25 красавiка 2024, Чацвер, 1:49
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Школьнікі з жоўтымі біркамі

38
Школьнікі з жоўтымі біркамі
Ірына Халіп

Хутка ў беларускіх школах не застанецца ні настаўнікаў, ні вучняў.

Суграмадзяне, а вы ўжо набылі дзецям новую школьную форму з адметным элементам, як міністэрства патрабуе? А жоўтую бірку да рукава прышылі? Яшчэ не прышылі? Дарэмна. Усё да таго ідзе, так што лепш гэта зрабіць сёння, а то заўтра ў крамах усё разбяруць, і давядзецца бегаць па горадзе ў пошуках хоць самай нягеглай біркі. Інакш крывіначку ў школу не пусцяць, а бацькоў, наадварот, выклічуць і аблаюць як след. Намякнуць на кепскі атэстат, адсутнасць кар'ерных перспектываў і "будзе ўсё жыццё венікам махаць з такім бацькоўскім падыходам".

1 верасня для бацькоў школьнікаў – гэта заўсёды начны кашмар, пустыя кішэні і шклянка валакардыну, каб вытрымаць. Яшчэ не было ніводнага года, які абышоўся б без нечаканак ад дзяржавы. То час пачатку ўрокаў мяняюць, таму што так Лукашэнка пастанавіў, то профільныя класы закрываюць, то гімназіі пераводзяць на тэрытарыяльны прынцып набору вучняў, то ваенрукоў завучамі робяць, то праваслаўныя факультатывы і абавязковыя палітінфармацыі ўводзяць. Змяняюць праграмы, як пальчаткі, выключаюць са спісу літаратуры патэнцыйна шкоднасныя для патрыятычнага выхавання кнігі, скарачаюць колькасць гадзінаў замежнай мовы. І кожны раз бацькі школьнікаў з жахам чакаюць 1 верасня, не ведаючы, да чаго рыхтавацца іх дзецям.

У гэтым навучальным годзе дзяцей чакае нямала новенькага. На пачатку і напрыканцы кожнай чвэрці яны будуць спяваць гімн і паднімаць сцяг. Праўда, міністр адукацыі, з захапленнем расказваючы пра гэты будучы цуд прагрэсу, не ўдакладніў, які менавіта сцяг і куды падымаць. Не ўзгадаю флагштокі перад беларускімі школамі. Можа быць, іх цяпер настаўнікі працы з фізрукамі пад кіраўніцтвам завучаў-ваенрукоў спешна мантуюць, каб да пачатку года сябры БРСМ урачыста правялі цырымонію ўзняцця сцяга? Так, мусіць, так і ёсць. Збяруцца ў двары дзеці ў школьнай форме з адметнымі элементамі, праспяваюць гімн, змахнуць няпрошаную слязу ў патэтычны момант узняцця сцяга і пойдуць у класы вывучаць закон "Аб генацыдзе беларускага народа" – з 1 верасня гэта абавязковая частка вучэбнай праграмы. А ўвечары прыйдуць са школы і пачнуць расказваць, як дзень прайшоў. І бацькі зноў палезуць па валакардын – калі, вядома, усё яшчэ будуць дома пасля ранішніх рэйдаў ГУБАЗіКу. І калі ў іх яшчэ застануцца грошы на валакардын пасля набыцця школьнай формы з адметнымі элементамі.

А гэта ж яшчэ толькі пачатак – адметныя элементы. З наступнага года будзе паўнацэнная школьная форма з усімі складальнікамі. Многія школы ўжо вывесілі на сваіх сайтах карцінкі і патрабаванні на будучыню: вось так павінны выглядаць нашы вучні. Напрыклад, хлопчыкам неабходныя штаны, кашуля, камізэлька, пінжак, гальштук. Супраць штаноў нічога не маю, вядома, але чатыры прадметы – кашуля, камізэлька, пінжак, гальштук – лёгка замяняюцца адной байкай або джэмперам. Навошта хлопчыку з раніцы нацягваць на сябе кучу бессэнсоўных рэчаў, акрамя як дзеля задавальненні эстэтычных запатрабаванняў службоўцаў, я не ведаю. Зрэшты, здагадваюся. Парачка пераменаў з мячом на школьным двары, пару гадзінаў на стадыёне з сябрамі пасля ўрокаў – і ўвесь гэты гардэроб-ансамбль прыйдзе ў поўную непрыдатнасць. А значыць, бацькам давядзецца раскашэліцца на новы. Пасля яшчэ. І яшчэ. І на запасны, калі гэты, пасля футболу з аднакласнікамі, запатрабуе толькі мыцця, а не смеццевага вядра. Так бацькі школьнікаў дружнымі шэрагамі пабягуць ратаваць айчынную лёгкую прамысловасць. Дарэчы, каталог школьнай формы на сайце "Беллегпраму" я ўважліва вывучыла. Чамусьці адразу ўспомніўся "Хлопчык Мотл" Шалома-Алейхема: "Штаны зроблены – я і сам не ведаю з якога матэрыялу: паставіш іх – яны стаяць, а ходзіш – яны шумяць. Дзівосныя штаны!" Раней з гэтымі штанамі змагаліся проста – паездкамі па набыткі ў Хмяльніцкі, у Беласток, у Вільню. Цяпер штаны пайшлі ў атаку разам з міністэрствам адукацыі.

З такой адукацыйнай канцэпцыяй міністэрства з лёгкасцю даб'ецца таго, што да наступнага 1 верасня ў школы ўжо ніхто не прыйдзе. Паляцяць дзеці разам з бацькамі туды, дзе норма – хадзіць у школу ў джынсах і футболках, дзе ніхто не спявае гімны раніцамі, дзе няма ваенрукоў і дзе бацькоў не звозяць на некалькі гадоў з дому за нядзельны шпацыр двухгадовай даўніны. І вось тады для чыноўнікаў настане шчасце: у пустых класах настаўнікі будуць спакойна пісаць справаздачы і запаўняць фармуляры, а адміністрацыя школаў – рапартаваць ва ўправу адукацыі пра ідэальны стан дакументазвароту. Зрэшты, настаўнікаў пры такіх уводных да наступнага года ў Беларусі таксама не застанецца. Адукацыя ў лукашысцкай Беларусі – штука зусім лішняя. Для службы ў АМАПе яна ўжо дакладна не патрэбная.

Ірына Халіп, спецыяльна для Charter97.org

Напісаць каментар 38

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках