20 красавiка 2024, Субота, 9:54
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Беларуска перамагла ў прэстыжным фатаконкурсе

Беларуска перамагла ў прэстыжным фатаконкурсе
ЮЛІЯ ШАТУН

Яна зняла на тэлефон прадаўцоў рыбы ў Менску.

Беларуска Юлія Шатун перамагла ў дзвюх намінацыях у конкурсе фота iPhone Photography Awards 2022. Існасць яго ў тым, што ўсе ўдзельнікі спаборнічаюць у таленце здымаць на смартфон, расказвае сайт belmir.by.

Юлія стала прызёркай у катэгорыі "Сэрыя" дзякуючы здымкам, аб'яднаным тэмай "Прадаўцы рыбы на Камароўскім базары", а таксама здымкам "Пякарня Sefa Firini" у турэцкім месце Трабзоне - у катэгорыі "Захад сонца". Гэта першая ейная перамога ў якасці фатографа.

Але ўвогуле ейнае імя стало вядомым пасля беларускага кінафэсту «Лiстапад’2017», у якім яна нечакана перамагла ў конкурсе нацыянальнага кіно са стужкай «Заўтра». Парадокс у тым, што гэты фільм быў зняты практычна з нулявым бюджэтам, а галоўныя ролі сыгралі бацькі Юліі.

Фільм аб безнадзейнасці, у якой жыве інтэлігентная беларуская сям'я ў правінцыі. Настаўнік ангельскай мовы Анатоль з цяжкасцю ўладкоўваецца распаўсюднікам улётак, каб хоць нешта зарабіць. Трэба рамонт у кватэры скончыць, ды і з пазыкамі разлічыцца - жонка купіла сыну зімовую куртку ў растэрміноўку. А яшчэ Анатоль рэгулярна купляе латарэйныя білеты ў спадзяванні на здабытак. І аднойчы поспех усміхнуўся - выпаў шанц з'ездзіць да мора. Але і з гэтай нагоды героі не маюць радасці, наперадзе новыя выдаткі – купальнікі… І хаця гэта мастацкі фільм, узнікае поўнае адчуванне «схаванай камеры», калі мы сочым за жыццём рэальнай сям'і ў іхняй кватэры.

Фільм маладая рэжысёрка зняла на фотаапарат за 4 дні. Юля кажа, што шмат што было спісанае з ейнага рэальнага жыцця. У тую восень, калі яна яго здымала, паралельна здавала ўступныя іспыты ў Маскоўскую школу новага кіно. Яна паспяхова прайшла, але не змагла паехаць вучыцца, бо на гэта не было грошай.

Цяпер Юлія Шатун жыве ў Польшчы і далей займацца кіно. А з камерай тэлефона і фотаапаратам, як яна кажа, практычна не расстаецца.

Заўважым таксама, што ў конкурсе iPhone Photography Awards беларусы перамагалі і раней. Так, у 2019 годзе Глеб Драздоў заняў трэцяе месца ў катэгорыі "Стыль жыцця", а ў 2020 годзе Арцём Барышаў здабыў першае месца як "Фатограф года".

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках