19 красавiка 2024, Пятніца, 3:58
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Эканаміст: Есць дзве прычыны, чаму ўлады загаварылі пра дэвальвацыю

19
Эканаміст: Есць дзве прычыны, чаму ўлады загаварылі пра дэвальвацыю

Курс беларускага рубля - рэч штучная.

Чыноўнікі пачалі нечакана хваліць дэвальвацыю часоў Пракаповіча. Чаму гэта адбываецца менавіта зараз і якія могуць быць наступствы?

На пытанні сайта Charter97.org адказаў эканаміст Леў Марголін:

- Мяркуючы з усяго, тут ёсць дзве прычыны. Першая - таму што ў Расеі загаварылі аб тым, што трэба аслабляць расейскі рубель праз праблемы з бюджэтам. А беларускі рубель, як вядома, вельмі шчыльна звязаны з расейскім. У валютным кошыку дзель расейскага рубля 50%. Другая прычына - Нацыянальны банк Беларусі вельмі доўга стрымліваў дэвальвацыю. Пасля кароткачасовага ўсплёску ў канцы лютага - пачатку сакавіка, курс трымаецца вельмі стабільна і гэта не зусім спрыяльна для беларускага бюджэту і беларускай эканомікі, таму што гэта не выгадна экспарцёрам. Менавіта таму ўспаміны аб той і размовы аб магчымай новай дэвальвацыі звязваюцца з уздымам ці ўмацаваннем сельскагаспадарчых прадпрыемстваў, якія з'яўляюцца адным з такіх экспартных нашых актываў.

- Лукашэнка заявіў, што дэвальвацыя рубля дапамагла «выратаваць» беларускую сельскую гаспадарку. Як гэта напраўду адбілася на эканоміцы Беларусі і дабрабыце грамадзян?

- Па-першае, трэба сказаць, што да гэтага часу былі праведзеныя пэўныя работы ў развіцці і рэканструкцыі сельскай гаспадаркі, перш за ўсё малочнай галіны. І той узровень, якога яна дасягнула, значна пераўзыходзіў унутраныя патрэбы. Для таго, каб экспартаваць прадукцыю, у Расейскую Федэрацыю, трэба было, каб гэтая прадукцыя была канкурэнтаздольная. Чым слабейшая нацыянальная валюта, тым больш канкурэнтаздольная прадукцыя, цэны яе можна на знешніх рынках зніжаць без зніжэння рублёвага даходу. І гэта дае магчымасць павялічваць экспарт. Відавочна, што менавіта гэта меў на ўвазе Лукашэнка, калі казаў, што гэта выратавала сельскую гаспадарку.

- Наколькі моцна сёння стрымліваецца курс беларускага рубля і якімі могуць быць наступствы дэвальвацыі?

- Калі казаць аб сельскай гаспадарцы, то я думаю, што ніяк не стрымліваецца. За апошні час беларускі рубель моцна саслабеў у дачыненні да расейскага. Калі ў дачыненні да даляра і еўра курс захаваўся, то ў дачыненні да расейскага ён моцна ўпаў. І ўсе рэсурсы, звязаныя з гэтым падзеннем курса, сельская гаспадарка ўжо адыграла. Тут ёсць іншы момант. Калі расейцы дэвальвуюць сваю валюту, а беларусы не, то атрымаецца, што беларускі рубель умацуецца ў дачыненні да расейскага. І ўжо будзе за 100 рублёў не чатыры з нечым, а як было некалі — тры, тры з паловай. І гэта можа якраз негатыўна адбіцца на экспарце сельскагаспадарчай прадукцыі. А улічваючы тое, што іншыя буйныя экспартныя кластары нашай эканомікі знаходзяцца пад санкцыямі, сярод іншага - калійныя ўгнаенні, нафтаперапрацоўка, дрэваапрацоўка, металургія, шыны і гэтак далей, упадзе яшчэ і сельская гаспадарка, гэта будзе вельмі крытычна. Магчыма, усе гэтыя размовы сапраўды звязаныя менавіта з тым, што трэба падладжвацца пад расейскі рубель.

- У чым прычыны таго, што беларускі рубель апошнім часам слабее ў дачыненні да расейскага?

— У значнай ступені гэта звязана з тым, што санкцыі, якія былі ўведзеныя ў дачыненні да Расеі, закранулі найперш расейскі імпарт. Расейскі ж экспарт, які ў асноўным энэрганосьбіты, газ, нафта, прадукты нафтаперапрацоўкі, ён практычна не пацярпеў. Ва ўмовах росту коштаў ён нават і вырас у грашовым вылічэнні. У Беларусі ж наадварот. Усе санкцыі былі ўстаноўленыя ў асноўным ў дачыненні да экспарту, а імпарт быў больш-менш свабодны. Таму ў Расеі быў лішак валюты, а ў Беларусі наадварот нястача. З гэтым і звязана неабходнасць аслаблення беларускага рубля ў дачыненні да расейскага. Акрамя таго, былі і суб'ектыўныя моманты. Прадпрыемствы ўвесь час крэдытуюцца льготна з боку дзяржавы. І калі б курс беларускага рубля падаў, то гэта магло б зрабіць негатыўнае ўражанне. Курс рубля ў нас і ў Расеі - рэч у значнай ступені штучная і падтрымліваецца дзяржавай.

Напісаць каментар 19

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках