25 красавiка 2024, Чацвер, 13:36
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У Магілёве лекары вызвалілі дзяўчыну ад выплаты крэдытаў

2
У Магілёве лекары вызвалілі дзяўчыну ад выплаты крэдытаў

Незвычайны выпадак з судовай практыкі.

У Магілёве былой пацыентцы псіхстацыянара не давялося плаціць паводле пазову аб няплачаных крэдытах: судовая экспертыза зрабіла выснову, што пры заключэнні дамоваў яна не ўсведамляла значэння сваіх дзеянняў. Пра гэты выпадак са сваёй практыкі ў часопісе «Медыцынскі веснік» расказаў намеснік кіраўніка ўправы судова-псіхіятрычных экспертызаў управы Дзяржкамітэта судовых экспертызаў Магілёўскай вобласці.

Паводле словаў псіхіятра, гісторыя адбылася яшчэ ў 2019 годзе з дзяўчынай з Магілёва 2000 года нараджэння. У яе сваякоў псіхічных захворванняў не было, а вось у яе самой душэўны разлад пачаўся на глебе праблемаў у асабістым жыцці – праз гэта яна нават кінула вучобу ў менскім БДУКіМ. Потым, праўда, звярнулася да псіхатэрапеўта, прымала псіхастымулятар з лёгкім супрацьтрывожным дзеяннем.

Пасля вяртання дадому ў Магілёў дзяўчына кардынальна змянілася – стала вельмі актыўнай і таварыскай, аднак пры гэтым пачала паліць і піць.

– Але блізкія заплюшчвалі вочы, тлумачачы змены кампенсацыяй за мінулае «затворніцтва», – расказвае псіхіятр.

А потым магіляўчанка пазнаёмілася з маладым чалавекам, за якога нават сабралася замуж: праз гэта яна пасварылася з роднымі і сышла з дому. Хлопец абяцаў ёй добрую будучыню, запэўніваў у каханні і пры гэтым прасіў аформіць крэдыт.

Увосень 2019 года дзяўчына і сапраўды аформіла на сваё імя 3 пазыкі ў банках, набыла ў крэдыт аўтамабіль, а таксама здзяйсняла дробныя набыткі ў растэрміноўку. Ні ў прадстаўнікоў банкаў, ні ў супрацоўнікаў аўтасалона сумневаў у псіхічнай паўнавартаснасці кліенткі не ўзнікала.

У выніку сям'я магіляўчанкі ўсё ж пастанавіла звярнуцца да псіхіятра: да таго моманту дзяўчына стала скардзіцца на відзежы, галасы, «кашу» ў галаве, шмат канфліктавала з маці.

Пацыентку на некалькі месяцаў накіравалі ў псіхіятрычны стацыянар – пасля інтэнсіўнай тэрапіі нейралептыкамі ў яе зніклі галюцынаторныя і вар'яцкія перажыванні, выраўняўся настрой, з'явілася спарадкаванасць у паводзінах. Дзяўчына была выпісаная пад амбулаторнае назіранне лекара-псіхіятра.

Магчыма, гэтая гісторыя засталася б невядомай судовым экспертам-псіхіятрам, але магіляўчанка сутыкнулася з пазовавымі заявамі наконт нявыплаты крэдытаў, і ёй прызначылі судова-псіхіятрычную экспертызу. Там высветлілася, што пасля нядоўгага лекавання псіхастымулятарамі адбыўся «пераход з субдэпрэсіўнага стану ў гіпаманіякальны», а пасля «ступень парушэнняў дасягнула ўзроўню маніі».

– У такім стане дзяўчына фактычна страціла здольнасць крытычна ацэньваць і свае ўчынкі, і дзеянні навакольных, – растлумачыў псіхіятр.

Такім чынам, рэзюмаваў ён, магіляўчанка на момант здзяйснення ўгодаў не магла ўсведамляць значэння сваіх дзеянняў і кіраваць імі – на гэтай падставе заключаныя ёю крэдытныя дамовы прызналі несапраўднымі.

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках