16 красавiка 2024, aўторак, 15:03
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

На гарадзенскай трасе агароджу наскрозь прашыла аўто

14
На гарадзенскай трасе агароджу наскрозь прашыла аўто

У аўтамабілі ехала сям'я з дзецьмі.

Чытачы паведамілі «Онлайнеру» аб сур'ёзнай аварыі, якая адбылася ў нядзелю, 14 жніўня, на трасе М6 (Менск — Гародня). Прынамсі, адзін аўтамабіль наляцеў на адбойнік, пашкоджанні надта сур’ёзныя: металічная агароджа прашыла аўта.

ДТЗ здарылася недалёка ад Валожына. Адзін з нашых чытачоў праязджаў месца аварыі: на месцы былі ратавальнікі і супрацоўнікі ДАІ.

- Аўто наскрозь прашыла адбойнікам. Там яшчэ метры 4 агароджы выйшла з яе. «Хуткай» не было. Было шмат іншых аўто. Думаю, што «хуткая» не патрэбная была: побач ляжала цела накрытае (калі не два - не разгледзеў), - распавёў карэспандэнту Onlíner аўтар відэа. - Невялікі паварот ёсць на гэтым адцінку. Гэты Passat пасадзіла на агароджу і развярнула яго. Я думаю, што хуткасць была прыстойная.

- Учора на гарадзенскай трасе (сапраўды дзе, не скажу - думаю, кіламетрах у 70-100 ад Менска) нешта тыпу BMW было нанізанае на адбойнік. Побач ДАІ, «хуткая», МНС, як мінімум адзін труп. Відовішча жудаснае, - паведаміў іншы чытач.

- Ехаў туды, былі тры аўто ратавальнікаў, дзве «хуткія», два ці тры экіпажы ДАІ. Пацярпелае аўто не заўважыў. Ехаў назад - засталося адно аўто ратавальнікаў, адзін экіпаж ДАІ, пацярпелая машына (мяркуючы па задніх пасажырскіх дзвярах, BMW) стаяла за лініяй адбойніка, па ўсім пасажырскім баку ўнутры таксама быў адбойнік, - дапоўніў яшчэ адзін чытач.

- Прыкладна а 19:40 праязджаў, «хуткай» не было. ДАІ і МНС прысутнічалі, выразалі. Аўтамабіль - як шашлык на шампуры. Нанізаны задам, відаць, крутанула. Гэта калі ехаць з боку Гародні, не даязджаючы кіламетры тры да развязкі на Валожын. Дарэчы, на гэтым адцінку ўсе агароджы ў прамой плоскасці. А ў Менскім раёне, для параўнання, апушчаныя да зямлі (але не закапаныя), — паведаміў яшчэ адзін відавочца.

У ДАІ Менскай вобласці паведамілі, што 14 жніўня блізу 15:00 на 82-м км трасы М6, паблізу вёскі Мазуркі Валожынскага раёна, кіроўца 1989 года нараджэння, кіруючы аўтамабілем Volkswagen Passat, рухаўся па крайняй левай паласе з боку Гародні ў напрамку Менска. Паводле папярэдняй інфармацыі, на закругленні дарогі ён не справіўся з кіраваннем, з'ехаў на правую абочыну, дзе ўчыніў наезд на бар'ерную агароджу.

- У выніку пасажырка аўтамабіля, жанчына 1992 года нараджэння, ад атрыманых траўм памерла на месцы ДТЗ, - распавялі ў Дзяржаўтаінспекцыі.

Валожынскім РАСК распачатая крымінальная справа на падставе ч.2 арт.317 Крымінальнага кодэкса — «Парушэнне правілаў дарожнага руху або эксплуатацыі транспартных сродкаў асобай, якая кіруе транспартным сродкам, што пацягнула па неасцярожнасці смерць чалавека».

Яшчэ адна чытачка расказала, што была відавочцай гэтай аварыі.

— Passat ехаў у крайняй левай паласе, траса была пустая, ён чамусьці імкліва пачаў па дыяганалі сыходзіць у правы бок. У аўтамабілі былі двое дзяцей - яны жывыя, кіроўца таксама жывы, а вось з мамай дзяцей бяда. З намі ў аўто быў медык, яна адразу сказала, што адкрытая чэрапна-мазгавая... «Хуткая» на нашых вачах ратавала хвілін 30, - адзначыла суразмоўніца.

Яшчэ адна чытачка расказала аб тым, што ёй вядома.

- Там паварот, і кіроўца, які ехаў за аўто гэтым, сказаў, што Passat як ехаў, так і паехаў роўненька ў гэты адбойнік. У аўтамабілі сям'я, 4 чалавекі: бацька за стырном, маці на пасажырскім, сыну да года, а дачка ў верасні павінна пайсці ў школу. Дзеці не пацярпелі, толькі былі ў шкле ўсе. Кіроўца на сваіх нагах, на ім былі драпіны. Адбойнік прайшоў там, дзе сядзела мама, калі мы спыніліся, яна яшчэ быццам у прытомнасці была, - дадала сведка.

Яна таксама пацвердзіла, што дактары доўгі час змагаліся за жыццё гэтай жанчыны.

Напісаць каментар 14

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках