29 сакавiка 2024, Пятніца, 11:32
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Сайты беларускіх банкаў не адкрываюцца з-за мяжы

11
Сайты беларускіх банкаў не адкрываюцца з-за мяжы

Што рабіць кліентам?

Санкцыі Еўразвяза закранулі беларускія банкі. Напрыклад, пад шосты пакет трапіў «Белінвестбанк», яго адключылі ад SWIFT - міжнароднай сістэмы міжбанкаўскіх аплат. Сёння сайт гэтага банка і яшчэ як мінімум двух іншых — «Белаграпрамбанка» і «Статусбанка» — немагчыма адкрыць з-за мяжы.

Журналісты zerkalo.io патэлефанавалі ў гэтыя фінустановы, каб даведацца, чаму так адбываецца і што рабіць кліентам.

У кантакт-цэнтры «Белаграпрамбанка» пацвердзілі, што іх сайт з-за мяжы не адкрываецца. Ці звязана гэта з санкцыямі, яны не ведаюць, ды і агулам у іх няма інфармацыі, з якой прычыны гэтак адбылося. Там адзначылі, што пачытаць аб навінах банка можна праз мабільны дадатак - там ёсць раздзел навін, дзе дублююцца ўсе паведамленні з сайта.

Калі мабільнага дадатку няма і спампоўваць яго не хочацца, то супрацоўніца параіла іншае развязанне: пры падключаным інтэрнэце ў пошукавым радку браўзэра напісаць «інтэрнэт-банкінг «Белаграпрамбанка». Перайсці па спасылцы, якая выведзе на іх інтэрнэт-банкінг, увесці лагін.

- Там на працоўным стале будзе раздзел «навіны», як і на сайце, - сказала кансультантка.

Таксама мы тэлефанавалі ў «Статусбанк» на два нумары тэлефонаў - супрацоўнікі не маглі патлумачыць, чаму іх сайт не адкрываецца з-за мяжы.

- У нас сайт працуе. Хутчэй за ўсё, у вас нейкая памылка, - адказаў супрацоўнік кантакт-цэнтра.

Падказаць, як людзям даведвацца інфармацыю ад банка, кансультант адказаць не змог. Кансультант адключаўся ад размовы на некаторы час, пасля паўзы ён удакладніў, з якога браўзэра мы заходзім на іх сайт, ці ў Расеі мы знаходзімся. А потым дадаў, што ніякіх абмежаванняў для ўваходу на інтэрнэт-рэсурс «Статусбанка» няма. Альтэрнатыўных варыянтаў супрацоўнік не прапанаваў, толькі адзначыў, што ў іх няма тэлеграм-канала, дзе б дублявалася інфармацыя фінансавай арганізацыі.

Кансультант «Белінвестбанк» пацвердзіў інфармацыю, што на іх сайт цяпер проста так з-за мяжы не зойдзеш.

- Доступ да сайта з-за мяжы цяпер недаступны. Трапіць на яго можна толькі праз VPN (можна спампаваць дадатак ці ў браўзэры ўсталяваць пашырэнне). IP-адрас беларускі толькі пастаўце, тады вас прапусціць, - адказаў супрацоўнік, дадаўшы, што гэта міжнароднае абмежаванне з-за санкцый.

У мабільнае прыкладанне банка без VPN зайсці таксама не атрымаецца - «не пусціць з-за мяжы». Супрацоўнік таксама паведаміў, што картамі банка Visa і Mastercard разлічыцца за мяжой нельга, «яны абмежаваныя аплатнымі сістэмамі». Але калі атрымаецца падключыцца да інтэрнэт-банкінгу, то карткай можна карыстацца - аплачваць пакупкі ў Беларусі, пераводзіць грошы на іншыя беларускія банкаўскія карты.

Напісаць каментар 11

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках