19 сакавiка 2024, aўторак, 9:11
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Cанкцыі больш ударылі па сферы грузаперавозак Беларусі, чым Расеі

4
Cанкцыі больш ударылі па сферы грузаперавозак Беларусі, чым Расеі

Пасля закрыцця еўрапейскіх межаў у гэтую звязку патрапілі і вознікі Казахстана.

Лагістычныя рынкі Беларусі і Расеі заўсёды былі цесна звязаныя. А пасля закрыцця еўрапейскіх межаў вясной 2022-га ў гэтую звязку трапілі і вознікі Казахстана. Як увядзенне санкцый адбілася на сферы грузаперавозак трох краін і як гэтыя змены паўплывалі адна на адну да канца лета, Office Life паведаміла дырэктарка кампаніі-прадстаўніцы «Біржы грузаперавозак ATI.SU ў Беларусі» Таццяна Салдаценка.

Попыт на ўнутраныя перавозкі ў Беларусі вырас

Мацней за ўсё сітуацыя з санкцыямі і закрыццём межаў адбілася на беларускім грузапатоку. У другім квартале попыт на перавозкі ўнутры краіны вырас на 25 адсоткаў. На расейскім рынку рост крыху больш сціплы - 19%. У Казахстане ж сітуацыя памянялася не моцна - паляпшэнне попыту нязначнае.

- Такі рост попыту на ўнутраныя перавозкі ў Беларусі і Расеі лагічны і абумоўлены зніжэннем аб'ёмаў грузапатоку ў краіны Еўрапейскага Звязу, - пракаментавала Таццяна Салдаценка. - Для беларускіх вознікаў каталізатарам пераарыентацыі на свой рынак стала яшчэ і падзенне ставак на перавозкі ў Расею праз рост канкурэнцыі. Вознікаў Казахстана забарона на ўезд у ЕЗ не закранула, таму і істотных змен на ўнутраным рынку краіны не адбылося.

З экспартнымі перавозкамі ў Беларусі справа ідзе інакш

Калі параўнаць звесткі мінулага і гэтага года, то ў нас ёсць невялікая станоўчая дынаміка - плюс 6%. А калі арыентавацца на квартальныя лічбы, то ў нас мінус 9%. У Расеі гадавыя звесткі паказалі плюс 15%, квартальныя - мінус 7%.

Больш за ўсё экспарту нарасціў Казахстан: прырост на 270 адсоткаў у параўнанні з леташнімі звесткамі за красавік-чэрвень. У параўнанні з першым кварталам - плюс 136%.

- Хуткая пераарыентацыя беларусаў і расейцаў на ўсходнія кірункі не дазволіла крывой попыту ўпасці яшчэ ніжэй, - адзначыла Таццяна Салдаценка. - Рэкордна хуткае нарошчванне аб'ёмаў перавозак з азіяцкімі краінамі часткова кампенсавала «прасяданне» еўрапейскага кірунку. Таму ў гадавым вылічэнні мы ўсё адно выйшлі ў плюс. Перавозкі ж з Казахстана, якога не закранулі абмежаванні, пачалі значна ўбірацца ў сілу.

Экспэртка мяркуе, што ўсплёск папулярнасці накірункаў Казахстан - Беларусь і Казахстан - Расея тлумачыцца яшчэ і тым, што на казахстанскі рынак сталі масава пераходзіць расейскія і беларускія кампаніі. Буйныя гульцы рынку адкрылі там свае прадстаўніцтвы, каб мець магчымасць працаваць без абмежаванняў з краінамі ЕЗ.

Ролю ў зніжэнні грузапатоку ў Беларусь адыграла Расея

У імпартных аўтаперавозках у Беларусі паказчыкі крыху знізіліся — грузапаток з іншых краін у другім квартале зменшыўся на 7% у параўнанні з першым і на 2% у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года.

У Казахстане перавозкі з іншых краін захавалі леташні ўзровень і паказалі станоўчую дынаміку, калі параўноўваць з першым кварталам. Рэкорд ставіць Расея. Попыт на перавозкі з іншых краін у другім квартале 2022 года ў параўнанні з першым склаў плюс 45%, а ў гадавым вылічэнні - плюс 53%.

- Але трэба разумець, што рост аўтамабільных грузаперавозак з іншых краін у Расею не значыць павелічэнне імпарту ў гэтую краіну, - адзначыла экспэртка. - Тут, хутчэй, гаворка аб кампенсацыі аўтамабільным транспартам марскіх перавозак.

Значную ролю ў зніжэнні грузапатоку ў Беларусь, паводле звестак «Біржы грузаперавозак ATI.SU», адыграла Расея. Попыт на перавозкі з Расеі ў Беларусь у другім квартале 2022 года ў параўнанні з першым знізіўся на 13 адсоткаў.

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках