16 красавiка 2024, aўторак, 16:07
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Калі з вайны вернуцца марадзёры

16
Калі з вайны вернуцца марадзёры
Уладзімір Халіп

Страты займеюць нават шчаслівыя.

Дзіўная навіна пратачылася ў інфармацыйную прастору. Трывожная. Неймаверная. І нават сенсацыйная збольшага. Быццам у следчых ізалятарах суседняй, а да таго ж яшчэ і саюзнай Расеі амаль скончыліся вольныя месцы. Гэтыя самыя ізалятары ўжо запоўненыя на 98%. Як ні круці, а выходзіць - як завязаць. Магчыма, захапіліся. Перастараліся. Або яшчэ нейкая прычына. Так або інакш, але ў канчатковым рахунку пытанне ўсё тое ж, праклятае: як жыць?

Камусьці можа здацца, што раптоўны дэфіцыт надзвычай смешны. Але для пуцінскага строгага рэжыму гэта не пусты жарт, а паўнавартасная трагедыя. Калі гэта не фальшыўка, які запусцілі ў сеціва няўрымслівыя ворагі, то пазначаецца дапраўды нейкі катастрафічны зрух фазы. Як гэта магло здарыцца, што ў краіне, якая была і застаецца радзімай ГУЛАГу, раптам узнікла пільная нястача пасадачных месцаў? Будавалі-будавалі, стараліся і прыдумлялі ўсякія мудрагелістыя пасткі, з якіх нават пранырлівай мусе не ўцячы, а ў выніку самі раптам патрапілі ў пастку. Куды зараз саджаць?..

Перспектыва вымалёўваецца проста апакаліптычная. Прыводзіць канвой да аб'екта папярэдняга ўвядзення патэнцыйнага зламысніка, а на дзвярах заўсёды гасціннага ізалятара грубы савецкі надпіс - "Месцаў няма". І што тады? Бегаць па навакольных дварах, турбаваць прыватнікаў, шукаць надзейную каморку з вісячым замком? Альтэрнатыва ў выніку вымалёўваецца проста жахлівая: адпусціць небараку на волю. Але гэта ўжо шчыры здзек з ганарлівага і свавольнага рэжыму.

Аднак пры ўсёй недарэчнасці гэтай падазронай інфармацыі, нешта такое ў ёй усё ж ёсць. І проста так міма тут не шуснуць. Часы не тыя. Ворагі вакол. Нахабна і абуральна глядзяць з кожнай шчыліны. Улада стараецца - саджае і саджае. І на тым усходнім баку, і ў нас даўнія саюзнікі ўзялі занадта жвавы старт. А таму магчымасці прыймання навасхопленых у месцах адпаведных маглі цалкам натуральна скончыцца. Да таго ж вайна ідзе, якая паводле версіі галоўнага камандзіра да цяперашняга дня ўсё яшчэ носіць сарамлівую назву "спецаперацыя". А таму месцы пасадкі зноў у дэфіцыце. Размаітым карнікам перадых нават не прадбачыцца. А тут яшчэ ўзбуджаныя новым імперскім парывам грамадзяне ўспомнілі аб сваёй амаль забытай ролі ў эскалацыі масавых пасадак. Патрыятычны ўздым у першым ваенным паўгоддзі настолькі высокі, што яны паспелі накрэмзаць сто сорак пяць тысяч даносаў. А гэта ўжо масавая мабілізацыя татальнай пільнасці грамадзян. Энтузіязм узору незабыўнага трыццаць сёмага. Уздым народнага духу заўсёды вялікі ды неспасціжны. Але як бы ні развіваліся падзеі, а ў выніку ўзнікае ўсё тое ж змрочнае пытанне: а куды саджаць?

Вельмі падобна, што раптоўны інцыдэнт з адсутнасцю вольных месцаў не нейкая прыкрая выпадковасць, а спрэс лагічная заканамернасць. Асобнае парушэнне балансу і праблема асаблівай дзяржаўнай важнасці. Нявыкрутка відавочная. І на гэтым фоне проста немагчыма не заўважыць, як хутка і дынамічна разглядаюцца такія пытанні ў нашай квітучай краіне. Яшчэ ў снежні 2010 года, як толькі падышлі тут да лёсавызначальных выбараў, як кіраўніцтву ўжо стала ясна, што пільна давядзецца развязваць праблему з масавымі пасадкамі. І выйсце знайшлі імгненна. Проста «амэрыканка» ды іншыя ўстановы падобнага тыпу паклікалі ўмельцаў, і тыя са звычайных дошак пазбівалі спехам нейкае падабенства шконак. Заштурхоўвай крэатыўны выраб пад палаткі і чакай спакойна новых насельнікаў. І якія ў дзяржавы тут могуць быць праблемы?

Хіба што адна - як даць рады народнай ініцыятыве, якая б'е крыніцай? Вось афіцыйныя прафсаюзы быццам бы традыцыйную акцыю задумалі. Восьмы рэспубліканскі турыстычны злёт. Ніякага афіцыёзу. Толькі спаборніцтва. Ініцыятыва мас. Татальны крэатыў. А каманда Беларускага прафсаюза работнікаў транспарту і сувязі ўвогуле ўсіх перасягнула ў творчасці ды выдумцы. Аформіла сваю пляцоўку на гэтым злёце ў кідкім стылі турэмнага лагера. А што - файна! Магутныя вароты, вежы з вартавымі, ежка за кратамі. І вядома ж палаткі. Ніякага сціску. Чым не выйсце для ўсходніх суседзяў з іх дзіўнымі праблемамі дэфіцыту пасадачных месцаў. Падхоплівай ідэю, разгортвай лагер у пустэльнай глухмені ды любуйся ў прыцемках скруткамі святлодыёднага калючага дроту. Танна і хітра.

І ўвогуле мы добра ўладкаваліся на ўскраі гэтай вайны. Недзе палае. Гінуць людзі. А тут гарачы толькі жнівень. І страхотныя нібы санкцыі быццам убаку. Фінансавыя плыні ўжо не тыя, але яшчэ не вычэрпваюцца. Турысты ў масавым парадку да нас шунулі з усходу. Чмурэюць ад шчасця. Тут банкавыя карткі можна завесці. "Зара" не замкнулася. Нават "Макдональдс" усё яшчэ працуе! І шмат іншых дробных і прыемных нечаканасцяў. Гэта мясцовыя рыэлтары ў новых варунках злёгку завінуліся. Крэатыўныя хлопцы. Паўсюль традыцыйна яны ўсырычваюць усялякае жытло. А тут ваяўнічаму суседу прапанавалі зняць не якую-небудзь хатку ў лесе, а агнявыя пазіцыі для старту ракет. Перспектыўная быццам угода. У выніку можна нешта нават атрымаць. Значную суму. Або па рагах. Ад суседзяў блізкіх і далёкіх. Гэта як пашанцуе.

Аднак ужо заканчваецца жнівень. Адыходзіць лета. Прамінае ўсё. Працягваецца толькі вайна. Але рана або позна скончыцца і гэта. Вернуцца з шалёнага паходу яго ўдзельнікі, злыя і стомленыя. Параненыя. Пакалечаныя. Падманутыя і амаль чужыя. Вернуцца ў свае закінутыя вёскі і дэпрэсіўныя месты. Кампенсацыя за ўсё перажытае будзе хутка распушчаная, прапітая, адціснутая ўсякімі чмутамі. І нават удалыя марадзёры, якім у тым паходзе больш пашанцавала, зазнаюць страты. Крадзенае золатка разыдзецца на бессэнсоўныя хабары. Трафейны туалет захрасне канечне. А здабытая ў баях сабачая будка станецца нікому непатрэбнай, бо любы сабачка без нагляду даўно здох. І застанецца ва ўсіх надоўга хіба толькі злосць, прыкрасць і прага лютай помсты. Тут і сумнявацца няма чаго - вернецца шмат хто са зброяй. Ніякія забароны і ператрусы ў дарозе таемныя плыні ўсякага вайсковага жалеззя не ўтаймуюць і не спыняць. Конча нешта прыхаваюць, сцягнуць. Захаваюць на чорны дзень.

І аднойчы такі дзень надыдзе. У Расеі так заўсёды бывала пасля няўдалых войнаў і раптоўных узрушэнняў. А калі стане ўжо зусім немагчыма, недзе зноў трахне гучна невядома адкуль узніклая «Аўрора». Або пратарахціць які-небудзь хвацкі бранявічок з картавым прамоўцам на вежы. І ўсё пачнецца спачатку. А ўлада, новая або ўсё тая ж старая, будзе разглядаць па-ранейшаму ўсё тое ж вечнае расейскае пытанне.

Куды саджаць?

Уладзімір Халіп, спецыяльна для Charter97.org

Напісаць каментар 16

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках