16 красавiка 2024, aўторак, 18:48
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Авантура не каштавала выдаткаваных нерваў і грошай»

20
«Авантура не каштавала выдаткаваных нерваў і грошай»

Жыхарка Баранавічаў адкрыла сабе шэнген на тры месяцы праз Маскву і абураная.

Зрабіць візу для паездкі ў Еўропу гэтым летам для беларусаў стала практычна неразвязальнай задачай. Людзі плацяць вялізныя грошы, марнуюць кучу сілаў і часу дзеля таго, каб у выніку атрымаць шэнген на тыдзень, месяц, а то і не атрымаць яго зусім. Жыхарка Баранавічаў Юлія сваю візу адкрыла, але, упэўненая дзяўчына, выдаткаваных намаганняў яна не каштавала, піша Intex-press.

Гараджанка Юлія – дасведчаная турыстка з добрай візавай гісторыяй: «гадавыя польскія і літоўскія турыстычныя візы з вялікай колькасцю выездаў». І да нядаўняга часу, паводле словаў дзяўчыны, ніякіх праблемаў з атрыманнем шэнгену ў яе не ўзнікала.

– Ні ў якія турфірмы я ніколі не звярталася. Запісвалася на падачу візы і збірала ўсе дакументы сама (праблемаў з датамі і запісам таксама ніколі не было), і заўсёды атрымлівала турыстычны мультышэнген на год, – успамінае Юлія.

Але пасля таго як Польшча і Літва перасталі выдаваць турыстычныя візы беларусам, атрымаць шэнген без пасярэднікаў стала практычна немагчыма, гаворыць дзяўчына, а ездзіць за мяжу ў адпачынак, на шопінг ці да сяброў, як раней, хацелася. Таму Юля пастанавіла звярнуцца па дапамогу ў адно з беларускіх турагенцтваў.

– За запіс на італьянскі шэнген агенты прасілі ад 300 еўраў плюс найбліжэйшыя даты былі не раней за верасень. Вугоршчына і Грэцыя выдаюць аднаразовыя візы пад тэрміны паездкі. Гішпанія аказалася самай лаяльнай краінай, якая адкрывала мультывізу на тэрмін больш за адну паездку, – расказвае Юлія.

Клопаты ў браняванні даты і запісе дзяўчыны на падачу візы ўзяло на сябе турагенцтва. За гэта Юліі давялося заплаціць 250 рублёў. Пры гэтым у агенцтве дзяўчыну адразу папярэдзілі, што ніякіх гарантый наконт атрымання візы і тэрмінаў яе дзеяння яны не даюць.

У прызначаны дзень Юля села ў машыну і паехала ў Маскву, бо ў Беларусі гішпанскі візавы цэнтр з некаторых часоў не працуе. Дакументы ў яе прынялі, сказаўшы, што пашпарт дашлюць назад з кур'ерам (дастаўка каштавала яшчэ 50 рублёў).

– Мяжу назад перасякала без пашпарта і не без прыгодаў. Паводле натарыяльна заверанай копіі і адзнацы, што пашпарт на візе, прапускаць не хацелі. Хтосьці ехаў у іншы пункт пропуску, бо беларусаў без пашпартоў ехала дастаткова шмат, – расказвае Юлія. – Застацца ў Расеі без грошай гатоўкай і з пустым бакам бензіну (калі б давялося ехаць у іншы пункт пропуску і там таксама развярнулі) было страшна. Давялося пачакаць пару гадзінащ і паспрабаваць праехаць яшчэ раз. Высветлілася, што змена якраз памянялася, і там людзі былі не такімі катэгарычнымі.

У выніку праз два тыдні дзяўчына атрымала свой пашпарт. Турыстычны шэнген ёй адкрылі на тры месяцы. Віза абышлася на 80 еўраў, плюс 300 рублёў за паслугі турагенцтва і дастаўку пашпарта, плюс выдаткі на дарогу ў Маскву і назад.

– У маім выпадку гэтая авантура не каштавала выдаткаванага часу, нерваў і грошай, бо віза ў выніку выйшла на тры месяцы. Але, мяркуючы з форумаў, тры месяцы цяпер – гэта ого-го які тэрмін. На паўгода ці год візу атрымлівае вельмі маленькі адсотак людзей, і ніхто не разумее, ад чаго гэтыя тэрміны залежаць, – рэзюмуе Юлія.

Паводле словаў дзяўчыны, калі б яна ведала, з якімі цяжкасцямі ёй давядзецца сутыкнуцца, наўрад ці ўвязалася б ва ўсё гэта.

– Але загадваць не буду: тэрмін візы заканчваецца ў кастрычніку, дзе яе рабіць далей, не зусім зразумела, – кажа Юля.

Таму пакуль дзяўчына мае намер у найкарацейшыя тэрміны скарыстацца атрыманым шэнгенам і «адкатаць яго напоўніцу».

Напісаць каментар 20

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках