29 сакавiка 2024, Пятніца, 10:17
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Украіна павінна разарваць стасункі з Лукашэнкам

35
Украіна павінна разарваць стасункі з Лукашэнкам

Кіеву патрэбная новая палітыка.

Рэдакцыя ўкраінскага выдання «Еўрапейская праўда» апублікавала артыкул, у якім заяўляе, што Украіне трэба як мага хутчэй разарваць стасункі з рэжымам Лукашэнкі, але не з беларускім грамадствам, а заадно вызначыць, хто выказвае інтарэсы беларускага грамадства.

«Мы адзіная краіна, якая падтрымлівае расейцаў у гэтай барацьбе. Тыя, хто нас папракае, вы, што не ведалі, што ў нас шчыльны хаўрус з Расейскай Федэрацыяй?.. Што ў нас створанае ўжо фактычна адзінае войска?.. Мы былі і будзем разам з брацкай Расеяй. Наш удзел у «спецаперацыі» вызначаны мной даўно».

Гэтая заява самаабвешчанага прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі стала самым шчырым прызнаннем таго, што Менск бярэ ўдзел у расейскай агрэсіі супраць Украіны. Яна прагучала 3 ліпеня, праз тыдзень пасля маштабнага пуску па Украіне ракет з паветранай прасторы Беларусі.

А напярэдадні Лукашэнка заявіў аб загадзе «ўзяць пад прыцэл цэнтры прыняцця пастаноў» у «варожых сталіцах», намякнуўшы, што адным з такіх ворагаў з'яўляецца Кіеў.

Пераход Лукашэнкі да агрэсіўнай рыторыкі быў чаканым.

Усе ягоныя спробы ўступіць у дыялог з Захадам па змякчэнні санкцый чакана праваліліся, залежнасць ад Расеі толькі расце, а ракетны ўдар па Кіеве і іншых гарадах Украіны 26 чэрвеня (на жаль, відавочна не апошні) дадаткова замацаваў за Беларуссю ролю суўдзельніка ў ваенных злачынствах.

Але Кіеў дагэтуль спрабуе адмежавацца ад улады Расеі і іх філіяла ў Беларусі.

Мы вядзем упартую барацьбу з войскам РФ, але пры гэтым падтрымліваем дыпламатычныя стасункі з Беларуссю, якая сама заяўляе аб адзінстве свайго войска з расейскім.

Тое, што ў Менску дагэтуль працуе амбасадар Украіны, гучыць яшчэ дурней, калі ўзгадаць, што Украіна не прызнае легітымнасць Лукашэнкі і прызначаны ім урад. Дарэчы, беларускіх дыпламатаў ва Украіне няма яшчэ з сакавіка, таму імкненне Кіева захаваць стасункі з паўночным агрэсарам з'яўляецца аднабаковым.

Чаму Кіеў не разрывае стасункі з Менскам?

Можа, ёсць негатыўныя наступствы гэтага кроку, якіх Украіна асцерагаецца?

Кароткі адказ: не, ужо не. Размова ідзе хутчэй аб інэрцыі, якой трэба пакласці канец.

Палітыка асаблівага стаўлення да рэжыму Лукашэнкі, якую праводзіў Кіеў, некалі сапраўды мела сэнс. Тады Менск манеўраваў на міжнароднай арэне і спрабаваў не кінуцца ў абдымкі Масквы, а асцярожнасць Украіны пакідала прастору для такога манеўру.

Напрыклад, пасля падаўлення пратэстаў у Менску Украіна далучылася да шэрагу еўрапейскіх пастаноў, але адмовілася ўводзіць санкцыі асабіста ў дачыненні да Лукашэнкі, бо сцераглася магчымай асабістай крыўды з ягонага боку.

Па-першае, нагадвалі тады ў МЗС, Беларусь тады так і не прызнала «расейскі Крым», а асабістая помста Лукашэнкі можа мець менавіта такое следства. Па-другое, тлумачылі дыпламаты, Лукашэнка тады яшчэ не вызначыўся, ці дасць ён Маскве свае вайсковыя базы для агрэсіі супраць Украіны.

Па-трэцяе (хоць пра гэта ў Кіеве спрабавалі не ўзгадваць услых), Украіне патрабавалася эканамічнае супрацоўніцтва і гандаль з Беларуссю, і гэта прымушала заплюшчваць вочы на тое, наколькі крывавы дыктатар кіруе суседняй краінай. Прынамсі, праз тое, што ў некалькіх пазіцыях (ад паліва да шкла) імпарт з Беларусі быў адзінай альтэрнатывай пастаўкам з РФ.

Цяпер гэтых аргументаў не існуе.

Гандаль практычна адсутнічае, а па ключавых для Украіны кірунках адсутнічае цакам. Анэксію Крыма Лукашэнка падтрымаў яшчэ летась, калі публічна прызнаў паўвостраў расейскім. Пытанне аб вайсковым супрацоўніцтве Менска і Масквы знятае канчаткова.

Вядома, уцягванне Беларусі ў вайну можа быць яшчэ больш поўным, але гэта ўжо не залежыць ад стасункаў з Кіевам. Беларускія войскі не ўдзельнічаюць у наземным нападзе, але зусім на іншыя прычыны.

Па-першае, праз тое, што войска Лукашэнкі не гатовае да баявых дзеянняў на чужой тэрыторыі, а па-другое — праз адсутнасць падтрымкі агрэсіі ў грамадстве (праз што значныя страты беларускіх вайскоўцаў або масавы пераход на бок Украіны могуць пацягнуць за сабой нават аднаўленне масавых пратэстаў).

Рэжым Лукашэнкі ўсведамляе гэтыя праблемы і спрабуе іх унікнуць. Беларускае войска ўвесь час праводзіць вайсковыя вучэнні, а беларуская прапаганда без прыпынку спрабуе дэгуманізаваць украінцаў, узмацніць нянавісць да іх у грамадстве. На шчасце для нас, такая падрыхтоўка дагэтуь не дала неабходных вынікаў Лукашэнку і Пуціну.

Але меркаваць, што гэта адбываецца праз захаванне дыпламатычных стасункаў з Менскам, было б памылкай.

Афіцыйны Кіеў ужо дапускаў гэтую памылку раней, за Парашэнкам.

З 2014 года Кіеў рабіў выгляд, што вайны з Расеяй няма.

Мы не разарвалі стасункі з РФ ні пасля Ілавайска, ні пасля Дэбальцава, ні пасля падзей паблізу Керчанскай пратокі ў 2018 годзе (тады «ЕўраПраўда» публікавала аналагічны editorial). Гэта не прадухіліла ніводную наступную эскалацыю. Адзінае, чаго мы гэтым «дасягнулі» - гэта замацаванне на міжнародным узроўні тэзы аб тым, што вайна з РФ нейкая несапраўдная, бо інакш аб паўнавартасных дыпламатычных стасунках не магло ісці гаворкі.

Цяпер мы паўтараем гэты шлях з Беларуссю. Захаванне стасункаў з Менскам стварае ілюзію, што Кіеў гатовы да іх аднаўлення (у першую чаргу эканамічных, але не толькі), як толькі скончыцца актыўная фаза вайны.

Рэдактарам ЕП ужо даводзілася чуць пытанне аб гэтым ад дружалюбных дзяржаў ЕЗ. І чым далей - тым часцей яно будзе ўзнікаць.

Між тым, на мінулым тыдні Украіна разарвала стасункі з Сірыяй у адказ на дыпламатычнае прызнанне Данбаскай недарэспублікі. Але чаму такая логіка не працуе ў стаўленні да Беларусі, якая зрабіла значна больш варожых крокаў супраць нашай дзяржавы?

Украіна павінная разарваць стасункі з рэжымам Лукашэнкі.

Вядома ж, разрыў дачыненняў не павінен быць самамэтай. Украіне даўно патрэбная новая палітыка.

Зусім нармальна зрабіць палітычную заяву, што мы разрываем сувязі з нелегітымным дыктатарам, а не з беларускім грамадствам, бо прэзідэнт Зяленскі неаднаразова падкрэсліваў розніцу паміж імі. А адначасова – вызначыць, прынамсі, для сябе, хто будзе выразнікамі інтарэсаў гэтага грамадства.

Таксама Кіеў павінен нарэшце вызначыцца, што рабіць з тымі беларусамі, якія знаходзяцца на тэрыторыі Украіны - пры якіх умовах іх знаходжанне прымальнае.

Шукаць адказы на гэтыя пытанні складаней, чым проста заплюшчваць вочы на беларускую агрэсію супраць нашай дзяржавы.

Але гэтаму дзіўнаму становішчу трэба нарэшце пакласці канец. І зрабіць гэта як мага хутчэй.

Зацягванне не дае Кіеву ніякіх плюсаў і толькі пагаршае выклікі.

Напісаць каментар 35

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках