэба мне казаць пра мае і твае жыццёвыя акалічнасці. Гэта толькі твой выбар. Калі ты можаш пры тым, што адбываецца ў краіне, заставацца ў баку, гэта твой выбар. Таму я не маю стасункаў ні з кім з такіх людзей, - падкрэсліла Сныціна.

Спартоўка выказалася і аб адхіленні беларускіх і расейскіх спартоўцаў ад міжнародных спаборніцтваў.

- Засталіся толькі спаборніцтвы ўнутры краіны і нейкія з Расеяй. Але гэта не сусветны ўзровень. Калі ў цябе, як у спартоўца, ёсць свой план быць найлепшым, ты абавязаны выступаць супраць найлепшых, ты абавязаны рыхтавацца да гэтага. І гэта дзве розныя матывацыі - рыхтавацца да ўнутранага чэмпіянату або да чэмпіянату свету.

Таму пакуль беларускі спорт будзе ў такім закансерваваным выглядзе, ён будзе ісці ўніз.

Я размаўляла з дзяўчатамі-баскетбалісткамі з нацыянальнай каманды Украіны. Спытала ў іх, што яны думаюць пра санкцыі, і яны патлумачылі: «Мы не можам у сваёй роднай краіне нават трэніравацца. Як краіны, якія на нас напалі, могуць выступаць на міжнароднай арэне?»

Украінкі распавялі, што ў іх разбурана вельмі шмат аб'ектаў спартовай інфраструктуры. Яны мяркуюць, што пакуль дзве краіны (Расея і Беларусь) не адбудуюць ім усе пляцоўкі, стадыёны і г.д., іх каманды не змогуць выступаць.

Адна з магчымасцяў для беларускіх спартоўцаў прадоўжыць кар'еру ў складзе іншых нацыянальных каманд — падпісаць «Антываенную дэкларацыю». Ёсць такі механізм. Дэкларацыя была створаная пры дапамозе суполкі свабодных спартоўцаў Беларусі.

Калі нехта хоча заявіць аб сваёй грамадзянскай пазіцыі, аб тым, што ён супраць вайны, ён можа падпісаць дэкларацыю. Гэта стане падставай для разгляду ў федэрацыях, якія да гэтага, магчыма, адмаўляліся з ім размаўляць.

І пасля разгляду ў спартоўца можа з'явіцца магчымасць выступаць, але ўжо, зразумела, не пад сцягам РБ, - удакладніла Кацярына Сныціна.

Напісаць каментар 8

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках