20 красавiка 2024, Субота, 17:16
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Наталля Калегава: Беларусы Літвы гатовы падтрымаць вызваленчы паход палка Каліноўскага

10
Наталля Калегава: Беларусы Літвы гатовы падтрымаць вызваленчы паход палка Каліноўскага
Наталья Колегова

Сітуацыя ў Беларусі можа імкліва змяніцца.

Многія беларусы, якія трапілі ў Літву пасля пратэстаў 2020-га года, прайшлі праз цэнтр "Дапамога", якім кіруе Наталля Калегава. У інтэрв'ю сайту Charter97.org яна расказала аб дапамозе ўцекачам з Беларусі і Украіны, беларускім падраздзяленні ў Літве і жаданні беларусаў вярнуцца на радзіму.

- Я ўжо дастаткова даўно жыву ў Літве. Яшчэ ў 90-я я сышла з навукі і занялася бізнэсам. У 1997-м годзе я сустрэла свайго мужа. Мы паспрабавалі пабудаваць жыццё ў Беларусі, але вельмі хутка ён сказаў, што лепш жыць у «беднай Літве», чым у «багатай Беларусі». У той час ужо адчувалася станаўленне дыктатуры Лукашэнкі, таму я забрала сына і з 2000 года мы жывем у Літве. Адна з пераваг жыцця тут - калі да цябе ў дзверы тэлефануе паліцыянт, ты адчыняеш і ведаеш, што ён на тваім баку, што ён прыйшоў цябе абараняць.

У Літве мы разам з мужам выбудавалі бізнэс, але з 2020-га года я ім перастала займацца і пераключылася на дапамогу беларусам. Планавалася, што гэта зойме месяц-два, а высветлілася, што займаюся гэтым дагэтуль.

- Чаму вы надумалі пакінуць бізнэс і пачаць дапамагаць беларусам?

- Калі ў Беларусі пачалася перадвыбарная кампанія і раптам пайшоў нейкі рух, я, шчыра кажучы, была вельмі моцна здзіўленая. Калі я прыязджала і пыталася ў людзей, як яны так могуць жыць, шмат хто адказваў, што ім не так ужо і дрэнна. У апошні час не было заўважна відавочных пратэстных настрояў. Мы яшчэ з мужам задумваліся: «Калі памрэ гэтая сволач, як вы будзеце жыць?»

Калі ж пачаліся ўсе гэтыя мітынгі ў Беларусі, мы таксама пачалі выходзіць на акцыі, якія ладзіліся тут. Потым было 9-га жніўня, мы пайшлі да амбасады, але нам не далі прагаласаваць. З тысячы чалавек прагаласавала ўсяго 120. Многія беларусы прастаялі па 12 гадзін пад сонцам, але ім не далі магчымасць пакінуць свой голас. Мы расслабіліся, паспадзяваліся, што дажылі да таго моманту, калі ў Беларусі раптам пераможа дэмакратыя. Але прачнуўшыся раніцай убачылі афіцыйныя звесткі, убачылі, што народ збіты. Мы пайшлі да пасольства, там было шмат людзей з кветкамі, свечкамі.

Так пачаўся наш штодзённы супраціў. Потым пачаў працаваць гуманітарны калідор, дакладней, яго абвясцілі, але ён не працаваў. Мне пачалі тэлефанаваць людзі: «Наталля, дапамажыце, мы ўцякаем, але нам не трэба статус уцекача, нам патрэбны гуманітарны калідор» Я неяк упісалася ў гэтую тэму, дапамагла. А потым 29-га жніўня раздаўся званок, мне мая памагатая сказала: «Наталля Іванаўна, у нас тут уцекачы».

Трэба разумець, што мы тут займаемся арэндай кватэр, я зусім не збіралася займацца такімі рэчамі. Мая памочніца прапанавала дапамагчы людзям і я пагадзілася. Тамака была сям'я з двума дзецьмі і яшчэ адзін чалавек. Яны прыехалі з Новалукомля і ніколі да гэтага не былі ў Еўропе. Я іх пасяліла ў вялікай кватэры, пачала дапамагаць, потым падключыліся ментары і неяк закруцілася.

Пасля мы схадзілі да Вярхоўнага камісара Літвы і дамовіліся разам з аддзелам міграцыі, паліцыяй і памежнікамі, як павінен працаваць гуманітарны калідор. Пасля яшчэ людзі патэлефанавалі, потым яшчэ. І ты быццам аднаму дапамог, другому дапамог, трэцяму дапамог. Далей ты ўжо не можаш не дапамагаць, таму што думаеш, што яшчэ месяц працягну, яшчэ два працягну, яшчэ колькі-небудзь працягну. Так і ўтварылася сістэма, з'явіліся ментары, каб калі чалавек прыязджае, у яго быў тут свой сябар, таварыш, брат, праваднік у літоўскае жыццё. Тады яшчэ быў каранцін і дзейнічалі ўсе гэтыя абмежаванні, але трэба было зрабіць так, каб людзі не адчувалі сябе кінутымі. Так і выйшла.

Пару месяцаў таму зразумела для сябе, чаму я гэтым раптам занялася. Вы ж не можаце сказаць для сябе, калі і чаму вы пакахалі пэўную жанчыну. Вы проста яе пакахалі і не можаце растлумачыць чаму. У маім жыцці, калі я ўбачыла беларусаў 2020-га года разліву, адбылося гэтае пачуццё.

- Якімі вы ўбачылі гэтых людзей, якія ў 2020-м годзе пачалі прыязджаць у Літву?

- Гэта больш за тысячу чалавек. Калі мы пачнём казаць, то я магу проста бясконца расказваць. Але вось адна гісторыя ў нас была вельмі цікавая, яе потым паказвалі на ВВС. Менчукі з Грушаўкі паехалі на мітынг. Калі яны вярталіся назад, іх машыну спынілі. Падчас ператрусу знайшлі сцягі. Людзей выцягнулі, моцна збілі і канфіскавалі аўто. Пасля збіцця кіроўца трапіў у лякарню, а ягоная жонка з двума дзецьмі і трое іншых людзей уцяклі праз гуманітарны калідор. Яны звязаліся са мной і я ім дапамагла. І вось гэтая спадарыня вельмі моцна перажывала наконт мужа, плакала кожны дзень. Падчас затрымання яго пашпарт застаўся ў бардачку аўто, якое канфіскавалі. Дастаць дакументы было немагчыма.

У той час у мяне ўжо былі хлопцы са штаба Бабарыкі, з якімі мы пасябравалі і дагэтуль камунікуем. Высветлілася, што ўцякла адная са спадарынь, якая «выкрала» Цімура Міцкевіча. Гэта быў тады яшчэ непаўналетні хлопчык. Ён цяпер, дарэчы, у палку Каліноўскага. Цімура ўзялі, прыкавалі ў шпіталі, а гэтая дзяўчынка яго выкрала адтуль. Такія таксама былі гісторыі. Потым яна і сама была вымушаная ўцякаць, бо аўто засвяцілася.

Мы з ёй селі, пагаварылі і прыдумалі ідэю, якая магла б быць удалай. Тады была якраз інаўгурацыя нелегітымнага Лукашэнкі, і пад гэтую справу былі ўсе настроеныя. Яе мужу ўдалося зрабіць пашпарт за тры дні, мы яго перакінулі хуценька ў Расею. Там яму зрабілі візу і ён праз Калінінград ужо патрапіў сюды. Шчаслівая жонка сустрэла свайго мужа. Гэта была такая першая супольная добрая праца.

— Ці многім беларусам даводзіцца дапамагаць зараз?

- У асноўным, вядома, цяпер «экстрэмальныя беларусы», тыя, якія трапілі сюды палямі, лясамі, рэкамі. Большасць з іх - гэта палітвязні. З 2020-га года праз нас прайшло больш за тысячу чалавек. Летась мой муж купіў вялікі дом на 650 квадратных метраў. Я тады не глядзела так далёка і была супраць гэтай пакупкі. А муж сказаў, што няхай першы час твае беларусы тут пажывуць. Спачатку ён выдаў нам два пакоі, потым тры, потым чатыры, потым пяць… На сённяшні момант у майго мужа застаўся ў гэтым доме адзін пакой, ягоны офіс, ва ўсіх астатніх дружна жывуць беларусы. Цесна, ды не ў крыўдзе.

- Пасля лютага 2022 года вы пачалі дапамагаць і ўкраінцам. Наколькі ўвогуле беларуская дыяспара ў Літве ўключылася ў дапамогу ўцекачам з Украіны?

- Калі пачаліся ўсе гэтыя гуманітарныя справы яшчэ ў 2020-м годзе, я падала з ног, вельмі стамлялася. Але акрамя ментараў у мяне былі яшчэ дзве спадарыні, якія вельмі моцна дапамагалі, дзве Наталлі. Адна - літоўка з расейскім грамадзянствам, другая - беларуска з літоўскім грамадзянствам. Яны тады прыйшлі да мяне і спыталі, чаму я іх не клічу. Я адказала, што не маю грошай, каб ім плаціць. А яны і не хацелі аплаты, яны хацелі дапамагаць як валанцёры. З таго часу яны са мной так і засталіся. На валанцёрскай аснове яны вельмі моцна дапамаглі.

І калі пачалася вайна ва Украіне, то шмат нашых беларусаў прыйшлі і сказалі, што жадаюць дапамагаць. Яны тут стварылі своеасаблівы штаб. Калі быў самы гарачы час, то практычна начавалі на працоўным месцы. На сённяшні дзень плынь крыху скарацілася, але дапамога засталася на ўзроўні гуманітарнага склада, трансфераў. Многія нашы пратэстныя хлопцы — у палку Каліноўскага, мы ім дапамагаем турнікетамі, бронекамізэлькамі, каскамі, зараз вось джыпы купілі. Ну і вось так упісваемся ў такую сітуацыю. Але гэта ўжо не я, а людзі з нашай арганізацыі, гэта валанцёры, якія атрымалі дапамогу ад «Дапамогі» ў свой час. Гэта, мусіць, адна з прыгожых гісторый, таму што яны атрымалі дапамогу і зараз самі аддаюць яе далей.

- Наколькі моцна ў беларусаў Літвы адгукнулася тое, што беларускія добраахвотнікі ваююць супраць расейскіх захопнікаў ва Украіне?

— Мы ўсе ўвогуле жылі гэтым, не было ніводнага чалавека, які б не дапамагаў. Цяпер мы якраз вярнуліся з мітынгу ў падтрымку Украіны, які праходзіць кожны панядзелак. І там заўсёды - палова беларусаў. Мы таксама праводзім і свае мітынгі. Учора мы выходзілі ў падтрымку Аўтуховіча, падпісалі лісты. Кожны крок усё адно ўплывае на сітуацыю.

Украінцы бачаць нас, нашыя сцягі, прыходзяць на наш гуманітарны склад. Яны падыходзяць да нас і гавораць не пра тое, што ляцяць ракеты з боку Беларусі, а дзякуюць за тое, што беларусы таксама змагаюцца за Украіну, дапамагаюць украінцам. Некаторыя нават прасілі прабачэння, што нічога не ведалі пра беларускую рэвалюцыю. Паразмаўляўшы з намі многія пакідалі малюнкі з надпісам «Жыве Беларусь», яны былі натхнёныя тым, што беларусы такія сціплыя, але смелыя і моцныя. Так што гэта вельмі прыгожая гісторыя.

- Многія беларусы сутыкнуліся з тым, што да іх пачалі горш ставіцца пасля суўдзелу рэжыму Лукашэнкі ў вайне з Украінай. У Літве СМІ і грамадства падзяляюць беларусаў і рэжым Лукашэнкі?

- Нам пашанцавала. Мы ў вельмі добрых стасунках з уладамі Літвы і звычайнымі літоўцамі. Для іх беларусы ўвогуле браты, і гэта праўда. Калі мы выходзім на мітынгі, любыя літоўцы, якія праходзяць міма, кажуць, што мы з вамі, вы - нашы браты.

Як увесь свет зараз стаіць за Украіну, так Літва стаяла ў жніўні 2020-га за Беларусь. І калі пачалася вайна, выступіла прэм'ер-міністр Літвы Інгрыда Шыманітэ. Яна сказала, што ўсе, хто будзе дазваляць сабе праяву нецярпімасці да расейцаў, да беларусаў, будуць лічыцца правакатарамі. Літоўцы ведаюць усю праўду пра рэжым Лукашэнкі.

- Як сёння змагацца супраць рэжыму Лукашэнкі?

- Не магу даваць парады тым, хто застаўся ў Беларусі, я даўно не была ўнутры краіны. Гэта дастаткова страшна, знаходзіцца там і адчуваць кожны дзень фонавы стрэс. Але я магу сказаць, што мы можам зрабіць тут.

Тут мы можам аб'ядноўвацца, не быць разрозненымі. Я маю на ўвазе не кіраўніцтва штабоў ці чагосьці яшчэ, а саміх людзей.

А другое, і гэта пачалося з самага пачатку вайны, - я вельмі ўдзячная ініцыятыве нашых хлопчыкаў і дзяўчынак, якія пачалі рыхтавацца да вайны, ва ўузброенай сітуацыі. У адзін дзень так выйшла, што ў мяне была магчымасць узяць іх на паседжанне Звяза стралкоў Літвы. Мы там з'явіліся, правільныя людзі сказалі правільныя словы, маўляў, глядзіце, у зале сядзяць беларусы, яны ўдзячныя нам за тое, што мы ім далі дах над галавой, падтрымалі іх маральна, яны гатовы ў выпадку небяспекі абараняць Літву, але яны не грамадзяне нашай краіны. Тады ў Звязе стралкоў сказалі, што давайце падумаем, як гэтым шляхам ісці. І вось 30 ліпеня мы падышлі да моманту, калі было зафіксавана жаданне стварыць міжнароднае аддзяленне пры Звязе стралкоў.

Я бачу, што такім чынам можна заставацца ў тэме. Мы заўсёды павінны быць гатовы да ўсялякага развіцця падзей, бо сітуацыя ў Беларусі можа рэзка змяніцца. Як толькі рэжым Лукашэнкі страціць свае арыенціры, полк Каліноўскага будзе адным з першых, хто пойдзе ўнутр Беларусі з боку Украіны. У такім выпадку адсоткаў 80 людзей з беларускага аддзялення Звязу стралкоў таксама апынецца ў Беларусі. Беларусы Літвы гатовы падтрымаць вызваленчы паход палка Каліноўскага.

- Можна сказаць, што сёння многія яркія, таленавітыя, адукаваныя беларусы пакінулі краіну. Што гавораць у асабістых размовах тыя, хто з'ехаў. Ці гатовы яны вярнуцца і працаваць на карысць новай Беларусі пасля перамогі?

— Я даўно жыву за мяжой і магу расказаць некалькі прыкладаў, грунтуючыся на сваім досведзе. Першы - калі наступіў крызіс у Літве 2009-га года, вялікая колькасць літоўцаў з'ехала працаваць у Англію, Швэцыю, Нарвэгію і гэтак далей. Але ў Літве паважаюць права на прыватную ўласнасць і яно ахоўваецца Канстытуцыяй. Таму літоўцы зараблялі там, але разумелі, што ўкладаць грошы трэба на радзіме. Я бачыла, як цэлыя вёскі паднімаюцца. Але потым, калі Літва пачала вяртацца з крызісу, то маладыя людзі, для якіх перамяшчэнне па свеце стала простым, як ездзіць на аўтобусе, пачалі вяртацца ў краіну. І калі з'ехала, да прыкладу, адсоткаў 12 насельніцтва, то адсоткаў 7 вярнулася. Людзі, якія вярнуліся, прыехалі высокаадукаванымі, навучанымі прынцыпам дэмакратыі, яны навучыліся жыць паводле еўрапейскіх асноў. Што б не адбывалася ў 2016-м, 17-м, 18-м гадах, Літва стабільна падвышала свае паказчыкі, бо вярнуліся такія людзі.

Цяпер возьмем Украіну. У 2014 годзе вельмі шмат людзей было вымушана з'ехаць за мяжу. Той жа самы Марыюпаль, у 2014-м годзе гэта быў дастаткова савецкі горад. Але перад вайной здарылася пандэмія каранавіруса, многія ўкраінцы вярнуліся дадому. Яны паспелі паглядзець, як жывуць у Еўропе, вярнуліся дадому. Тое супраціўленне, якое мы ўбачылі цяпер, такога не чакалі пуцінскія злыдні. Людзі сказалі: «Не трэба нам як у той Расеі, нам трэба нармальна, мы ведаем, як могуць жыць людзі». Украінцы захацелі жыць па-іншаму, жыць у сваёй краіне і рабіць яе багацейшай. Яны зразумелі, што ў іх ёсць свой дом. Украіна вельмі моцна змянілася з 2014-га да 2022 год.

За час кіравання Лукашэнкі з Беларусі з'ехала агулам блізу двух мільёнаў чалавек. Дапусцім, што 10% з іх вернецца, хоць гэта вельмі заніжаная лічба. Дык вось, вернуцца гэтыя 200 тысяч, якія захочуць інвеставаць, якія захочуць не прапусціць момант, пачаць бізнэс. Толькі для гэтага патрэбны законы. Калі будзе як у Літве, дзе права прыватнай уласнасці замацавана ў Канстытуцыі проста на першай старонцы, то гэта стане вельмі моцным рухавіком для вяртання. Калі будзе ўпэўненасць у тым, што прыватная ўласнасць ахоўваецца, яе немагчыма адабраць, то многія беларусы вернуцца. Цяпер яны баяцца, проста не ведаюць, што такое свабодная Беларусь. Але ўсё зменіцца. Таму што многія беларусы паміж турмой і правам дыхаць выбралі права дыхаць, каб насыціцца нармальным паветрам, набраць яго ў лёгкія і потым ужо быць карыснымі.

Напісаць каментар 10

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках