24 красавiка 2024, Серада, 23:00
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Нарвежскія газавікі і нафтавікі спынілі страйк

2
Нарвежскія газавікі і нафтавікі спынілі страйк
Фота: Bloomberg

Урад краіны ўмяшаўся з улікам геапалітычнай сітуацыі.

Урад Нарвегіі прапанаваў развязаць працоўную спрэчку паміж прафзвязам Lederne і асацыяцыяй працадаўцаў нафтавых кампаній Norwegian Oil and Gas наконт павелічэння заробку газавікоў і нафтавікоў праз прымусовы арбітраж. У выніку прафаб'яднанне, прытрымліваючыся закліку міністаркі працы і сацыяльных справаў Мартэ М'ёс Персан, пагадзілася спыніць страйк, вынікае з прэс-рэлізу ўраду Нарвегіі, апублікаванага ўвечары ў аўторак, 5 ліпеня, паведамляе dw.com.

"Бакі не змаглі прыйсці да супольнай пастановы. Таму я прапанавала прымусовае арбітражнае разбіральніцтва ў пытанні заробку. Абвешчаная эскалацыя страйку ў цяперашняй сітуацыі нясе крытычныя наступствы – як з гледзішча энэргетычнага крызісу, так і з увагай да геапалітычнай сітуацыі, з якой мы сутыкаемся ў сувязі з вайной у Еўропе", – падкрэсліла Персан.

Страйк нафта- і газаздабыўных прадпрыемстваў Нарвегіі

5 ліпеня супрацоўнікі некалькіх нафта- і газаздабыўных прадпрыемстваў у Нарвегіі абвесцілі страйк, патрабуючы павышэння заробку ў адпаведнасці з узроўнем інфляцыі.

На першым этапе страйку працу спынілі тры радовішчы – Gudrun, Oseberg Süd і Oseberg Ost. Супрацоўнікі яшчэ некалькіх радовішчаў мусілі далучыцца да страйку 6 ліпеня і 9 ліпеня. Прычым з 9 ліпеня маштаб страйку пагражаў стаць такім, што Нарвегія пачала б страчваць больш за палову свайго штодзённага аб'ёму газавага экспарту.

"Міністэрства нафты і энэргетыкі мяркуе, што спыненне здабычы газу ў тым аб'ёме, да якога прывядзе гэты страйк у найбліжэйшыя некалькі дзён, было б неапраўданым. Вытворчасць рэзка падае, і гэта вельмі крытычна ў сітуацыі, калі ЕЗ і Вялікая Брытанія цалкам залежаць ад энэргетычнага партнёрства з Нарвегіяй", – паказала Мартэ М'ёс Персэн.

Заклік умацоўваць энэргабяспеку Еўропы

Нарвегія "павінна зрабіць усё магчымае для ўмацавання еўрапейскай энэргетычнай бяспекі і еўрапейскай салідарнасці супраць расейскай агрэсіі", дадала яна.

Персан падкрэсліла, што яе не задавальняе сітуацыя, пры якой адказнасць за развязанне канфлікту ўскладзеная на ўрад. "У такіх выпадках бакі самі нясуць адказнасць за пошук выйсця", – указала яна. Аднак сур'ёзныя наступствы патэнцыйнага пашырэння страйку "прымусілі мяне ўмяшацца", падсумавала міністарка.

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках