29 сакавiка 2024, Пятніца, 12:32
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Forbes: Пасля ўдару па базе ў Крыме авіяцыі РФ давядзецца адысці на сотні кіламетраў ад Украіны

9
Forbes: Пасля ўдару па базе ў Крыме авіяцыі РФ давядзецца адысці на сотні кіламетраў ад Украіны

УСУ падарвалі эфектыўнасць далейшых аперацый ворага.

Выглядае, што ўкраінская атака на расейскую авіябазу ў акупаваным Крыме ў аўторак знішчыла шмат самалётаў. Гэта была самая вялікая страта за адзін дзень для ВПС Расеі з канца лютага, калі Масква пачала ўварванне ва Украіну.

І гэты ўдар можа моцна паўплываць на далейшыя паветраныя аперацыі расейскай вайсковай авіяцыі, піша Forbes. Сярод белага дня на авіябазе ў горадзе Саках прагрымела крыху больш за 10 выбухаў. На гэтай авіябазе былі размешчаныя самалёты 43 асобнага марскога штурмавога палка Чарнаморскага флоту РФ. На некаторыя падлікі, выбухі знішчылі восем Су-27, чатыры Су-30, пяць Су-24 і шэсць гелікаптэраў Мі-8, а таксама самалёт радыёэлектроннай выведкі Іл-20.

Спадарожнікавыя здымкі, знятыя прыватнымі кампаніямі, пацвярджаюць знішчэнне васьмі Су-24 і пяці Су-27/30. У Мінабароны Украіны гавораць толькі аб знішчэнні дзявяці расейскіх самалётаў. Forbes прызнае, што наўрад ці ўсякі з падлікаў вычарпальны. Але калі іх сумясціць, можна сказаць, што расейскія сілы страцілі ад 9 да 27 самалётаў. Цалкам магчыма, што 43 асобны марскі штурмавы полк цяпер стаў не баяздольным. І Чарнаморскаму флоту РФ давядзецца яго адбудоўваць.

Таксама дагэтуль невядома, як Украіна змагла нанесці ўдар па авіябазе ў горадзе Саках, размешчанай за 200 кіламетраў ад паўднёвай лініі фронту. Кратэры, бачныя на спадарожнікавых здымках, гавораць, што гэта былі балістычныя ракеты. Таксама магчыма, што ўкраінскія вайскоўцы выкарыстоўвалі супрацькарабельныя крылатыя ракеты «Нептун», каб ударыць па расейскай базе, або беспілотнікі-камікадзэ. У Кіеве сціпла сказалі, што зброя, якая спаліла расейскія самалёты, была «чыста ўкраінскай вытворчасці».

Forbes піша, што пасля ўдару ў аўторак можна сказаць, што ўкраінскі бок дагэтуль больш паспяхова знішчаў самалёты Расеі, пакуль яны былі на зямлі, чым наадварот. У першыя гадзіны ўварвання 23 лютага расейскія ракеты ўдарылі па ўкраінскіх авіябазах. Але самалётаў і верталётаў там ужо не было. Камандзіры перабазавалі іх. І Кіеў прадаўжаў гэтую практыку цягам усёй вайны. За больш чым пяць месяцаў расейскае войска знішчыла толькі тры ўкраінскія самалёты, пакуль яны былі на базе: Су-24, МіГ-29 і адзін Іл-76. Большасць страт украінскія ВПС панеслі ў баі. Фактычна, калі не лічыць усе знішчаныя самалёты ў аўторак у Крыме, Расея страціла 85 паветраных баявых машын. І большасць з іх таксама былі збітыя ўкраінскімі сродкамі СПА. Але за ўвесь перыяд паміж ударам па расейскай авіябазе ў Мілераве ля ўкраінскай мяжы і ўдарам па базе ў Крыме Расея страціла дзясяткі самалётаў, якія стаяць на зямлі.

«Тое, што Украіна так лёгка можа знішчаць расейскія самалёты на базах, у той час як Расеі не ўдаецца адплаціць той жа манетай, шмат кажа пра дысцыплінаванасць украінскіх эскадронаў і адсутнасць гэтай дысцыпліны з расейскага боку. ВПС і ВМС Украіны ўвесь час перамяшчаюць свае самалёты, верталёты і беспілотнікі TB-2 «Байрактар», часта абапіраючыся на выведзвесткі, пададзеныя ЗША», - піша Forbes.

У сваю чаргу Расея, нягледзячы на ўсе страты, прадаўжае размяшчаць свае самалёты на тых жа авіябазах, па якіх ужо былі нанесены ўкраінскія ўдары. Пытанне, ці зменіць удар па базе ў Крыме паводзіны Крамля, застаецца без адказу.

«У наступныя гадзіны пасля выбухаў на авіябазе тысячы расейскіх турыстаў, якія атрымлівалі асалоду ад крымскіх пляжаў, сабралі свае рэчы і ўцяклі з паўвострава, стварыўшы ўздоўж моста ў Расею заторы, у якіх даводзіцца стаяць днямі. Невядома, ці ўцячэ вайскова-паветраная галінка Чарнаморскага флоту РФ таксама з Крыма ўслед за цывільнымі», - заўважае выданне.

Але ўсё больш становіцца зразумела, што ва Украіны з'яўляюцца сродкі і жаданне наносіць удары па кожнаму расейскаму вайсковаму аб'екту, да якога толькі зможа дацягнуцца тое, што ёсць ва ўкраінскім арсенале, які ўключае крылатыя ракеты і балістычныя ракеты, а таксама беспілотнікі. А калі дадаць яшчэ пагрозу з боку ўкраінскіх партызан і сіл спецыяльнага прызначэння, сітуацыя ў Расеі становіцца яшчэ больш небяспечнай.

«Расейскім эскадрыллям трэба адысці на сотні кіламетраў ад украінскай тэрыторыі, каб быць у бяспецы ад патэнцыйных нападаў. Пераход на інфраструктуру авіябаз у гэтай бяспечнай зоне не нашкодзіць Расеі. Аднак дадатковая адлегласць моцна паўплывае на авіяцыйныя аперацыі Крамля ва Украіне. Чым далей бамбавіку давядзецца ляцець, каб дабрацца да фронту, тым менш часу ён зможа правесці там, а значыць, скароціцца і колькасць набояў, якую адзін самалёт зможа даставіць на перадавую за дзень», – піша Forbes.

Напісаць каментар 9

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках