24 красавiка 2024, Серада, 8:28
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Як расейцы вывозілі ўкраінцаў у Беларусь: Дзве гісторыі

2
Як расейцы вывозілі ўкраінцаў у Беларусь: Дзве гісторыі

Украінскага валанцёра трымалі ў ангары ў Нароўлі.

Украінскія ўлады заяўляюць пра тысячы чалавек, сілком вывезеных у Расею і Беларусь. «На сёння сотні тысячаў украінцаў былі прымусова дэпартаваныя ў краіну-агрэсарку. Паводле звестак Нацыянальнага інфармбюро, ужо ідэнтыфікаваныя больш за 5600 дзяцей, прымусова дэпартаваных у Расею. Фактычны лік большы», – паведаміла намесніца міністра ўнутраных справаў Кацярына Паўлічэнка.

У сакавіку ў Беларусь вывезлі некалькі дзясяткаў украінцаў з часова акупаваных Іванкова і Гастомеля. Галіна Гануліч, якая апынулася ў іх ліку, называе гэта «добраахвотна-прымусовай эвакуацыяй». Украінскі валанцёр Уладзімір Храпун у сакавіку трапіў у палон, у расейскае СІЗА яго везлі праз Беларусь. Яны падзяліліся з DW сваімі гісторыямі.

«Гаварылі, што мястэчка зраўнуюць з зямлёй»

Галіна Гануліч жыла ў ваенным гарадку пад Гастомелем (Кіеўская вобласць). Паводле словаў 63-гадовай жанчыны, большасць яго насельніцтва – сем'і адстаўных вайскоўцаў. Бамбаваць наваколлі пачалі ў першы дзень вайны, потым мястэчка занялі "кадыраўцы". Тры тыдні Гануліч правяла ў склепе.

«Многія жыхары мястэчка з'ехалі. У мяне чатыры коткі, сабака, я не магла. Да таго ж гэта мая зямля, мой дом – куды мне бегчы? – расказвае Галіна. – Потым прыйшлі "кадыраўцы". Седзячы ў склепе, мы чулі, як у нашых кватэрах выбіваюць дзверы. На наступную раніцу яны спусціліся да нас, перапісалі нас, забралі тэлефоны. Гаварылі, што людзей старэйшага ўзросту "не крыўдзяць". Яны не пілі, не палілі, да нас сапраўды ставіліся лаяльна».

Неўзабаве дом Галіны згарэў, людзям давялося перабрацца ў склеп суседняга інтэрната. Там праз адсутнасць лекаў памерла знаёмая нашай суразмоўніцы. Праз пару тыдняў пасля пачатку вайны, кажа Галіна, на змену «кадыраўцам» прыйшлі «расейцы». Галіна дадае, што ўсяго ў акупацыі памерлі чатыры пажылыя жанчыны, быў забіты малады чалавек з псіхічным захворваннем, чатырох мясцовых мужчынаў узялі ў палон, адзін з іх вярнуўся. Да таго часу мястэчка абстрэльвалі амаль увесь час.

«Можна было выйсці, пастаяць пяць хвілінаў каля склепа, потым бегам назад. Расейцы гаварылі, што будуць раўняць мястэчка з зямлёй, што тут не будзе ніводнага дома. Бачачы, як гараць і разбураюцца будынкі, я разумела: да гэтага ідзе, трэба сыходзіць», – успамінае Галіна Гануліч.

Добраахвотна-прымусовая эвакуацыя

Яна пагадзілася выехаць у Беларусь, але, паводле ейных словаў, гэта была добраахвотна-прымусовая эвакуацыя: «Калі б была магчымасць пайсці на ўкраінскі бок, усе з радасцю гэта зрабілі б. Я не збіралася ехаць у Беларусь, баялася, што адтуль нас не выпусцяць».

Жанчына прыгадвае, што іх давезлі да мяжы, потым пераправілі цераз раку. У якім населеным пункце яны апынуліся, Галіна не ведае.

«Там стаялі намёты. Нас высадзілі, праверылі дакументы, адзін з беларускіх вайскоўцаў чамусьці сфатаграфаваў нашы пашпарты. У гэтым становішчы чалавек становіцца вельмі залежным, нічога не вызначае, – адзначае бежанка. – Потым нас напаілі гарбатай, я змагла патэлефанаваць дзецям, сказаць, што я жывая».

Украінцаў, паводле словаў Галіны, сустракалі прадстаўнікі Беларускага Чырвонага Крыжа, бежанцаў пасялілі ў санаторый «Чэнкі» ў Гомельскім раёне.

«Самае галоўнае – не было выбухаў. Думаю, што беларусы вельмі спачуваюць украінцам, яны прыносілі рэчы, ежу, корм жывёлам, – расказвае жанчына. — Прапанавалі застацца ў Беларусі, працаваць на вёсцы. Казалі, што, магчыма, Польшча закрые мяжу».

Але Галіна пастанавіла з'ехаць: спачатку – у Польшчу, а потым – да дачкі ў Бразілію.

Украінскага валанцёра трымалі ў ангары ў Нароўлі

Валанцёра Чырвонага Крыжа Уладзіміра Храпуна расейскія вайскоўцы затрымалі 19 сакавіка недалёка ад Кіева. «Мы вывозілі людзей у бяспечныя месцы. На адным з блокпастоў мяне затрымалі, бо я расказаў расейцам праўду пра тое, што яны робяць. Ім, напэўна, гэта не спадабалася», – узгадвае Уладзімір.

На шэсць дзён яго закінулі ў склеп без вокнаў. Паводле ягоных словаў, палонныя спалі на бетоннай падлозе, іх збівалі і зневажалі, ежу давалі раз на дзень. Потым Уладзіміра перавялі ў Гастомель, адтуль у Беларусь. Паводле словаў валанцёра, ён апынуўся ў Нароўлі Гомельскай вобласці.

«Там быў вялікі аэрадром, шмат гелікоптараў. Нас пасялілі ці то ў ангар, ці то ў нейкі калгасны склад, загналі чалавек 30–40 прыкладна, – успамінае Уладзімір. – У памяшканні былі ўсталяваныя лежакі. Нас туды даставілі пасля абеду, бліжэй да вечару пачалі афармляць (выдавалі "пасведчанні асобы", у якіх было напісана, што палонныя "чынілі супрацьдзеянне спецыяльнай ваеннай аперацыі". – Рэд.). У Беларусі я прабыў менш за дзень, адтуль этапавалі ў Расею, у Навазыбкаў Бранскай вобласці».

Да 7 красавіка валанцёр прабыў у расейскім СІЗА, дзе палонныя зазналі катаванні і збіццё, потым яго этапавалі ў Крым, дзе праз пару дзён адбыўся абмен ваеннапалоннымі, некалькіх цывільных, у тым ліку і Уладзіміра, вызвалілі, як ён сам гэта называе, «бонусам».

У расейскім палоне Храпун пазнаёміўся з расейцам з маскоўскай прапіскай і беларусам. «Яны былі з Ірпеня ці Бучы, нас аб'ядналі ў Нароўлі. Іх не вызвалілі, што з ім стала далей, не ведаю», – кажа Уладзімір.

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках